«Зорны паход» на Мядзельшчыне

222

p1260075

У 47-ы раз студэнты і выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка здзейснілі «зорны паход». Мэта мерапрыемства — знаёмства з цікавымі і знакамітымі мясцінамі роднай Беларусі, з падзеямі, якія маюць важнае гістарычнае значэнне, у тым ліку перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Адбываюцца таксама сустрэчы са старшакласнікамі з розных рэгіёнаў рэспублікі. Як правіла, падчас такіх спатканняў удзяляецца ўвага прафарыентацыйнай рабоце, ідзе аповед пра спецыяльнасці, якія можна атрымаць у адной са старэйшых ВНУ краіны. Адметным з’яўляецца і тое, што ўчарашнія вучні, а сёння студэнты, расказваюць пра змястоўнае жыццё ў сценах педуніверсітэта і тым самым ствараюць яму добрую рэкламу і заахвочваюць выпускнікоў набываць прафесію настаўніка, папулярнасць якой, на жаль, змяншаецца.

Не абмінулі прадстаўнікі БДПУ і Мядзельшчыну — радзіму вядомага ў свеце песняра, чыё імя з гонарам носіць педуніверсітэт і стагоддзе з дня нараджэння якога будзе шырока адзначацца ў верасні бягучага года. А таму канцэртная праграма, якая дэманстравалася ў шэрагу школ Нарачанскага краю, прысвячалася жыццёваму і творчаму шляху Максіма Танка (Яўгена Іванавіча Скурко).

Мне пашчасціла папрысутнічаць на мера­прыемстве, якое праводзілася ў Мядзельскай СШ імя У. М. Дубоўкі. Ніколькі не па­крыўлю душой, калі адзначу, што спадабалася практычна ўсё, пачынаючы з выхаду на сцэну вядучых і заканчваючы сумеснай песняй у выкананні ўсіх удзельнікаў канцэрта. З дапамогай пранікнёных вершаваных радкоў і прозы самадзейныя артысты са сталіцы паспрабавалі паказаць, якім быў пры жыцці Максім Танк, як горача любіў сваю маленькую радзіму — край Нарачанскі, беларускі народ. Гэтыя тэмы, дарэчы, дамінавалі і ў яго творчасці. Чыталь­нікаў змянялі танцоры, спевакі… Сваім моцным, прыгожым ад прыроды голасам зача­раваў усіх прысутных Аляксандр Юдзінец. Хораша спявалі дуэтам дзяўчаты Вольга Цімошчык і Юлія Амельяновіч. На «ўра» было ўспрынята выступленне і прадстаўнікоў знакамітай каманды КВЗ педуніверсітэта.

Затым канцэртная праграма плаўна перайшла ў другую частку мерапрыемства, падчас якой адбылася своеасаблівая прэзентацыя навучальнай установы. Першым меў слова намеснік дэкана гістарычнага факультэта А. У. Канойка. Аляксандр Уладзіміравіч, у прыватнасці, ад­значыў, што ва ўніверсітэце працуюць высокакваліфікаваныя выкладчыкі. Толькі 19 дак­тароў навук падрыхтавана за яго існаванне. Нагадаў ён таксама пра спецыяльнасці, якія можна атрымаць на факультэце за час навучання. Дапоўнілі яго студэнты трэцяга і чацвёртага курсаў Аляксандр Юдзінец і Павел Шыманскі. Першы з іх узначальвае студэнцкі савет факультэта, другі — актыўна ўдзельнічае ў КВЗ, а таму яны не на слых ведаюць, што менавіта гады вучобы ў ВНУ — самыя цікавыя і незабыўныя. Выступіла і дацэнт кафедры агульнага мовазнаўства факультэта беларускай і рускай філалогіі А. С. Рускіх.  Анастасія Сяргееўна  расказала пра параўнальна малады факультэт (існуе толькі два гады), які прадстаўляе,  пра ўмовы навучання і спецыяльнасці, якія там можна атрымаць. Цікавым быў аповед і ў студэнткі чацвёртага курса, старшыні студэнцкага савета названага факультэта Кацярыны Цябут. Выдатным працягам пачутага стаў фільм пра жыццё і будні студэнтаў адной са старэйшых навучальных устаноў краіны.

Закончылася мерапрыемства паказам літаратурна-музычнай кампазіцыі, прысвечанай стагоддзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка, якую пад кіраўніцтвам настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Элы Іванаўны Казельскай і Марыны Міхайлаўны Галаенка падрыхтавалі вучні 10 і 11 класаў СШ №1 горада. Аўтар тэкста прэзентацыі «Гартаючы старонкі яго жыцця» — настаўніца беларускай мовы і літаратуры гэтай жа навучальнай установы Антаніна Пятроўна Штура. Са сцэны на фоне музыкі вёўся расказ пра асноўныя эпізоды жыцця вядомага беларускага песняра, пачынаючы ад нараджэння і да смерці, пра яго бацькоў, сям’ю і, вядома ж, пра творчасць, дзе чырвонай ніткай праходзіла тэма любові да Радзімы, дарагога сэрцу Нарачанскага краю. Краналі душу прысутных і палымяныя радкі вершаў нашага знакамітага земляка, якія чыталі вучні са сцэны.  Падвяла вынік змястоўнай размовы, якая адбылася, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Э. І. Казельская. Эла Іванаўна падзякавала гасцям, што прыехалі ўшанаваць памяць паэта, для якога не на словах, а на справе хлебам надзённым застаўся непакой за лёс роднай Зямлі. І пры гэтым дадала: «А нам толькі неабходна спрыяць, каб яго імя ніколі не сцерла імгла забыцця!».

Засталося дадаць, што затым студэнты БДПУ разышліся па класах, дзе правялі майстар-класы. З камандай Клуба Вясёлых і Знаходлівых школы сустрэліся КВЗшнікі педуніверсітэта. Пазнаёміліся госці са сталіцы з музеем СШ №1. Наведалі яны ў той дзень і Мядзельскі музей Народнай славы. А літаральна назаўтра пабывалі ў Пількаўшчыне — на радзіме Максіма Танка, завіталі па дарозе таксама на вясковы могільнік у Новікі, дзе пахаваны пясняр і яго жонка.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: удзельнікі «зорнага пахода».

Фота Таццяны Несцярэнка.