Вырабы юнай мядзяльчанкі Дар’і Каўрус

216

Вырабы юнай мядзяльчанкі Дар'і КаўрусПрыгажосць стварае гармонію ў душы кожнага чалавека, дорыць выдатны настрой, падахвочвае на добрыя ўчынкі. Узяць да прыкладу вырабы юнай мя­дзяльчанкі Дар’і Каўрус: непадобныя адна на адну сурвэткі, папяровыя кветачкі, казачныя аплікацыі нагадваюць пра сапраўднае цуда. Глядзіш на ўсё гэта і думаеш: вось дзе нараджаюцца таленты! Усе работы дзяўчынкі выкананы вельмі акуратна, з любоўю. Здаецца, маленькі пялёстак у кветачцы і той, нібы жывы.

Не першы год Дар’я наведвае гурткі ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, дзе з вялікім задавальненнем асвойвае сакрэты ніцяной графікі, квілінгу, вязання. Кажа, што хоча стаць сапраўднай майстрыхай. А дапамагае ёй у гэтым кіраўнік гуртка Валянціна Іванаўна Роўда.

Апошнім часам разам з мамай Таццянай Лявонцьеўнай стала захапляцца вырабам беларускіх сувеніраў: лялек-траўніц, зернявушак, анёлачкаў… Таксама даспадобы ёй і свет марскіх насельнікаў, якіх вельмі ўдала ўвасабляе ў жыццё ў выгля­дзе дэкаратыўных істот.

Лепшыя работы Дар’і экспануюцца на мерапрыемствах, якія адбываюцца ў райцэнтры. Не так даўно святкавалі Дзень абароны дзяцей, дзе была арганізавана персанальная выстава дзяўчынкі.

Радуе юная рукадзельніца і сваіх дарагіх бабуль Ганну Антонаўну і Людмілу Максімаўну. Дорыць ім час ад часу новыя, казачна-цудоўныя вырабы…

На здымку: Дар’я Каўрус ля сваіх вырабаў.

Фота Таццяны НЕСЦЯРЭНКІ.