Вышэй за горы — толькі горы! Так лічаць турысты Нарацкай САШ №1, якія здзейснілі пешы паход па Карпатах

267

resize-of-12Калі пішаш пра горы, цяжка знайсці трапныя словы, бо губляешся перад прыгажосцю і веліччу прыроды. Адзінае магу сказаць дакладна: раўнадушных  у гэтым падарожжы не было.

З 18 па 26 жніўня каманда турыстаў Нарацкай САШ №1 дзякуючы раённай базе юных турыстаў здзейсніла пешы паход першай катэгорыі складанасці па Карпатах. У склад групы ўваходзіла 10 вучняў і чацвёра дарослых. Гэты паход стаў падарункам для каманды, якая заняла першае месца на абласным турысцкім злёце.

Аб Карпатах пачалі марыць яшчэ зімой, для дасягненне гэтай мэты было прыкладзена нямала сіл і энергіі. Распрацоўкай маршруту займаліся дырэктар базы юных турыстаў С. Г. Нехвядовіч і настаўнік фізічнай культуры Нарацкай САШ №1 В. А. Навіцкі. І вось падарожжа пачалося.

…Толькі на пяты дзень мы спусціліся ў вёску Квасы, дзе знайшлі магазін і крыніцу з мінеральнай вадой. Дзіма Мегуць, вучань 10 класа, потым успамінаў: «Усё сваё свядомае жыццё не ведаў ні пра якія Квасы, а зараз кожную хвіліну  мару пра  гэту вёску!».

Але пра ўсё па парадку. Цягніком даехалі да Івана-Франкоўска, затым на маршрутцы — да вёскі Быстрыца, дзе і ўбачылі нарэшце горы (не ведалі тады яш­чэ, што чакае нас наперадзе). Першая гара, якую «ўзялі», — Дурня. І толькі на  вяршыні зразумелі, чаму яна так называецца: падымацца патрэбна было на карачках, а за плячыма ва ўсіх  рукзакі кілаграмаў па 15, а ў кагосьці і ўсе 25! Падбадзёрвала тое, што знаходзілі шмат чарніц, каб іх сарваць і з’есці не патрэбна было нават згінацца.  Гара Гропа падарыла нечаканае адкрыццё: на вяршыні знайшлі запіску ад папярэдняй групы, дзе быў указаны накірунак далейшага шляху, надвор’е.  Аказваецца, ёсць і такая горная традыцыя. Мы таксама пакінулі такую ж запіску.

Не забудзем гару Браткоўскую. Спускаліся гадзіны чатыры па вельмі стром­кіх пакручастых схілах (і не забывайце пра рукзакі і вельмі цёплае надвор’е). Сустрэлі па дарозе групу турыстаў з Польш­чы, якія ішлі насустрач, і  на пытанне «Які пад’ём?» мы шчыра адказалі: «Калі вам стане так цяжка, што не зможаце больш ісці, расслабцеся, бо далей будзе падымацца ў тры разы цяжэй!».resize-of-24

Нягледзячы на ўсе складанасці, на гару Татарука ўзбеглі, як дзеці, бо навакольная прыгажосць акрыляла. Начавалі ў палатках, ваду пілі з горных рэк і, напэўна, упершыню амаль не прасілі дабаўкі. А заклік трэнера: «Дзеці, ешце ягады», — азначаў, што абед варыць не будзем. Але настрой ад гэтага толькі ўзнімаўся, і жартам не было канца і краю.

Цікавы выпадак адбыўся каля падножжа гары Стог. Не паспелі разбіць лагер, як пачулі званочкі. Праз пяць хвілін апынуліся ўжо ў сярэдзіне гурта авечак і мужна абаранялі свае палаткі. Смешны дыялог адбыўся з гуцульскім пастухом:

—    А колькі ў вас авечак?

—    Лічы.

—    А як завуць вашага сабаку?

—    Сабака.

—    А ці кусаецца?

—    А ты пагладзь.

—    А пайграйце нам на дудцы, калі ласка.

—    На, іграй.

Мы ўсё ж такі разгаварылі хлопца. Даведаліся, што авечак (галоў 150) дояць тры чалавекі за гадзіну, надой — 50 літраў, а з малака робяць знакаміты сыр «Вурда».

Быў у нас і дзень самакіравання. Вучні і дарослыя памяняліся ролямі: дзеці рыхтавалі ежу, вялі групу па маршруце, разбівалі лагер, а старэйшыя мылі катлы.

Найвышэйшымі гарамі на нашым шляху былі Вялікая і Малая Блізніца (1880 м). І там літаральна дакраналіся далонямі да аблокаў. Уявіце, што мы адчувалі, калі аблокі праплывалі побач. Ігар Чарноў, вучань 11 класа, сказаў, што дзеля гэтага варта было падымацца.

За дзень праходзілі  12-14 кіламетраў, за гэты час па раўніне можна было б адолець значна большую адлегласць. Шкадавалі толькі, што не ўзялі інвентару для страхоўкі (было дзе палазіць і што паглядзець).

Апошнія два дні правялі ў гарадку Ярэмча (самым адважным дазволілі купацца ў тамтэйшай горнай рэчцы) і ў горадзе Львове. Уражанняў шмат… Прыгажосць, створаная рукамі чалавека, губляецца перад веліччу прыродных багаццяў.

Асобна хочацца расказаць пра ўдзельнікаў паходу. Жанчына, якая не пабаялася ў сорак год упершыню пайсці ў Карпаты, сваёй спрытнасцю і настойлівасцю здзівіла нават экскурсавода ў Ярэмчы. Гэта настаўніца матэматыкі Валянціна Мікалаеўна Трапачова. Адзінае, за што яна хвалюецца, — каб узялі  ў наступны раз. Чалавек, які ў  самых складаных  сітуацыях падасць руку, паднясе ваш рукзак — настаўнік фізічнай культуры Валерый Алегавіч Навіцкі. Напэўна, ён ужо сёння распрацоўвае маршруты новых вандровак. І, канечне, трэба назваць  Сяргея Георгіевіча Нехвядовіча — чалавека, які ў самых складаных сітуацыях адрозніваецца сваёй вытрымкай, разважлівасцю і крэатыўнымі ідэямі. Сяргей Георгіевіч заўсёды ідзе насустрач самым смелым прапановам і сам з задавальненнем прымае ў іх удзел.  Пра ўсіх вучняў разам  і пра кожнага паасобку таксама можна расказаць шмат. Але гэта, як кажуць, ужо новая гісторыя.

Авеяная вятрамі карпацкіх гор, напоўненая прагай новых падарожжаў, настаўніца Нарацкай САШ №1

А. Емяльян.