Фінансы паступілі, цяпер за работу!

154

На календары — апошні месяц зімы. І ўсё больш актуальным становіцца пытанне падрыхтоўкі  тэхнікі і прычапнога інвентару, і ў першую чаргу, зразумела, да вясенняй  пасяўной кампаніі. Тым больш, што часу для раскачкі ўжо не засталося. Аб тым як абстаяць на сёння справы з рамонтам сельгасмашын у гаспадарках раёна папрасіў расказаць першага намесніка начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу К. М. Грышчука:

— Адназначную ацэнку даць  пакуль нельга. Многае залежыць ад фінансавага стану таварыстваў. Калі ў такіх з іх, як «Занарацкі», «Нарацкая ніва-2004», «Свір-Агра», рамонтныя работы актыўна вядуцца, дык у таварыствах «Лук’янавічы», «Слабодская зара» сітуацыя менш аптымістычная. Хаця, канечне, стараюцца варушыцца паўсюдна. А найперш рамантуюцца глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты. У гаспадарках  распрацаваны  адпаведныя графікі, складзены дэфектныя ведамасці.

— Канстанцін Міхайлавіч, а што рабіць тым, у каго  на дадзены момант кішэня пустая? Бо любы графік, як вядома, патрабуе фінансавага падмацавання…

— Якраз тут становішча змянілася да лепшага. З абласнога бюджэту для сельскагаспадарчых арганізацый нашага раёна  на першае паўгоддзе выдзелены сродкі ў памеры 965 мільёнаў рублёў на патанненне рамонту трактароў, камбайнаў, выкананне іншых відаў работ.

— Цяпер застаецца правільна распарадзіцца гэтай сумай?

— Частка сродкаў (175 мільёнаў) цэнтралізавана будзе паступаць праз  абласны аграсэрвіс для закупкі масла, фільтраў, правядзення абслугоўвання трактароў і самаходнай тэхнікі. 235 мільёнаў выдзяляецца для рамонту энерганасычаных трактароў «К-700» у 6 гаспадарках. Гэта тэхніка мае вялікі амартызацыйны знос, таму выкарыстоўвалася не эфектыўна з-за дарагавізны рамонту. Але яшчэ запатрабаваная. Напрыклад, на трамбоўцы падчас нарыхтоўкі кармоў, а таксама можа працаваць з чызелямі, на ўзорванні глебы, дыскаванні. Пойдуць сродкі на набыццё запасных частак для аднаўлення трактарных рухавікоў і каробак перадач, рамонт камбінаваных глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў. Не застанецца па-за ўвагай кормаўборачная і збожжаўборачная тэх­ніка. Зазначу, што, у сваю чаргу, моцныя маразы стрымліваюць тэмпы работ у майстэрнях. Але пры належнай арганізацыі працы і фінансавай падтрымцы з абласнога бюджэту ёсць усе падставы прыйсці да старту вясенняй пасяўной у поўнай гатоўнасці.

— Якія ўстаноўлены канкрэтна тэрміны?

— На працягу лютага-сакавіка ў гаспадарках павінна быць стопрацэнтная гатоўнасць тэхнікі так названай «першай лініі»: плугі, глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты. А ўжо другі этап — падрыхтоўка кормаўборачнай і збожжаўборачнай тэхнікі.

— Але ж, каб было што ўбіраць, трэба, найперш, як след пасеяць!

— Менавіта так. Летась, да прыкладу, узнікалі пытанні па тэхналогіі сяўбы. Найбольш у тых гаспадарках, дзе ўраджайнасць аказалася вельмі нізкай. Гэта акцыянерныя тава­рыствы «Слабодская зара», «Лук’яна­вічы», «Зані». Гэтым гаспадаркам сёлета надаецца асаблівая ўвага. Будуць, у прыватнасці, створаны аператыўныя выязныя групы для  кант­ролю і аказання метадычнай дапамогі. І ў цэлым у раёне вя­дзецца за­раз актыўная работа па падрыхтоўцы насеннага фонду, складоў, назапашванні мінеральных угнаенняў. Трэба павя­лічваць тэмпы і на вывазцы арганікі. Вырашаюцца таксама пытанні па забеспячэнні палівам і шэраг ін­шых.

Аляксандр БЫКАЎ.