Вучэбны ваенна-палявы збор вучняў 10-х класаў школ Мядзельшчыны

238

Вучэбны ваенна-палявы збор вучняў 10-х класаў школ МядзельшчыныНЯДАЎНА ў дзіцячым аздараўленчым лагеры на базе Старлыгскай школы-сада імя І. Аніські прайшла профільная змена — вучэбны ваенна-палявы збор вучняў 10-х класаў школ Мядзельшчыны, якія вывучаюць прадмет “дапрызыўная падрыхтоўка”. Усяго ў ім прынялі ўдзел 60 юнакоў.

Адразу ж разбіліся па ўзводах і дамовіліся, што жыць будзем усе дні знаходжання ў “Русалачцы” толькі па патрабаваннях агульнавайсковых Статутаў. Прызначылі куратараў-выхавальнікаў, якія дапамаглі падзяліцца ўзводам на аддзяленні і, пакуль што, выбраць камандзіра ўзвода, яго намесніка, камандзіраў аддзяленняў, старшыну, пісара і інш. На жаль, некаторых з іх давялося потым замяніць (прычым, не столькі з-за няведання імі справы, колькі з-за характару).

Праграма была разнастайная і насычаная. У першую палову дня выкладчыкі дапрызыўнай падрыхтоўкі школ раёна праводзілі тэарэтычныя і практычныя заняткі па тэме “Асновы ваеннай справы”, у ходзе якіх удзельнікі збораў паказвалі веды, набытыя ў 2012/2013 навучальным годзе, а таксама засвойвалі новы матэрыял. Пасля абеду — самападрыхтоўка, у час якой ішла праверка атрыманых ведаў і падрыхтоўка да заняткаў наступнага дня. Затым — вольны час, страявая і фізічная падрыхтоўка. Пасля вячэры — кіно, дыскатэка і іншыя гульнёва-пазнавальныя мерапрыемствы. Хочацца адзначыць, што ў першыя ж дні мясцовых жыхароў уразіла тое, што замест дыскатэкі юнакі аддалі перавагу страявой і фізічнай падрыхтоўцы.

Нікога не пакінула абыякавым экскурсія ў в/ч № 1217. Там мы пазнаёміліся з побытам ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, калі наведалі казарму. Канешне ж, вялікую цікавасць выклікалі прыёмы рукапашнага бою, няпоўная разборка і зборка аўтамата Калашнікава. А хто ўстрымаецца ад таго, каб пася¬дзець за штурвалам верталёта «МІ-8»? Кожны з нас здаў і залік па стэндавай стральбе з пісталета Макарава. Лепшы вынік (29 з 30-ці) паказаў куратар-выхавальнік першага ўзвода П. Ф. Самко.

Незабыўнымі засталіся і два дні, праведзеныя з курсантамі факультэта ваеннай разведкі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Гэта — знаёмства з відэафільмам пра акадэмію (некаторыя пасля прагляду захацелі вучыцца менавіта ў гэтай установе), патрабаваннямі агульнавайсковых Статутаў (тут нашы выхаванцы паказалі даволі трывалыя веды — усё ж такі навучыліся за тры дні), страявой падрыхтоўцы (дарэчы, праводзіў іх курсант, які чатыры разы прымаў удзел у парадзе 9 мая ў Мінску), хімічнай абароне (а тут мы далі маху, бо ў нас не было неабходных сродкаў, каб паказаць нашым навучэнцам).

На другі дзень, пасля 40-хвіліннай зарадкі па вайсковых нормах, снедання, 30-хвіліннага адпачынку — марш-кідок на 6 кіламетраў па перасечанай мясцовасці, які вытрымалі ўсе.

Хвалюючым было расставанне, асабліва, калі курсант паціскаў усім рукі. У некаторых вочы былі вільготныя… І ў апошні момант Арцём Грышкевіч прапанаваў сфатаграфавацца на памяць.

Многа перажыванняў было, калі супрацоўнікі Мядзельскага райваенкамата прымалі залікі па выніках збораў. У нарматывы ўсе ўклаліся. А вось ротай мы так і не паспелі патрэніравацца ў строі. Тым не менш, камандзір 1-га ўзвода Уладзіслаў Тарасаў аказаўся на вышыні, калі камандаваў ротай.

Агляд строю і песні, такі доўгачаканы, вызначыў лепшых. Першым паказваў свае ўменні першы ўзвод. Спачатку перастраенні на месцы… І вось узвілася песня:

Ты моя тельняшка фронтовая —

Синие полоски на груди…

Белая, как пена штормовая,

Синяя, как Нарочь впереди.

Эх, тельняшка, матросская рубашка,

Ты зимой и летом хороша.

Ведь недаром пылает пожаром

Под тобой нарочанская душа!

І тут сябе з найлепшага боку таксама паказаў першы ўзвод.

У народзе кажуць, што “першы блін камяком”… Але такога не адбылося. А як жа нашым выхаванцам?

— Спадабалася. Таму што знайшоў многа новых сяброў (Мікалай Якупаў).

— Усё было цудоўна! Як быццам бы пабываў у арміі (Дзмітрый Густамясаў).

— Спачатку я не вельмі хацеў сюды ехаць. Цяпер не шкадую. Вялікі дзякуй нашым строгім, але дабрадушным куратарам-выхавальнікам. Гэтыя дні я запомню надоўга (Андрэй Вархаповіч).

— Было крута, — кажа Яўген Дуброўскі. І тут жа яго дапаўняе Сяргей Пуня: “Але дзевяці дзён мала!”.

— Я тут знайшоў новых сяброў і гэтыя зборы дапамогуць мне ў далейшым (Яўген Буянаў).

А ці патрэбны такія профільныя змены?

— А як жа! — адгукаецца Іван Багуцкі. — Патрэбны хаця б для таго, каб зразумець што такое армія і,

нават, проста — каб юнакі прывыкалі да дысцыпліны і парадку.

Народная прыказка вучыць: “Усё новае — гэта добра забытае старое”. На маёй памяці за апошнія 19 гадоў — гэта першыя буйнамаштабныя вучэбныя ваенна-палявыя зборы. І хочацца верыць, што яны нечаму навучылі…

У. СЕРАДЗІНСКІ.

Настаўнік Старагабскай школы-сада.