Зноў вераснёўскі прагучаў званок

166

Як і паўсюдна ва ўстановах адукацыі, адбылася 1-га верасня ўрачыстая лінейка і ў Мя­дзельскай СШ №2. На яе адразу былі запрошаны галоўныя віноўнікі свята — першаклас­нікі, якія выйшлі на пляцоўку ў суправаджэнні выпускнікоў і сваіх настаўнікаў Т. В. Грышкевіч, Т. М. Грыгалёнак, выхавальніцы групы падоўжанага дня Н. М. Жолуд, класных кі­раўнікоў 11-ых класаў А. М. Сяр­геенка і А. А. Роўда.

Слова для вітання ўдзельнікаў гэтай урачыстасці прадастаўляецца дырэктару школы Л. С. Се­мяновіч.

— 1-га верасня мы адзначаем як адно з самых любімых святаў, дачыненне да якога адчуваюць усе грамадзяне нашай краіны, — сказала Людміла Ста­ніславаўна. — Здаецца яш­чэ ўчора мы сустракалі вясёлую пару канікулаў, і вось яна ўжо ў мінулым. За лета вы сталі больш дарослымі, набраліся сіл, каб зноў папоўніць свой інтэлектуальны багаж, удасканальваць здольнасці, прафесійны і творчы рост. Вучоба — вельмі насычаны, цікавы і самы адказны
перыяд у лёсе любога чалавека. Менавіта цяпер вы закладваеце асновы ўласнай будучыні. І мы верым, што сваім розумам, талентам і мэтанакіраванасцю дасягнеце поспеху.

Затым адбылося ўзнагаро­джан­не вучняў, якія вызначыліся ў розных відах дзейнасці, сярод іх Анастасія Сяргеенка, Іван Мычко, Фрыда Савіцкая, Артур Клі­мовіч. Асобным бацькам аб’яўлены падзякі і ўручаны падзячныя пісьмы за належнае выхаванне сваіх дзяцей, актыўны ўдзел у жыцці школы. Шэраг вучняў былі ўзнагароджаны граматамі  па выніках летняй практыкі, уручаны пасведчанні ўдзельнікам праведзеных улетку конкурсаў, а таксама падзякі актыўным членам школьнага лагера «Мястра».

На свяце прысутнічалі госці: начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама В. С. Зуеўская, спецыяліст раённага аддзела адукацыі М. М. Семяновіч. Яны павіншавалі школьнікаў з новым вучэбным годам, пажадалі  плёну на гэтай нялёгкай дарозе. Былі ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі за плённую працу педагогі С. І. Жарыкава, В. М. Мі­хальчанка, Л. А. Кузьмінова.

В. С. Зуеўская, у сваю чаргу, ад імя РК ГА «БРСМ» уручыла граматы вучням, якія вызначы­ліся ў складзе экалагічнага валан­цёрскага атрада на добраўпарадкаванні тэрыторыі санаторыя «Сос­ны». А затым адбылося ўрачыстае ўручэнне кніг «Я — грама­дзянін Рэспублікі Беларусь». Іх атрымалі юнакі і дзяўчаты, якім споўнілася па 14  і 16 год і якія маюць ужо свой  першы, і самы важны дакумент — пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Слова даецца самім першакласнікам. Яны прадэкламавалі з ім­правізаванай сцэны вершаваныя радкі, прысвечаныя пачатку навучальнага года, школе. Перша­класнікам таксама быў прыгатаваны запамінальны падарунак —  кніга ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі «Беларусь — на­ша Радзіма».

А добрыя словы малышам ад імя бацькоў сказала М. Г. Кадушкевіч.

І вось нарэшце надыходзіць самая хвалюючая хвіліна — даецца  першы вераснёўскі званок у «выкананні» вучня 11-га класа Яўгена Дзегцярова і перша­класніцы Дар’і Жыткевіч. У добры шлях, старамядзельскія школь­нікі!

Аляксандр БЫКАЎ.