Асцерагайцеся афрыканскай чумы свіней

129

Асцерагайцеся афрыканскай чумы свінейПАВАЖАНЫЯ грамадзяне Мядзельскага раёна! Па даных Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь 21 чэрвеня 2013 года на тэрыторыі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці зарэгістраваны выпадак узнікнення афрыканскай чумы свіней.

Афрыканская чума свіней (АЧС) — захворванне, якое праходзіць у вострай форме і характарызуецца хуткім цячэннем і высокай смяротнасцю (98-100%). Для чалавека хвароба небяспекі не ўяўляе. Асноўным рэзервуарам і пераносчыкам афрыканскай чумы свіней з’яўляюцца дзікі, якія ў пошуках кармоў пераадольваюць значныя адлегласці, падыходзяць блізка да пасеваў сельскагаспадарчых культур, агародаў, сельскагаспадарчых пабудоў, дамоў. Сярод іх могуць быць і інфіцыраваныя вірусам АЧС жывёлы. Перыяд з моманту заражэння свіней да праяўлення выражаных клінічных прыкмет захворвання складае ад 2 да 21 сутак.

У сувязі з пачаткам нарыхтоўчага сезона лясной прадукцыі (ягад, грыбоў, лекавых траў) існуе высокая верагоднасць пераносу і пападання ўзбуджальніка АЧС праз абутак чалавека на асабістыя падворкі, у хлявы, дзе ўтрымліваецца хатняя жывёла.

Упраўленне ветэрынарыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама з мэтай прафілактыкі і недапушчэння пападання віруса афрыканскай чумы свіней, трыхінэлаў і іншых узбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў успрымальным да хваробы жывёлам (хатнім свінням), рэкамендуе пры наведванні лясных масіваў абыходзіць месцы прабывання дзікоў. Пры выхадзе з лесу патрэбна змяняць абутак, а выкарыстаны — пасля памыць і прадэзінфіцыраваць. Перад уваходам у хлеў, дзе ўтрымліваюцца свінні, зрабіць падушку ці дыванок, запоўнены дэзінфіцыруючым растворам (3%-ным растворам едкага натрыю (каўстычнай соды), 1,5%-ным растворам фармальдэгіду, 5%-ным растворам хлараміну, растворам “Тубісану” ці іншым дэзінфіцыруючым сродкам, зарэгістраваным у Рэспубліцы Беларусь. У адваротным выпадку спыніць далейшае распаўсюджанне афрыканскай чумы свіней будзе даволі складана. Дарэчы, мяса ад падворкавага забою дамашняй жывёлы, у тым ліку ад дзікоў, павінна абавязкова прайсці ветэрынарна-санітарную экспертызу.

А. БРУХАН.

Намеснік начальніка ўпраўлення ветэрынарыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама.