А за рапсам — ячмяні …

137

А за рапсам — ячмяні …КОЖНЫ хлебаробскі сезон распачынаецца, як правіла, з уборкі рапсу. Гэта як прэлюдыя перад асноўнай дзеяй на збожжавым палетку. І, вядома ж, поспех справы ў многім залежыць ад таго, якім атрымаецца старт. Аднымі з першых выйшлі на рапсавае поле хлебаробы акцыянернага таварыства “Сваткі”. У мінулы аўторак раніцай наведаліся ў гаспадарку. Галоўнага агранома Т. У. Мінчук адшукалі на тэрыторыі машыннага двара. Тут якраз камбайнеры рыхтавалі свае машыны да чарговага працоўнага дня.

— Выйшлі нашы хлопцы ў поле 11 ліпеня, — пачала Тамара Уладзіміраўна. — Гэта былі сямейны экіпаж Уладзіміра Швайкоўскага (ён працуе сёлета разам з жонкай Аксанай) і Яўгена Сівіцкага з памочнікам Андрэем Гусаковым.Убіралі рапс адразу ля вёскі Няверы, на выбарачных плошчах. Потым падключыліся экіпажы Сяргея Звяругі і Пятра Рацэева. За першыя пяць дзён управіліся на 50 гектарах, намалацілі сто тон рапсу. Сорак пяць з іх здалі на Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў у залік дзяржзаказу. А ўсяго гэтай культуры ў гаспадарцы 250 гектараў. Так што, яшчэ давядзецца папрацаваць шмат. Сустракаюцца падгарэўшыя ўчасткі, але ў цэлым віды на ўраджай нядрэнныя, 25 цэнтнераў з гектара ў сярэднім павінны атрымаць. Хутка пачнецца і ўборка збожжавых. На падыходзе ўжо раннія ячмяні. І калі надвор’е паспрыяе, праз дні чатыры, таксама выбарачна, пачнём жаць.

Як патлумачыла далей Т. У. Мінчук да галоўнага хлебаробскага старту ўсё гатова: і тэхніка, і людзі. Як звычайна на жніве будуць задзейнічаны 7 камбайнаў.

— Хлебаробы настроены на плённую працу, каб своечасова і без страт ўбраць вырашчанае, — сказала Тамара Уладзіміраўна. — Тым больш, затым пачнуцца новыя клопаты. Бо, як вядома, толькі камбайн з поля — плуг у баразну! Дарэчы, ужо ўзаралі 50 гектараў пад сяўбу азімага рапсу. Гэту работу выканаў механізатар Мікалай Субач. Думаю, што і надалей справы будуць ладзіцца. Усе падставы для гэтага ў нас ёсць.

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: сямейны экіпаж Швайкоўскіх перад выхадам у поле.

Фота Ігната Лубнеўскага.