Выдатны настаўнік, добразычлівы, уважлівы чалавек

312

Мінула ўжо васемнаццаць год, як мы закончылі Мядзельскую СШ №1. Аднак успаміны пра незабыўную школьную пару і сёння жывуць у нашых сэрцах. З удзячнасцю ўзгадваем цікавыя эпізоды з урокаў і перапынкаў, многія мерапрыемствы, аднакласнікаў і, вядома, настаўнікаў, якія вялі нас у чароўную краіну Ведаў. І асабліва нашага класнага кіраўніка Ніну Ігнацьеўну Звяруга — выдатнага настаўніка, добразычлівага, уважлівага чалавека.
Выкладала педагог беларускую мову і літаратуру. Была ў меру строгая, аднак справядлівая. Таму ніколі і думак не ўзнікала, каб не падрыхтавацца да ўрока, не вывучыць правілы, не паўтарыць пройдзены матэрыял. Ды і адзнакі настаўніца ставіла тыя, якія мы заслугоўвалі. Ніна Ігнацьеўна была для нас на­дзейным сябрам, мудрай дарадцай. Вельмі падабалася тое, што ў яе не было любімчыкаў. Мы ўсе былі аднолькава любімыя, дарагія.
Добра памятаем, як мы перайшлі ў пяты клас і ўпершыню пазнаёміліся са сваім класным кіраў­ніком. Тады Ніна Ігнацьеўна пастаянна была з намі. Прыходзіла на кожным перапынку, цікавілася справамі, а калі ў каго-небудзь узнікалі дробязныя праблемы, якімі нам здаваліся амаль сусветнага маштабу, шчыра дапамагала іх пераадольваць. Ужо цяпер, калі самі сталі дарослымі, маем свае сем’і, уласных дзяцей, мы зусім па-іншаму усведамляем тагачасную мацярынскую апеку настаўніцы, яе паўсядзённы клопат, перажыванні за нас.
Калі па шчырасці, то школьнае жыццё многім з нас запомнілася. Бо было насычаным паходамі, паездкамі, спартыўнымі і іншымі мерапрыемствамі, у якіх заўсёды разам з намі ўдзельнічала наша класная.  І ў і той жа гульні «Зарніца», і ў іншых конкурсах наш клас заўсёды вызначаўся сваёй актыўнасцю, арганізаванасцю. Таму нярэдка займаў і прызавыя месцы.
А як цікава і запамінальна праходзілі ўрокі беларускай мовы і літаратуры, дзе мы не толькі знаёміліся з творчасцю паэтаў і пісьменнікаў, але вучыліся думаць, разважаць. А самае галоўнае — любіць свой родны край, дзе мы нарадзіліся і жывём, паважаць старэйшых, адзін аднаго, словам, годна ісці па жыцці Чалавекам. І ў тым, што кожны з нас вызначыўся з прафесіяй, знайшоў сваю сцяжынку на гэтай зямлі, вельмі вялікая заслуга нашага класнага кіраўніка.
Ніна Ігнацьеўна і цяпер пастаянна цікавіцца нашым жыццём. Убачыўшы на вуліцы, першая спяшаецца насустрач, прывітаецца і пачынае распытваць што і як. Як і калісьці раней, так і зараз настаўніца радуецца нашым поспехам, суперажывае пры няўдачах!
Удвайне прыемна, што з гадамі не мяняецца педагог. Застаецца такім жа шчырым, шчодрым на дабрыню, спагадлівым. Нездарма ж усе так любім нашу Ніну Ігнацьеўну, паважаем. Мы ўвогуле ўдзячны лёсу, што менавіта яе сустрэлі на сваім жыццёвым шляху. Нізкі паклон Вам, дарагая Ніна Ігнацьеўна, за спагадлівае, адкрытае людзям сэрца. За трывалыя і грунтоўныя веды па прадмеце, які выкладалі. За мудрасць і паўсядзённыя ўрокі дабрыні і любові, дзякуючы якім мы годна жывём на роднай зямлі.

Па даручэнні выпускнікоў 1993 года

Т. ТАРАСЕВІЧ.