Калі спорт — у сябрах

166

Калі спорт — у сябрахМОЙ суразмоўца — малады чалавек, прыгожы тварам і душой. Ён сціплы, ветлівы, тактычны. Вельмі любіць сваю работу і спадзяецца, што з гадамі юнацкія і дзявочыя валейбольныя дружыны ўсё ж такі заваююць вышэйшыя прыступкі прэстыжных спаборніцтваў. Па крайняй меры, такая мара і жаданне ў пачынаючага трэнера спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Андрэя Ігаравіча Русака, а размова ідзе менавіта пра яго, ёсць.

Андрэй родам з Мядзельшчыны: нарадзіўся і вырас у Сватках. Яшчэ падчас навучання ў мясцовай сярэдняй школе захапіўся спортам. Займаўся па сутнасці рознымі яго відамі. Але больш усяго яму падабаўся валейбол. Іх школьная дружына неаднойчы ў раёне займала прызавыя месцы. Давялося хлопцу выступаць і ў складзе раённай, абласной каманд. Нават тройчы абараняў гонар Міншчыны на рэспубліканскіх спаборніцтвах. За любоў да спорту юнак выказвае ўдзячнасць настаўнікам фізічнай культуры Сваткаўскай СШ Пятру Віктаравічу Маўчану і Але Львоўне Роўда. Дарэчы, нядрэнным валейбалістам быў і яго бацька.

Пасля заканчэння школы Андрэй не раздумваючы паступіў вучыцца ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Было гэта ў 2008 годзе. А ўжо ў 2012 — малады спецыяліст з дыпломам на руках вярнуўся на радзіму. А раз ён вучыўся па мэтавым накіраванні ад раёна, яго тут і чакала пасада трэнера па валейболе СДЮШАР. Незадоўга да яго прыезду ў нашым горадзе быў пабудаваны фізкультурна-аздараўленчы цэнтр “Мядзел”, на базе якога Андрэй Ігаравіч пачынае сур’ёзна займацца з дзецьмі валейболам.

— Работа мне вельмі падабаецца. Працаваць з падрастаючым пакаленнем заўсёды цікава, — прызнаецца мой суразмоўца. — Побач з дзецьмі, згадзіцеся, сумаваць немагчыма. Яны такія шчырыя, непасрэдныя. Праўда, вялікіх пос¬пехаў яшчэ пакуль няма, бо толь¬кі пачынаем асвойваць гэты від спорту. Варта памятаць і тое, што Мядзел — невялікі гарадок, і ў нас няма такой колькасці дзяцей для адбору, як у тых жа Маладзечне, Мінску. Варта засяродзіць увагу на тым, што многія хлопчыкі і дзяўчынкі па стану свайго здароўя нават не маюць магчымасці наведваць урокі фізкультуры, што не можа не хваляваць. Тым не менш, зараз пры ФАЦы створана 5 рознаўзроставых груп, з якімі займаюся. Пастаянныя трэніроўкі дазваляюць заўважыць здольных хлопцаў, якія пачынаюць выдзяляцца сярод сваіх равеснікаў — мэтанакіраванасцю, упартасцю, працавітасцю. Бачны першыя падзвіжкі і ў тэхніцы гульні. А таму веру, што з часам з маіх выхаванцаў будзе толк. Акрамя таго, са снежня па май працаваў па сумяшчальніцтве ў гімназіі-інтэрнаце г. Мядзел настаўнікам фізічнай культуры. Там не было спецыяліста, і мяне папрасілі весці ўрокі. Падчас навучання стараўся на сваім асабістым прыкладзе паказаць хлопцам і дзяўчатам, як важна весці здаровы лад жыцця і сябраваць са спортам.

— Цікава ўсё ж такі, а якому валейболу — класічнаму ці пляжнаму — вы самі аддаяце перавагу? — цікаўлюся ў Андрэя Ігаравіча. А ў адказ чую:

— Раней займаўся выключна класічным валейболам. З персанальнага вопыту ведаю, як важна быць камандай. Бо паспяхова можна згуляць толькі тады, калі ўсе дзейнічаюць як адно цэлае — згуртавана. А вось у пляжным валейболе толькі два ігракі, кожны з якіх адказвае за сябе і за сябра па гульні. Маім напарнікам па пляжным валейболе з’яўляецца Аляксандр Сторублёў. Ведаю яго з маленства. Нашы дамы ў Сватках стаяць непадалёку. Гэта і аднакласнік мой, і аднагрупнік, і надзейны сябар. Пасля вучобы крыху развёў нас лёс. Я застаўся ў Мядзеле, ён — у НДЦ “Зубраня”. Разам мы — сіла. А таму ёсць і адчувальныя поспехі.

Варта дабавіць, што маладым спецыялістам з’яўляецца і жонка Андрэя Таццяна. Яна таксама родам са Сватак. Разам з мужам вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Зараз працуе метадыстам у дзяржаўнай установе дадатковай адукацыі “Цэнтр турызму Мядзельскага раёна”. Яна па сутнасці першая памочніца і дарадчыца ў Андрэя. Мужа падтрымлівае ва ўсім. У жыцці гэта самае галоўнае. Калі ў сям’і мір, тады ўсё ладзіцца на рабоце і хочацца сапраўды горы звярнуць.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: трэнер СДЮШАР А. І. Русак.

Фота Аляксандра Высоцкага.