Ад кірмаша чакалі большага

207

resize-of-pa020045Мінулай суботай каля 9 гадзін раніцы сустрэў знаёмага мядзяльчаніна, які ў гэты час ужо вяртаўся дадому з гарадскога рынку.

— Чаму ж вы крочыце з пустымі рукамі? — спытаў.

— Хацеў набыць бульбачкі  і ячменю для курак, ды не прывезлі пакуль нічога з гаспадарак…

Сапраўды, кірмаш, што абяцаўся быць значна багацейшым за папярэдні, уражанне пакінуў далёка не лепшае. Бульбу ў гэты дзень прывезлі адны будслаўчане. Папулярную «журавінку» гараджане зноў разабралі літаральна за паўгадзіны. Астатнія дарэмна чакалі прыбыцця дадатковых машын, у тым ліку, і з мясной прадукцыяй. А павінны былі, у прыватнасці, даста­віць свініну з ААТ «Мядзель­скае аграпрамэнерга», ялавічыну —
з СВК «Лук’янавічы». Не падвялі толькі слабадчане, якія другі раз ужо прывезлі збожжа. Праўда, цяпер не ячмень, а трыцікале. Але жадаючых яго набыць, як можна здагадацца, аказалася значна больш…

У нейкай ступені выручыла мядзяльчан нарыхтоўчая кантора. Шчасліўчыкам да­сталася капуста (белакачанную закуплялі ў насельніцтва), была ў продажы і бульба, таксама буракі, цыбуля, яблыкі. А непадалёку выстраілася чарга за свежай рыбай: нарасхват ішлі апетытныя карпы, таўсталобікі, карасі.

— Адкуль рыба? — пытаюся ў прадаўца.

— З Нясвіжа…

Яно няхай і адтуль. Але міжволі падумалася: «А дзе ж  прадукцыя вадаёмаў (зусім не бедных!) нашага Нарачанскага краю?».

А вось вытворцы УП «Ілаўскае» не пале­нава­ліся адправіцца ў Мядзел. У іх аўтафургоне аказаўся даволі шырокі асартымент вырабаў. У прыватнасці, сокі, варэнне, павідла, чыпсы. І ўсё — з натуральных, як кажуць, інгрэдыентаў.resize-of-pa020048

Асобныя, каб задаволіць свой імпэт, спынялі­ся каля ларка з шыльдай «Бяспрой­грышная латарэя». Канечне, хапала там усялякай драбязы, асабліва пацешыць цікавасць дзяцей.  Ды ў большасці, як вядома, людзі прыйшлі на кірмаш, каб прыдбаць нешта да стала, на зіму назапа­сіцца. Наколькі ім гэта ўдалося, самі разважце.

Добра, што самадзейныя артысты наладзілі канцэрт на імправізаванай  пляцоўцы. А  завіталі яны на кірмаш з Лотвы, Старых Габаў, Заняў і Слабады, а таксама Старамядзель­скага Дома вольнага часу. Вясёлымі песнямі і жартамі выканаўцы пастараліся ўзняць настрой тым, хто вырашыў resize-of-pa020057спыніцца, каб іх паслухаць.

Застаецца дадаць, што таксама ў мінулую суботу ў курортным пасёлку Нарач гандляваў бульбай СВК «Міжазёрны край», а СВК «Зані» — ялавічынай, СК «Брусы» — свінінай.

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымках: 1. Прапануе прадукцыю нарыхтоўчая кантора; 2. Са смачнымі чыпсамі вытворчасці УП «Ілаўскае» Аня Чарняўская і Ксенія Малевіч; 3. Сама­дзейныя артыс­ты Мядзельшчыны перад выхадам на сцэну.

Фота Таццяны Несцярэнка.