У КРЫВІЦКАЙ сярэдняй школе не так даўно з’явілася ўласная
трэнажорная зала. Мае яна прывабны выгляд, аснашчана сучасным абсталяваннем. Тут можна і “веласіпед” пакруціць, і штангу пацягаць, выканаць іншыя сілавпрактыкаванні. Што з ахвотай і прадэманстравалі вучні, калі мы наведаліся туды. Для хлопчыкаў і дзяўчынак гэта цудоўны падарунак, які, спадзяёмся, яны выкарыстаюць спаўна.
Сродкі на набыццё абсталявання выдзеліў раённы выканаўчы камітэт, а таксама акцыянернае таварыства “Пруднікі-Агра”.Не апынуліся ў баку ад важнай справы і мясцовыя прадпрымальнікі (а іх у пасёлку нямала) — аказалі фінансавую дапамогу для ўладкавання самой залы. Трэба ж было і жалюзі для акон набыць, і той жа каўралін, каб паслаць на падлогу.
Дарэчы, займацца на трэнажорах могуць не толькі вучні, але і дарослыя крывічане. Што, безумоўна, будзе садзейнічаць іх далучэнню да здаровага ладу жыцця. А праблема гэта сёння, як вядома, злабадзённая.
На здымках: 1. Круціць “веласіпед” Віка Шпак; 2. Андрэй Пятроўскі выконвае практыкаванні са штангай; 3. 4. Іншыя вучні Крывіцкай школы ў спартыўнай зале.
Аляксандр БЫКАЎ.
Фота Георгія ПРЫСМАКОВА.