Будаўнікі стартавалі першымі

210

resize-of-p9240ЯШЧЭ ў жніўні 2008 года распачаліся работы па ўзвядзенні фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры. Падрыхтавалі пляцоўку пад будынак, правялі частковы мантаж пад­мурка. На гэтым этапе фронт работ, можна сказаць, і завяршыўся. А вось з нядаў­няга часу аб’ект ізноў «ажыў». Адна за другой сталі вырастаць сцены, вымалёўвацца на яго тэрыторыі пад’язныя дарогі. Словам,  будаўніцтва ля гарадскога стадыёна атрымала размах…

— Пры ўзвядзенні комплексу, — расказвае начальнік ад­дзела па фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Антон Іосіфавіч Крыштафовіч, — выкарыстоўваюцца сучасныя будаўнічыя матэрыялы. Па архітэктурных і тэхналагічных характарыстыках будынак будзе зроблены ў сучасным стылі і згодна з устаноўленымі міжнароднымі стандартамі. У ім прадугледжана стварыць усе ўмо­вы для правядзення спаборніцтваў абласнога, рэспубліканскага і нават між­на­роднага ўзроўняў. У адна-двухпавярховым будынку, агульнай плошчай звыш васьмі тысяч квадратных метраў, адначасова змогуць займацца 270 чалавек. Да іх паслуг зробяць спартыўную залу з трыбунамі, разлічаную на 300 пасадачных месцаў, трэнажорна-барцоў­скую залу — на 20 чалавек, а таксама залу для правя­дзен­ня розных спартыўных гульняў, у тым ліку — вялікага і настольнага тэніса. Установяць трэнажоры замежнай і айчыннай вытворчасці. Аматары загара змогуць без праблем наведваць даўно ўвайшоўшы ў моду салярый. resize-of-rotation-of-p9240023Хочацца думаць, што гэтай па­слугай будуць карыстацца  многія жыхары Нарачанскага краю, асабліва жанчыны. Ну і які ж актыўны адпачынак без саўны, парыльні і басейна? Праўда, апошні разлічаны на дванаццаць чалавек. А вось па­сля ўвядзення комплексу ў эксплуатацыю плануецца прыбудаваць да яго яшчэ адзін на чатыры плавальныя дарожкі. Даўжыня яго складзе 25 метраў. Добрым дадаткам стануць душавыя кабінкі, пакой для адпачынку.

Будынак плануецца падключыць да цэнтральнага ацяплення.

Хто ж заняты на ўзвядзенні аб’екта і на якім этапе вядуцца работы цяпер? Пра гэта паці­кавілася ў прараба БВУ «Нарачпрафбуд» І. М. Радзевіча:

— На аб’екце задзейнічаны работнікі нашай арганізацыі, — тлумачыць Іван Мечыслававіч. — Працуем вахтавым метадам. На сённяшні дзень інтэнсіўна вядзецца цагляная кладка сцен, мантаж перамычак, пліт перакрыцця і лесвічных маршаў. Прыступілі і да апрацоўкі металаканструкцый вогнеахоўным складам. Але гэту работу выконваюць спецыялісты са Смаргоні. Як толькі закончаць апрацоўку, прыступім да мантажу каркаса.

Працуюць на аб’екце і меліяра­тары. Іх сілы скі­раваны на добраўпарадкаванне прылягаючай да будынка тэрыторыі. А дакладней на пракладванне пад’язных дарог, вадасцёкавых труб, разраўноўванне зямлі, прызначанай для стаянак аўтатранспарту. Пазней возь­муц­ца за ўкладку тратуарнай пліткі.

Нядаўна да іх падключылася і адна з брыгад муляраў рамонтна-будаўнічага ўчастка горада Мядзел. Узначальвае яе Часлаў Станіслававіч Пісарчык. Да канца года сіламі названых арганізацый плануецца выгнаць сцены, устана­віць металаканструкцыі, зра­біць дах. Унутраныя ж работы ў будынку і па добраўпарадкаванні тэрыторыі будуць ажыццяўляцца ў наступным годзе.

Трэба нагадаць і пра іх кошт. Па словах Антона Іосіфавіча, у будаўніцтва аб’екта плануецца інвесціраваць каля 14 мільярдаў рублёў. Грошы выдаткоўваюцца з абласнога бюджэту. А ў канцы бягучага года пачнецца рэканструкцыя гарадскога стадыё­на. Там установяць новыя трыбуны з сучаснымі пластыкавымі сядзеннямі на 1,5 тысячы месцаў. А састарэлую бегавую дарожку заменяць на новую, з сінтэтычным пакрыццём.

Увод аб’екта ў эксплуатацыю, пры аптымальным вядзенні будаўніцтва, разлічаны на лета наступнага года. Будзем спадзявацца, што ўжо зусім хутка аматары здаровага ладу жыцця ацэняць камфорт новага фіз­культурна-аздараўленчага комплексу!

Таццяна НЕСЦЯРЭНКА.

Фота аўтара.