Выбіралі лепшыя піянерскія агітбрыгады

174

p3220069На базе Мядзельскай сярэдняй школы №1 адбыўся раённы агляд-конкурс піянерскіх агітбрыгад «Запалі вогнішча дабрыні». Прымеркаваны ён быў да 90-годдзя Усесаюзнай піянерскай арганізацыі і праводзіўся з мэтай фарміравання духоўна-маральнай і грамадзянска-патрыятычнай культуры падрастаючага пакалення. Сярод яго задач — садзейнічанне развіццю цікавасці да гістарычнай спадчыны піянерскага руху і фарміраванню лідарскіх якасцей удзельнікаў агітбрыгад, стварэнне ўмоў для творчых кантактаў і супрацоўніцтва, абмену вопытам.

Сабраліся ў райцэнтры вучні 15 школ. У журы былі прадстаўнікі аддзела адукацыі, БРСМ, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Мядзельскай СШ №1.

Першымі выступілі пасланцы Камароўскай сярэдняй школы. Яны пераконвалі, што «заўсёды з усмешкай павінны жыць людзі». А ў выступленні нават рэп выкарыстоўвалі.

Нарацкая сярэдняя школа №2 прадставіла выключна дзявочую каманду. Як потым высветлілася, такая была не адна. Нарачанцы расказвалі пра свой дэвіз, сцяг, эмблему, праграмы, па якіх працуюць.

Арыгінальна выступілі вучні Свірскай сярэдняй школы. Яны падрыхтавалі сцэнку, у якой пераконвалі малыша ўступаць у акцябраты, а потым — у піянеры. Тлумачылі, што тут весялей жыць, і дзён піянерскіх не можна забыць. І пераканалі!

Увогуле, па рознаму падыходзілі да заданняў вучні школ, што і адзначыла журы. Сярод крытэрыяў былі адпаведнасць тэматыцы і ўмовам агляду-конкурсу, раскрыццё тэмы выступлення, відовішчнасць, сучаснасць і арыгінальнасць выступлення, узровень выканальніцкага майстэрства і мастацкага густу.

Лепшых вызначылі ў дзвюх намінацыях. У «Піянерыя — краіна дзяцінства» перамагла агітбрыгада «Вясёлка» Слабодскай сярэдняй школы. На другім месцы прадстаўнікі Мядзельскай СШ №1 «Піянеры XXI стагоддзя». Замкнулі тройку прызёраў вучні Занарацкай сярэдняй школы.

У намінацыі  «Мы — разам!» перамагла агітбрыгада «Юнацтва» з Камароўскай сярэдняй школы. На другім месцы — прадстаўнікі Свірскай СШ, на трэцім — сярэдняй школы №2 Мядзела.

— Агітбрыгады даволі добра падрыхтаваліся да конкурсу, — адзначыла метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі раёна Аксана Карпей. — У асноўным усе раскрылі тэму, якая была заяўлена. І кожны стараўся зрабіць гэта па-свойму, выкарыстоўваючы танцы, песні, розны рэквізіт.

Што ж, а вучняў Слабодскай і Камароўскай школ чакае абласны этап агляду-конкурсу. І да яго трэба падрыхтавацца дастойна.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.

На здымку: агітбрыгада «Вясёлка» Слабодскай сярэдняй школы.

Фота Таццяны НЕСЦЯРЭНКА.