«Мядзельская лыжня-2018»

219

«Мядзельская лыжня-2018»РАЁННАЕ спартыўнае свята «Мядзельская лыжня-2018» прайшло ў мінулую суботу на лясной паляне непадалёку ад возера Запортава. Тут загадзя падрыхтавалі добрую лыжную трасу. Мерапрыемства арганізавалі на даволі высокім узроўні. Тэрыторыю, дзе збіраліся каманды, па-святочнаму аформілі, прыгатавалі лаўкі, каб можна было пераабуцца. Працаваў гандаль, з палявой кухні можна было пачаставацца духмянай юшкай і гарачай гарбатай. Побач сваю прадукцыю прапаноўвала «БелАсептыка». А наваколле напаўняла музыка, бы абуджаючы яго ад зімовай спячкі. Паўсюдна чуліся смех, жарты. Настрой ва ўсіх — прыўзняты.
Перад стартамі многія з задавальненнем прынялі ўдзел у акцыі «За здаровы лад жыцця», якую праводзілі супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі — урач-гігіеніст Кацярына Курачкіна і яе памочнік Святлана Даліба. Мэта акцыі — адмовіцца ад курэння. Належала забіць цвік у імітаваную цыгарэту, а за гэта атрымаць цукерку. Было б вельмі добра, каб многія пасля гэтага сапраўды кінулі курыць, пачалі актыўна займацца фізкультурай і спортам. Віктарыну на тэму «Здаровага ладу жыцця» праводзілі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь» і «БРСМ».
Гучыць каманда на пастраенне. Галоўны суддзя спаборніцтваў, галоўны спецыяліст аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Леанід Шыдлоўскі рапартуе намесніку старшыні райвыканкама Іне Барыевай пра гатоўнасць каманд
да пачатку спаборніцтваў.

«Мядзельская лыжня-2018»
Адкрываючы мерапрыемства, Іна Іванаўна шчыра павіншавала ўсіх прыхільнікаў здаровага ладу жыцця са спартыўным святам, пажадала ўдачы і поспехаў.
— А перамога дастанецца, як заўсё-
ды, мацнейшым. Але можна лічыць, што вы ўсе, хто тут знаходзіцца, пераможцы! Прыемна пабачыць, што сёння сабралася шмат каманд — усе такія прыгожыя, вясёлыя, бадзёрыя! Сюды вы прыехалі, каб найперш атрымаць станоўчыя эмоцыі, актыўна адпачыць, падзяліцца ўражаннямі, — дадала Іна Іванаўна. — У добры шлях!
Галоўны суддзя спаборніцтваў Леанід Шыдлоўскі аб’яўляе парадак выхаду на лыжную трасу.
Старт дадзены. Прыемна назіраць, як дзеці імкнуцца да перамогі. Вось хтосьці ўпаў, але не разгубіўся, хуценька ўстаў — і зноў наперад. Пакуль лыжнікі праходзяць дыстанцыю, гутару з прадстаўніком Княгінінскай школы Наталляй Пуняй.
— Наталля Віктараўна, бачу, вы — у спартыўнай форме, будзеце ўдзельнічаць у спаборніцтвах? — цікаўлюся. — І ўвогуле, з якім настроем прыехалі на свята?
— Настрой цудоўны! — бадзёра адказвае яна. — Люблю хадзіць на лыжах. Калі дырэкцыя школы прапанавала паўдзельнічаць, не адмаўлялася. Не стаўлю мэту абавязкова быць першай і вызначыцца…
Вядомы алімпійскі лозунг «Галоўнае не перамога, а ўдзел» меў месца і на «Мядзельскай лыжні». Тым не менш ішла бескампрамісная барацьба за дастойны вынік.

