Больш упэўненасці і аптымізму

136

Больш упэўненасці і аптымізмуСЕЛЬСКАГАСПАДАРЧЫ год завершаны. Аказаўся ён для аграпрамысловага комплексу Мядзельшчыны даволі складаным. Тэмп росту валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах па выніках работы чакаецца ў межах 85 працэнтаў. У прыватнасці, значна недабралі збожжа, аб чым ужо гаварылася раней. Мінусуем практычна па ўсіх паказчыках і ў жывёлагадоўлі. Выконваем толькі заданне па нарошчванні пагалоўя. Сярэдні надой малака ад каровы склаў па раёну 3030 кілаграмаў. Найбольшы гэты паказчык у НП “Нарачанскі” — 5173 кілаграмы, у акцыянерным таварыстве “Сваткі” — 4774 кілаграмы. Варта адзначыць і акцыянернае таварыства “Мядзельскае аграпрамэнерга”, дзе самая высокая таварнасць малака — 93,4 працэнта. Гаспадаркі рэалізавалі ўсяго 20469 тон малака, што склала 82,8 працэнта. Істотна паўплываў на вытворчасць малака недахоп кармоў у стойлавы перыяд, каровы выйшлі з зімы ў запушчаным стане. Сур’ёзна недапрацавалі і ў пытаннях узнаўлення дойнага статка. Па году недабяром дзесьці тысячу цялят. Сярэднясутачныя прывагі жывёлы хоць і павялічваюцца, але зноў жа, недастатковымі тэмпамі. Прывагі БРЖ склалі 501 грам (усяго плюс 7 грамаў да мінулага года) у тым ліку за кастрычнік — 480 грамаў. Тут лепшых вынікаў дасягнулі зноў жа ў НП “Нарачанскі” (615 грамаў), а таксама ў таварыствах “Будслаўскае” і “Занарацкі” (597 і 543 грамы адпаведна). На 19 грамаў па году дабавілі па прыбаўленні ў вазе свіней. А лепшы паказчык дасягнуты ў філіяле СК “Брусы” Вілейскага камбікормавага завода” — 552 грамы.

Разам з тым, сёлета нямала зроблена ў сельскагаспадарчых арганізацыях па мадэрнізацыі вытворчасці з укараненнем энергазберагаючых тэхналогій. Так, у раслінаводстве для росту таварнай прадукцыі павялічаны пасяўныя плошчы пад рапс і кукурузу на зерне. Ішла работа на перспектыву і ў жывёлагадоўлі. Для канцэнтрацыі і нарошчвання вытворчасці створана прадпрыемства па выпуску, перапрацоўцы і рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі, якое аб’яднала акцыянерныя таварыствы “Занарацкі” і “Міжазёрны край”, каўбасны цэх “Нарачкурортгандлю” і магазіны. А нядаўна тут здадзены ў эксплуатацыю малочнатаварны комплекс “Міціненты” на 600 галоў. Акрамя гэта, у раёне завершана рэканструкцыя адзінаццаці фермаў з даільнымі блокамі, што дазволіць павялічыць вытворчасць і рэалізацыю малака гатунку “экстра”.

Важна было ўлічыць пралікі мінулай зімоўкі і забяспечыць жывёлу паўнацэнным рацыёнам. Плённа папрацавалі гаспадаркі Мядзельшчыны на нарыхтоўцы кармоў, назапасілі больш сенажу і сіласу — 117 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Хаця з канцэнтратамі чакаюцца праблемы. Некаторыя гаспадаркі проста неплацежаздольныя і не могуць іх набыць, ды і свайго зерня не маюць.

Тым не менш, дзякуючы той жа рэканструкцыі фермаў маем падставу разлічваць у жывёлагадоўлі на станоўчыя зрухі. Няхай і не заўтра, бо патрэбна, каб да новых тэхналогій і людзі прывыклі, і жывёла. Але ўжо дзесьці ў другім квартале наступнага года пэўны вынік павінен быць. Для больш эфектыўнага вырашэння перспектыўных пытанняў, звязаных з узнаўленнем дойнага статка, створаны тэхналагічныя групы ў складзе прадстаўнікоў вет- і племстанцый, упраўлення райсельгасхарчу. Яны праводзяць раннюю дыягностыку цельных кароў, заці¬каўлена ўнікаюць, а калі ўзнікае неабходнасць, умешваюцца ў вытворчыя справы (як, напрыклад, на комплексе таварыства “Будслаўскае”, дзе давялося тэрмінова выпраўляць становішча), праводзяць адпаведную работу з тэхнікамі-асемянатарамі, іншымі спецыялістамі заатэхнічнай службы гаспадарак.

Правільна кажуць: кадры вырашаюць усё. Нягледзячы на пэўны іх дэфіцыт, у сферы АПК маецца надзейны касцяк, здольны на вырашэнне самых складаных, адказных задач. Што і дазваляе з надзеяй глядзець у дзень заўтрашні. Карыстаючыся момантам, шчыра віншую са святам усіх работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці! Здароўя вам і дабрабыту! А яшчэ аптымізму і ўпэўненасці. Каб, як кажуць, быў бляск у вачах, не пакідала вера ў свае сілы.

Д. КАЛЯСЕНЬ.

Начальнік упраўлення райсельгасхарчу.