Адны разлічыліся з дзяржзаказам, другія — марудзяць

230

resize-of-p8090003Як патлумачыў галоўны дзярж­інспектар па закупу і якасці сельгаспрадукцыі А. У. Булыга, па стану на 9 жніўня на адрас  ААТ «Маладзечанскі хлебапрыёмны пункт» з гаспадарак раёна па­ступіла 2390 тон збожжа, што складае 51,7 працэнта ад задання. Такое становішча задаволіць не можа, тым больш, што была пастаўлена задача разлічыцца з дзяржавай да 10 жніўня.

— Найлепш на гэтым фоне вы­глядаюць хлебаробы СВК «Свір­скі край», — сказаў Аляксандр Уладзіміравіч, ­- яны рэалізавалі дзяржаве 91,8 працэнта збожжа ад запланаванага і да та­го ж здалі на 150 тон больш харчовай пшаніцы. У СВК «Занарацкі» аналагічны паказчык складае 84,5, УП «Віш­неў­скае-агра» — 83,1, у АСП «Вузлянка» — 81,7 працэнта. Дарэчы, перавыканалі план на 45 тон па пшаніцы і ў СВК «Між­азёрны край». А вось, да прыкладу, з СВК «Лук’я­навічы» на сённяшні дзень не паступіла на хлебапрыёмны пункт ні адной тоны збожжа. Яно забракавана па прычыне засмечанасці, а таксама наяўнасці спарынні. Толькі на 7 працэнтаў выканалі план ва УП «Габы-агра», на 10,6 працэнта — у ААТ «Мядзельскае аграпрам­энерга». Не атрымалі пшаніцы адпаведнага стандарту ў СВК «Слабодская зара» і «Зані».

Усё харчовае жыта з гаспадарак Мядзельшчына (і частка з суседніх раёнаў) паступае на Кня­гінінскі вытворчы ўчастак ААТ «Вілейскі камбікормавы завод». На раніцу 9 жніўня сюды было дастаўлена 2061 тона збожжа, пры плане 3500 тон.

—  Першымі выканалі заданне хлебаробы АСП «Вузлянка», — расказаў пры сустрэчы начальнік участка Э. Б. Радзевіч. — Яны даставілі 243 тоны жыта пры плане 180 тон.  Можна адзначыць СКП «Беларусь» і УП «Вішнеўскае-агра», дзе таксама паспяхова справіліся з рэалізацыяй харчовага жыта. Што датычыць нашага калектыву, праблем ніякіх няма. Летась, напрыклад, здаралася па 1600 тон збожжа за дзень дастаўлялі, а сёлета 600-700 тон у сярэднім. Дасушваць даводзіцца няшмат. А калі трэба, заўсёды напагатове сушылка «СЗК-10», якую абслугоўваюць пазменна  машыністы Віктар Гурскі і Аляксандр Святоха, а таксама Міхаіл Клімовіч і Аляксандр Лакуцэвіч. Яна працуе на дрывах, якія прывозім з Нацыянальнага парку «Нарачанскі».

Хапае, як заўсёды, клопатаў у загадчыцы лабараторыі К. Р. Жаўняровіч і яе падначаленых.

— Адна з праблем, — нагадала Кацярына Рыгораўна, — вялікая колькасць спарынні. Правяраць даводзіцца літаральна кожную машыну са збожжам, і нярэдка адпраўляем не разгружанай у зваротны шлях. У харчовым жыце і трыцікале дапускаецца ўсяго 0,25 працэнта спарынні. А калі гэты паказчык складае 0,5 працэнта, такое збожжа можам прыняць толькі на фураж. Пры дадатковай да­працоўцы сітуацыю можна вы­правіць. Трэба ведаць, што спарыння ўтрымлівае галюцагенныя рэчывы і, увогуле, адмоўна ўплывае на якасць хлебных вырабаў, таму і прад’яўляюцца такія строгія патрабаванні. Дарэчы, выяўляем у па­ступаючым збожжы і жучкоў-шкоднікаў. З’яўляюцца яны там, дзе дрэнна пачысцілі сушылкі, склады, пляцоўкі для складзіравання ўра­джаю. Нярэдкая з’ява — засмечанасць збожжа. І ў першую чаргу гэта датычыць УП «Габы-агра».

Як заўважыла К. Р. Жаўняровіч, на жаль,  не ўсе кіраўні­кі з разуменнем ставяцца да атрыманых заўваг па якасці іх прадукцыі і замест таго, каб хутчэй выправіць сітуацыю, пачынаюць нікому не патрэбныя спрэчкі, вы­святленне адносінаў. Такія паво­дзіны, канечне, не на карысць агульнай справы. Продаж хлеба дзяржаве працягваецца і, думаецца, з гэтым пачэсным заданнем хлебаробы Мядзельшчыны неў­забаве справяцца.

Аляксандр БЫКАЎ.


Фота Таццяны Несцярэнка.