І вынікі нядрэнныя паказалі

155

І вынікі нядрэнныя паказаліУ МІНУЛУЮ суботу на базе НДЦ “Зубраня” прайшла спартакіяда работнікаў органаў дзяржкантролю.

— Удзел у спартакіядзе прымаюць каманды цэнтральнага апарату і шасці абласцей, — расказвае першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці Святлана Іванаўна Сакалоўская. — На спаборніцтвах шырока прадстаўлены многія віды спорту: стральба, плаванне, настольны тэніс, гіравы спорт, дартс, більярд, шашкі, лёгкая атлетыка і нават міні-футбол. У складзе судзейскай калегіі прафесіяналы галіны, а ў журы агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці на тэму: “Усе мы родам з дзяцінства”, — вядомыя культурныя дзеячы. Мэта мерапрыемства — арганізацыя актыўнага адпачынку супрацоўнікаў органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю, далучэнне іх да здаровага ладу жыцця, масавых заняткаў фізкультурай і спортам. Наколькі нам удалося ажыццявіць задуманае на практыцы, мяркую, вы, наведаўшы асобныя спаборніцтвы, самі ўпэўніцеся. Адзінае, што хачу дадаць, гэта падзякаваць кіраўніцтву Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” і асабіста Надзеі Генадзьеўне Ануфрыевай за выдатныя ўмовы, прадастаўленыя камандам для размяшчэння і арганізацыі спартакіяды.

Дарэчы, у склад каманды цэнтральнага апарату ўваходзіў і старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь А. С. Якабсон. Спадабалася, што Аляксандр Серафімавіч не толькі прысутнічаў на мерапрыемстве, але і ўдзельнічаў у асобных спаборніцтвах. Напрыклад, у стральбе з пнеўматычнага пісталета набраў 92 ачкі з 100 магчымых, чым прыемна здзівіў не мяне адну. Знайшоў кіраўнік дзяржкантролю краіны час і для нас, мясцовых журналістаў. Уразіла прастата Аляксандра Серафімавіча, яго прыязнасць і добразычлівасць. А пачуць ад яго давялося літаральна наступнае:

І вынікі нядрэнныя паказалі— Трэці год запар праводзім рэспубліканскія спартакіяды органаў дзяржкантролю, на якіх пастаянна прысутнічаюць каманды цэнтральнага апарату і ўсіх абласцей нашай рэспублікі. Радуе, што з кожным годам расце ўзровень спартсменаў-аматараў, іх шчырае жаданне сустрэцца, каб памерацца сіламі ў розных відах спорту. У каманд ёсць магчымасць не толькі праявіць сябе ў спорце, але і адпачыць у такім чароўным куточку Беларусі, пабачыць прыгажуню Нарач. А яшчэ і сустрэцца з калегамі, абмяняцца з імі думкамі, меркаваннямі. Такія спатканні на ўлонні прыроды, у звычайнай нязмушанай атмасферы дапамагаюць і больш даведацца адзін пра аднаго, і згуртаваць калектыў.

Адзначыў падчас размовы кіраўнік Камітэта дзяржкантролю рэспублікі вельмі высокі ўзровень арганізацыі спаборніцтваў, а на гэты раз была чарга Мінскай вобласці, і ўдала падабранае месца для правядзення мерапрыемства, і, вядома, добрую падрыхтаванасць каманд.

Засталося дадаць, што па выніках рэспубліканскай спартакіяды пераможцай стала каманда Віцебскай вобласці. Каманда цэнтральнага апарату Камітэта дзяржкантролю заняла другое месца, на трэцім — прадстаўнікі Гомельскай вобласці. У агульнакамандным заліку дружына Міншчыны была чацвёртай. Затое ў асобных відах, такіх як лёгкая атлетыка, плаванне сярод мужчын, дартс, настольны тэніс, гіравы спорт, атрымала ўпэўненую перамогу.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымках: моманты спаборніцтваў.

Фота Аляксандра Высоцкага.