Ёсць поспехі ў школьнікаў з к. п. Нарач

240

Нашы школьнікі пастаянна прымаюць удзел у самых розных конкурсах. Прычым не толькі раённага, абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў, але і ў міжнародных. Прыемна, што веды, атрыманыя падчас заняткаў і пазашкольных мерапрыемстваў, яны на іх пацвярджаюць. Літаральна днямі сталі вядомы новыя поспехі нашых вучняў. Так, напрыклад, школа адзначана Дыпломам II ступені на рэспубліканскім конкурсе куткоў жывой прыроды сярод агульнаадукацыйных і ўстаноў пазашкольнага выхавання. А вызначыліся мы ў намінацыі «Лепшы акварыум». 7 «Б» клас таксама ў ліку найбольш актыўных. Ён — удзельнік міжнароднай акцыі ENO «Пасадзі дрэва», якая праводзілася сярод 5 тысяч школ у 150 краінах свету.

Ганарымся і персанальнымі дасягненнямі асобных выхаванцаў. Яна Байко прымала ўдзел у рабоце злёту юных эколагаў Беларусі і Расіі і вярнулася дадому з гэтага прадстаўнічага форума з дыпломам. А Валерыя Саковіч заняла трэцяе месца ў міжнародным конкурсе дзіцячых малюнкаў «Няхай заўжды будзе сонца». Ён прысвячаўся 65-яй гадавіне Перамогі над фашызмам і заканчэнню Другой сусветнай вайны. Вынікі конкурсу падводзіліся ў Балгарыі. Работа Валерыі адзначана граматай.

Шчыра парадаваліся поспехам сваіх сяброў адна­класнікі. Ды і нам, настаўнікам, вельмі прыемна, што ініцыятыўныя, неабыякавыя вучні займаюцца ў нашай навучальнай установе. Яны і веды нядрэнныя  маюць, і ў грамадскім жыцці школы актыўна ўдзельнічаюць.

І. ШЫРКО.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай

рабоце Нарацкай САШ №2.