Адзін з клопатаў — зябліва

130

Адзін з клопатаў - зябліваБАДАЙ адзін з галоўных клопатаў зараз у гаспадарках раёна — уздым зябліва. Яно не сакрэт: чым больш падрыхтуеш плошчаў з восені пад яравую сяўбу, тым менш турбот будзе вясной, калі на палетках і так работы хоць адбаўляй. У мінулы аўторак наведаліся ў ААТ “Будслаўскае”, пацікавіліся ў галоўнага агранома таварыства Франца Томкавіча, як арганізаваны гэты важны працэс, закранулі і іншыя пытанні агранамічнай службы.

— Нам неабходна ўзняць пад яравую сяўбу прыкладна паўтары тысячы гектараў глебы, — расказвае Франц Мечыслававіч. — На ўзорванні працуюць вопытныя механізатары Валянцін Канопскі, Казімір Цівунчык і Уладзімір Нарэйка на “МТЗ-1221” з плугамі “ППМ 4-40”. У Франца Грыневіча трактар “Фэндт-930” з васьмікорпусным плугам. На тарфяніках плануем задзейнічаць цяжкую дыскавую барану “БДМ-2,5”. Гэту работу будзе выконваць механізатар Аляксандр Нікалаеў на трактары “Беларус-3022”. Пры неабходнасці можам падключыць і рэзерв — яшчэ адзін такі ж з васьмікорпусным плугам і два “МТЗ-1221” з чатырохкорпуснымі. Так што, тэхнікі дастаткова. І хлопцы справу сваю ведаюць. Асноўная праблема — недахоп паліва, што часам стрымлівае тэмпы. Сёння з агульнага аб’ёму пасяўных плошчаў узарана 300 гектараў. Так што, работы наперадзе яшчэ шмат. У прынцыпе, за лістапад можна ўправіцца. Абы салярачка была!— А ўвогуле, Франц Мечыслававіч, якія планы на вясну?

— Адразу скажу пра азімыя. Мы пасеялі 840 гектараў збожжавых культур, 150 — рапсу. І каля 800 гектараў складзе яравы клін.

З рамонтам глебаапрацоўчай тэхнікі, думаю, управімся, як і раней, у вызначаны тэрмін. Унеслі з восені калійныя ўгнаенні, ёсць азотныя для падкормкі. Практычна гатовы насенны матэрыял, цяпер завяршаем ачыстку канюшыны. А вось з арганікай праблема з-за таго ж дэфіцыту паліва. Праўда, пад азімую сяўбу вывезлі 12 тысяч тон. Трэба будзе неяк рупіцца і на вясну, бо на адных мінеральных угнаеннях не выедзеш. Да таго ж, падкісляецца глеба, гумус змяншаецца…

Пацікавіўся ў агранома, як у гаспадарцы ўпарадкавалі кукурузу. У прыватнасці тую, што пакідалі на зерне.

— Ураджайнасць у сярэднім склала 70 цэнтнераў з гектара, — адказвае Франц Мечыслававіч. — Намалацілі з 40-гектарнага ўчастка 280 тон. Зерне самі не дапрацоўваем, а практычна ўсё адразу рэалізоўваем на Мінскую птушкафабрыку. Прыбытак не такі і малы. Менавіта з гэтых грошай зарплату выплацілі ў гаспадарцы за верасень. Заклалі таксама каля 9 тысяч тон спажыўнага кукурузнага сіласу. Так што, з кармамі будзем. А іх толькі для аднаго нашага комплексу з круглагадзічным утрыманнем жывёлы патрабуецца нямала. Летам, да прыкладу, ішло для грамадскага статка каля 1000 тон зялёнай масы штомесячна!

Не падвёў будслаўчан і бульбяны палетак. Сярэдняя ўраджайнасць, як патлумачыў Франц Томкавіч, склала 200 цэнтнераў з гектара. Асабліва парадавалі такія сарты як “уладар” і “скарб”, якія далі больш за 300 цэнтнераў з гектара. Асноўнай ўдарнай сілай на ўборцы клубняў былі школьнікі. І не толькі Будслаўскай СШ. Прыязджалі на дапамогу вучні з Мядзела, Пузыроў, Старых Габаў, Крывічоў. Шчыравалі таксама ў барознах гараджане па накіраванні цэнтра занятасці насельніцтва. А на пераборцы былі задзейнічаны мясцовыя пенсіянеры. Так, агульнымі намаганнямі, і ўправіліся. Частку бульбы рэалізавалі на сельскагаспадарчых кірмашах у райцэнтры і к. п. Нарач, вазілі на продаж у Глыбокае, на крухмальны завод у Весялова. І трэба дадаць, што попытам будслаўская бульбачка карысталася.

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: механізатар Франц Грыневіч.

Фота Георгія Прысмакова.