Бажэна Мінчанкова: Спорт — маё прызванне, маё жыццё

285

ГЕРАІНЯ гэтай публікацыі, а размова ідзе пра настаўніка фізічнай культуры Сырмежскай базавай школы Бажэну Мінчанкову, — дзяўчына з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Маладога спецыяліста любяць дзеці, паважаюць калегі і бацькі. І сама яна стараецца высока несці званне педагога.

Бажэна нарадзілася на Пастаўшчыне. Але яе далейшы лёс звязаны з Мядзельшчынай. У першы клас пайшла ў школу ў вёсцы Камарова Свірскага сельсавета. Потым з шостага па дзявяты клас вучылася ў Свірскай СШ. Менавіта там задаткі будучай валейбалісткі заўважыў у дзяўчынкі настаўнік фізічнай культуры Юрый Шукела і прапанаваў заняцца гэтым відам спорту. Юрый Раманавіч ёй сказаў: “Калі будзе жаданне гуляць, усе прыёмы пакажу, усяму навучу”. Так і захапілася Бажэна валейболам. Удзельнічала ў спаборніцтвах не толькі ў школе, але і ў раёне, вобласці і нават у рэспубліцы.

Тады і мара ў яе з’явілася: стаць настаўнікам фізічнай культуры. Пасля заканчэння дзевяці класаў паступіла ў Гуманітарны каледж установы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”. Летась закончыла яго і па накіраванні прыехала на працу ў азёрны край. Апынулася ў Сырмежскай базавай школе.

— Прынялі мяне ў Сырмежы добра. Калектыў тут дружны, зладжаны. Настаўнікі — вопытныя, неабыякавыя. Дапамагалі, падказвалі. Падтрымку адчувала і зараз адчуваю з боку ўсіх педагогаў, адміністрацыі ўстановы адукацыі на чале з дырэктарам Людмілай Мар’янаўнай Арэхавай і асабліва ад намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алёны Анатольеўны Андрэевай, якая з’яўляецца маім непасрэдным настаўнікам у асваенні азоў педагагічнай прафесіі. І ў запаўненні класных журналаў, у афармленні іншай дакументацыі, проста карысных парад, — расказвае малады спецыяліст. — З дзецьмі імкнулася з першых дзён наладзіць прыязныя адносіны. Напачатку ставілася да іх занадта строга. Таму не ўсё атрымлівалася. Але паступова, змагла знайсці з вучнямі агульную мову. Работа мне прыносіць радасць, задавальненне. Ды і педагогі, не зважаючы на маладосць, адсутнасць вопыту, адносяцца да мяне як і да ўсіх астатніх членаў калектыву, а гэта падкупляе.

 

 

— Спорт, наколькі разумею, ваша асноўная праца, і хобі?

— Атрымліваецца, што так. Мне падабаецца працаваць з дзецьмі. Яны ў нашай школе добрыя, старанныя. Вяду ўрокі ў дзяцей з другога па дзявяты клас. Бегаю разам з імі, гуляю ў валейбол, баскетбол, футбол, зімой займаемся лыжамі, у трэнажорную залу наведваемся. Уласным прыкладам заахвочваю хлопчыкаў і дзяўчынак да актыўных заняткаў спортам. Яны адказваюць мне стараннем. На спартыўнай пляцоўцы многія бачаць у маёй асобе яшчэ і свайго саперніка, пераймаюць прыёмы, імкнуцца абыграць, што з’яўляецца для іх своеасаблівым штуршком і працуе на вынік. У нас школа невялікая, асаблівага выбару дзяцей на спаборніцтвы няма. Тым не менш ва ўсіх спартыўных мерапрыемствах удзельнічаем. Лічу, што нават някепска. Так, у мінулым навучальным годзе каманда нашых хлопчыкаў стала прызёрам раённых спаборніцтваў па баскетболе. На спаборніцтвах па валейболе згулялі нядрэнна і хлопчыкі, і дзяўчынкі… На раённым турысцкім злёце нашы вучні таксама не падвялі сваю школу.

Бажэна Віктараўна актыўна далучаецца да спартыўных мерапрыемстваў рознага ўзроўню. Як расказала старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Глінская, малады педагог ахвотна гуляе за раён і нават за вобласць на прэстыжных спаборніцтвах.

— Не адмаўляецца дзяўчына і ад удзелу ў турысцкіх злётах. А валейбол увогуле яе каронка, — працягвае Ірына Васільеўна. — Нядаўна Бажэна выступала ў складзе жаночай зборнай каманды сталічнай вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах па валейболе, якія ладзіў прафсаюз. Валейбалісткі Міншчыны занялі агульнакаманднае трэцяе месца. Лічу, што ў гэтым поспеху ёсць заслуга і нашай спартсменкі.

Бажэна Мінчанкова: Спорт - маё прызванне, маё жыццё

Ёмкую характарыстыку маладому спецыялісту дала дырэктар Сырмежскага ВПК дзіцячы сад-базавая школа Людміла Арэхава:

— Бажэна Віктараўна — чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі. Сваім энтузіязмам, любоўю да спорту яна стымулюе вучняў, паказвае станоўчы прыклад. Ахвотна ўдзельнічае ў спаборніцтвах па розных відах спорту, у турысцкіх злётах. Валейбол жа — яе спецыялізацыя і самы любімы від спорту. Бажэна Віктараўна — сапраўдная каралева валейболу! Ніколькі не перабольшваю. Вы толькі б пабачылі, як яна гуляе — грацыёзна, прыгожа! Калі падае мяч ці перадае яго іншаму іграку, дзеці нашы заміраюць: усе позіркі скіраваны на настаў­ніцу. Ды і мы, дарослыя, захапляемся майстэрствам калегі. Перад раённымі вучнёўскімі спаборніцтвамі педагог пастаянна праводзіць трэніровачныя зборы, якія ахвотна наведваюць дзеці. Удзельнічала малады спецыяліст таксама ў творчым праекце “Мы ў танцах: традыцыі і сучаснасць”, які ў мінулым навучальным годзе ладзіўся сярод устаноў адукацыі раёна. А на лінейцы апошняга званка яна выдатна паказала сябе ў ролі вядучай.

— Ці ёсць жаданне паспрабаваць сябе ў вялікім спорце? — цікаўлюся ў дзяўчыны і чую ў адказ:

— Калі адпрацую прызначаны тэрмін, хачу атрымаць вышэйшую адукацыю. Збіраюся паступаць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Ну, а там, як складзецца. Можа ў спорт падамся, а можа стану трэнерам ці застануся працаваць настаўнікам фізічнай культуры. Час пакажа, як быць. З Мінску, напрыклад, мела ўжо рэальныя прапановы наконт валейболу. Але не прыняла іх. Спачатку трэба закончыць ВНУ. Хачу вучыцца менавіта ў Гродне. Мне па душы гэты горад. Ды і жаночая валейбольная каманда там ёсць выдатная — “Камунальнік”, даволі моцная і вядомая на спартыўным небасхіле… Наперад загадваць не буду, як складзецца. Адно ведаю дакладна, што са спортам не развітаюся. Гэта маё прызванне, маё жыццё.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Фота забяспечана Бажэнай Мінчанковай.