«Мядзельская лыжня-2018»
І вось фініш. Адзін за адным перасякаюць фінішную рысу юныя спартсмены. Першай з дзяўчынак фінішавала Дар’я Кімстач.
— Ці даўно займаешся лыжнымі гонкамі? — пытаюся.
— Трэці год. Наведваю спартыўную школу.
— Што адчувала, калі першай выйшла на фінішную прамую?
— Радасць.
— Хто за цябе хварэе, падтрымлівае?
— Трэнер Анатолій Вайцехавіч Пачкоўскі, — адказвае дзяўчынка.
А тым часам на старт запрашаюцца каманды прадпрыемстваў і арганізацый раёна: Мядзельскай ЦРБ, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, філіяла КУП «Мінскаблдарбуд»-«ДРБУ-133», райПО, санаторыя «Нарачанка», раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Гучыць стартавы выстрал — і лыжная траса ў распараджэнні эстафетных троек (кожная каманда складалася з двух мужчын і жанчыны). Першы круг — і лідзіруе прадстаўнік каманды ПМС. Ён хутка перадае эстафету сваёй калезе. Імкнуцца не саступаць лідарам і прадстаўнікі каманды жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Спаборніцтвы працягваюцца…
А вось на старт выходзяць каманды сельскіх Саветаў дэпутатаў і аддзелаў райвыканкама. Бескампрамісная барацьба разгарнулася паміж прадстаўнікамі Свірскага сельсавета і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Хто з іх выйдзе пераможцам — вызначаць суддзі. Але ніхто не палічыць, колькі на лыжні было перамог над сабой, калі недахоп фізічнай падрыхтоўкі кампенсаваўся неадольным жаданнем як мага лепш выступіць за свой калектыў.
«Мядзельская лыжня-2018»Майстэрства, жаданне перамагчы, ды і проста паўдзельнічаць у спаборніцтве прадэманстравалі педагогі Мядзельшчыны. Калі для настаўнікаў фізічнай падрыхтоўкі лыжныя гонкі — справа вядомая, то для некаторых педагогаў яны былі даволі напружанымі. Аднак ніхто не здаўся, усе з гонарам прайшлі вызначаную дыстанцыю.
Пакуль суддзі падводзілі вынікі, вызначалі пераможцаў, мікрафон быў у распараджэнні самадзейных артыстаў, якія падрыхтавалі канцэртную праграму. Гэта надавала добрага настрою.
І зноў пастраенне. Для ўзнагароджання дзяцей запрашаюцца намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева, дырэктар спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Андрэй Малько, кандыдат у майстры спорту па біятлоне, член нацыянальнай каманды, удзельніца першынства свету па біятлоне сярод юніёраў у эстонскім горадзе Атэля, еўрапейскіх юнацкіх алімпійскіх гульняў у Турцыі Кацярына Хацяновіч.
У адкрытым першынстве па лыжных гонках на дыстанцыі два кіламетры сярод юнакоў СДЮШАР трэцяе месца заняў Мікіта Малько, другое — Антон Смолка, першае — Мікіта Малевіч. Сярод юнакоў 2003-2004 года нараджэння трэцяе месца заняў Дзмітрый Ярчак, другое — Ягор Дземяшкевіч. А на вышэйшую прыступку п’едэстала запрашаецца Ілья Багалейша. Наступная тройка пераможцаў: трэцяе месца ў Івана Гарадзецкага, другое — у Багдана Шарохі, першае — ва Уладзіслава Шарохі. А вось сярод дзяўчат трэцяе месца прысуджана Дар’і Кадушкевіч, другое — Арыне Івашкевіч, першае — Дар’і Кімстач.
Затым пачынаецца ўзнагароджанне каманд-пераможцаў «Мядзельскай лыжні-2018». Трэцяе месца заняла каманда раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, другое — РВУП «Мядзельская ЖКГ», найлепшы вынік на лыжні паказала каманда ПМС у складзе Яўгена Смольскага, Наталлі Місуны і Віктара
Каралёнка. Сярод сельскіх Саветаў дэпутатаў трэцяе месца занялі лыжнікі з Нарачы, другое — з Будслава. А прадстаўнікоў Свірскага сельсавета (Андрэя Субача, Марыну Юзафовіч і Саўлюса Наркунуса) запрасілі на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару.
У групе «С» сярод аддзелаў райвыканкама і грамадскіх аб’яднанняў трэцяе месца заняла каманда аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, другое — раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», а каманда аддзела адукацыі, спорту і турызму ў складзе Андрэя Русака, Юліі Захарэвіч і Леаніда Шыдлоўскага паказала найлепшы вынік і заняла першае месца.
Сярод каманд групы «Д» (установы адукацыі, спорту і турызму) не было роўных прадстаўнікам СДЮШАР — Андрэю Малько, Наталлі Баран і Марату Баран. А вось другую і трэцюю прыступкі п’едэстала занялі адпаведна калектывы Мядзельскага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра і Мядзельскай сярэдняй школы №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. Усе прызёры былі адзначаны граматамі, а каманды, якія занялі першыя месцы ў сваіх групах, — кубкамі, граматамі і грашовымі прызамі.
— Мерапрыемства закончылася. Але спартыўнае жыццё на Мядзельшчыне працягваецца. Для гэтага створаны ўсе ўмовы, а яшчэ ёсць, як бачна, ваша жаданне і добры настрой! Думаю, што мы будзем яшчэ не раз сустракацца на зімовых, вясенніх, летніх спартыўных святах, каб даказаць, што мы выбіраем здаровы лад жыцця, — зазначыла Іна
Барыева. — Жадаю
ўсім здароўя і да новых сустрэч.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота
Аляксандра Высоцкага