Як развіваецца турызм ў Нацыянальным парку «Нарачанскі»

235

на Блакітных азёрах ШТО мы адзначаем 27 верасня? Свята рамантыкаў-дзівакоў? Рамантыкаў, якіх клічуць далёкія дарогі, гукі гітары ля вогнішча, высокія горы, пражылістыя рэкі, мары пра новыя падарожжы і маршруты. Гэта свята, якое было заснавана ў 1979 годзе Генеральнай асамблеяй Сусветнай турысцкай арганізацыі, не толькі для турыстаў, але і кожнага з нас, хто хоць раз зведаў перамогу над сабой, адчуў сябе падарожнікам, выбраўшыся са штодзённай шэрасці на бераг рэчкі ці возера, у лес ці поле, у іншыя прыгожыя месцы, якімі так багата Мядзельшчына. Магчыма, ваш шлях быў усяго пару кіламетраў ці вы сталі ўдзельнікам аднадзённага тура «выхаднога дня». А магчыма, вы здзяйсняеце падарожжы па свету кожны свой водпуск, знаёміцеся з новымі краінамі, ад­крываеце для сябе шмат цікавага і захапляючага. І, зразумела, Дзень турызму святкуюць тыя, хто непа­срэдна заняты ў сферы турыстычнага бізнесу. Гэта экскурсаводы і музейныя работнікі, супрацоўнікі турыстычных кампаній і гіды-перакладчыкі, персанал гасцініц і спартыўна-забаўляльных комплексаў, турыстычных баз і кемпінгаў, а таксама інструктары і шмат іншых спецыялістаў. Як арганізавана турысцкая работа ў Нацыянальным парку «Нарачанскі»? Расказаць пра гэта папрасіў спецыяліста аддзела турызму, экалагічнай асветы і інфармацыйнага забеспячэння Нацпарку Л. Л. ЖАЛУБОЎСКУЮ. Вось што яна паведаміла:

— Развіццё турызму на тэрыторыі Нацыянальнага парку ажыццяўляецца з улікам выгаднага геагра­фічнага становішча, багатай культурна-гістарычнай спадчыны, унікальных прыродных рэсурсаў, а таксама магчымасцей курорта. Турысцкая дзейнасць арыентавана на сферу гасцінічнага абслугоў­вання, правядзенне паляўнічых і рыбалоўных тураў, экалагічнага турызму і экс­курсійных праграм. У кан­цы верасня мы падводзім прамежкавы вынік работы, бо летні сезон закончаны і пара будаваць планы на будучае. А вынікі радуюць. За 8 месяцаў у гасцявых доміках адпачылі 1200 ту­рыстаў, праведзена 294 экс­курсіі, у якіх удзельнічала звыш 9000 чалавек. На турыстычных стаянках пражывала больш 18000 чалавек. Сёлета былі ўве­дзены ў эксплуатацыю два новыя камфартабельныя гасцявыя домікі.

На сённяшні дзень распрацавана больш дваццаці цікавых маршрутаў па Беларусі. Своеасаблівай візіт­най карткай Нацпарку з’яўляецца экалагічная сцежка ў прыродным комплексе «Блакітныя азёры». Тут пастаянна праводзіцца навукова-даследчая работа, штогод абнаўляюцца альтанкі, масткі, аглядавыя пляцоў­кі, устанаўліваюцца інфармацыйныя знакі, шчыты, скульп­туры. Сёлета да комплексу заасфальтавана дарога.

Вельмі цікавыя ладзяцца экскурсіі ў дэндралагічны сад, дзе калекцыйны фонд складаюць звыш 330 відаў розных раслін. Тут створаны пешаходныя сцяжынкі, абсталяваны месцы адпачынку, масткі і інш.

Адпачываючым у санаторыях у дапаўненне да добра вядомых турысцкіх маршрутаў былі прапанаваны экскурсіі ў Жыровічы, Мір, Нясвіж, Гродна. Яны таксама сталі любімымі і запатрабаванымі. Цесна су­працоўнічаем са школамі Мядзельшчыны. Экскур­сійны тур па абласных цэнтрах Беларусі, спецыяльна распрацаваныя для школьнікаў экскурсіі ў Бярэ­зін­скі запаведнік, Мінск з наведваннем музеяў і тэатраў, Магілёў… Зараз працуем над новымі экскурсіямі, якія будзем рэкламаваць у пачатку наступнага года. Варта зазначыць, што пашыраюцца межы экскур­сійных тураў. Гэта не толькі тэрыторыі нашай Беларусі, але і Расіі, Украіны, а ў перспектыве — Літвы.

— Лідзія Леанідаўна, які ваш асабісты погляд на Нарачанскі край?

— Што тут можна сказаць?! Гэта цудоўны, маляўнічы куточак зямлі з яго непаўторнымі прыроднымі комплексамі. Той, хто тут пабываў адзін раз, абавязкова прыедзе яшчэ і яшчэ. Сюды цягне людзей многае. Адны прыязджаюць, каб адпачыць і ўмацаваць здароўе, другія — выпрабаваць сябе ў паходах, трэція — пазнаё­міцца з цікавай гісторыяй рэгіёну, паглядзець на шматлікія помнікі архітэктуры. Служыцелі муз знаходзяць тут творчае натхненне, аматары дароў прыроды — удачу.

Турызм дорыць здароўе і выдатны настрой. А што яшчэ трэба чалавеку для шчасця? У вандроўках чалавек даказвае, што ён мужны і смелы, разумны і знаходлівы, не палохаецца цяжкасцей і здольны набыць шчасце ў яднанні з прыродай.

У нашым аддзеле працуюць неабыякавыя да абранай прафесіі людзі, якія заўсёды знаходзяць з турыстамі, як кажуць, агульную мову. І лепшае сведчанне таму — рост папулярнасці азёрнага краю не толькі ў жыхароў нашай краіны, а таксама блізкага і далёкага замежжа. Карыстаючыся выпадкам, хачу шчыра па­віншаваць усіх цяперашніх і будучых турыстаў са  святам і пажадаць ім цікавых падарожжаў. А работнікам, якія працуюць у сферы турызму — моцнага здароўя, натхнення, дабрабыту і ўдзячных турыстаў.