Вечар школьных сяброў

199

Нават моцныя маразы, якія стаяць даволі працяглы час на дварэ, не прымусілі былых выпускнікоў змяніць усталяваўшуюся дзесяцігоддзямі традыцыю: сабрацца ў першую суботу лютага ў сценах роднай школы. У нашай навучальнай установе ў той вечар таксама было шматлюдна: прыйшлі настаўнікі, былыя і сённяшнія вучні, іх бацькі, госці. Напачатку мера­прыемства да прысутных звярнулася дырэктар СШ Ганна Кірылаўна Тачыцкая. Яна падзяка­ва­­ла выпускнікам розных га­доў за тое, што не забываюць родную школу, на­ведваюц­ца сюды, ці­кавяцца справамі.
У сваю чаргу зазначыла, што і навучальная ўстанова га­нарыцца поспехамі і дасягненнямі ўсіх, хто ў свой час яе заканчваў. Прадставіла і госцю — спецыяліста ад­дзела адукацыі райвыканкама Ніну Мікалаеўну Самко.

Свята працягваецца. Вядучыя па чарзе запрашаюць на сцэну выпускнікоў-юбіляраў. Аднымі з першых гэтай ганаровай місіі ўдастоены тыя, якія заканчвалі школу ў 1992 годзе. Разам з імі класны кіраўнік Васілій Уладзіміравіч Бычкоўскі. Для іх прапаноўваецца конкурс, які хоць на хвілінку дазволіў ім вярнуцца ў сваё дзяцінства і юнацтва, успомніць поспехі і няўдачы, мары і спадзяванні. Шмат добрых слоў пачулі ад дваццацігадовых юбі­ляраў настаўнікі і асабліва класны кіраўнік.

Наступнымі ўшаноўваліся выпускнікі 2002, 2007, 2011 гадоў разам са сваімі класнымі кіраўнікамі Верай Іванаўнай Талайка, Раісай Андрэеўнай Бліз­нюк, Святланай Іосіфаўнай Шылько. Было цікава на іх глядзець, слухаць, кім сталі, радавацца, што мары і спадзяванні большасці спраўдзіліся.

Затым адбыўся канцэрт, які падрыхтавалі сённяшнія школьнікі. Хораша спявалі дзесяцікласніцы, танцавалі вучні 5-7-х класаў. Кожны нумар суправаджаўся апладысментамі.

Так, шмат гадоў запар школа збірае сяброў, якія прыходзяць сюды, каб пабачыцца адзін з адным і сваімі настаўнікамі, успомніць шчаслівыя дзіцячыя гады.

Я яшчэ толькі вучуся ў 10-ым класе. Але час бяжыць настолькі імкліва, што не агледзімся, як самі закончым гэту навучальную ўстанову. Крыху сумна робіцца ад такіх думак. Адно ведаю цвёрда: няважна, дзе мы будзем, кім станем, але ў першую суботу лютага зноў зможам сабрацца разам. Бо ў сценах роднай школы заўсёды былі і будзем самымі жаданымі.

Надзея ТАЧЫЦКАЯ.

Вучаніца 10 класа Сваткаўскай СШ імя М. Танка.