Ваенны фінансіст — запатрабаваная спецыяльнасць

49

У НАШАЙ краіне функцыянуе дакладна выбудаваная сістэма падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў як для Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, так і для іншых сілавых ведамстваў. Абітурыенты могуць выбраць любую ваенную спецыяльнасць. Адна з запатрабаваных — ваенны фінансіст. Пра тое, як ім стаць, гутарым з начальнікам групы прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята раёна Алегам КАЛЕСНІКАМ.

— Алег Мікалаевіч, што гэта за спецыяльнасць — ваенны фінансіст?

— Ваенны фінансіст — спецыфічная ваенная спецыяльнасць. Звязана яна з вядзеннем фінансавай гаспадаркі, якая ўплывае на забеспячэнне баявой і што­дзённай дзейнасці войскаў. Ваенны фінансіст адказвае за ўлік, справаздачнасць, своечасовае і поўнае налічэнне і выплату грашовага забеспячэння і заработнай платы, утрыманне падаткаў, планаванне, законнае і эфектыўнае расходаванне грашовых сродкаў. Ён забяспечвае своечасовае фінансаванне ўсіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў воінскай часці. Лічу, што з часам і ў цывільным жыцці такі спецыяліст без працы не застанецца.

— Дзе можна атрымаць гэту спецыяльнасць?

— Падрыхтоўка ажыццяўляецца на ваенна-тэхнічным факультэце ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Дарэчы, гэты факультэт лічыцца адным з лепшых у нашай краіне па стане вучэбна-матэрыяльнай базы, сучасных методыках выкладання. Актыўна выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы будучых фінансістаў таксама камп’ютарныя тэхналогіі. Годныя там і сацыяльна-бытавыя ўмовы для курсантаў.

— Якія ваенна-спецыяльныя дысцыпліны там вывучаюцца?

— Спецыялісты рыхтуюцца на цыкле “Арганізацыя фінансавай дзейнасці войскаў” кафедры тактыкі і агульнаваеннай падрыхтоўкі. Асноўныя дысцыпліны наступныя: фінансавае забеспячэнне воінскай часці; грашовае забеспячэнне ваеннаслужачых; аплата працы; вайсковая гаспадарка; арганізацыя фінансавага забеспячэння войскаў; асновы ваеннага заканадаўства; працоўнае права; дзяржаўны бюджэт; дзяржаўны фінансавы кантроль; справаводства воінскай часці.

— Выпускнікі адпавядаюць усім сучасным патрабаванням да спецыялістаў такога профілю?

— Так. Для падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў на ваенна-тэхнічным факультэце ёсць усё неабходнае. Дазваляе гэта рабіць якасна, на сучасным узроўні створаная там вучэбна-матэрыяльная база. Ёсць у дастатковай колькасці неабходнай літаратуры, электронных метадычных комплексаў. Падабраны склад выкладчыкаў. Большасць — сапраўдныя прафесіяналы, якія маюць багаты практычны вопыт працы па спецыяльнасці.

— Раскажыце пра ўмовы пражывання, заняткі ў вольны час.

— Пражыванне і харчаванне курсантаў ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспуб­ліканскага бюджэту. Таксама ім штомесяц выплачваецца грашовае забеспячэнне. Яно залежыць ад прысвоенага воінскага звання, пасады і паспяховай здачы залікаў і экзаменаў. Ёсць магчымасць займацца спортам, навукова-даследчай і грамадскай дзейнасцю. З курсантамі заключаецца кантракт на тэрмін вучобы і на пяць год ваеннай службы пасля заканчэння навучання. Выпускніку прысвойваецца першае воінскае званне афіцэрскага складу — лейтэнант і кваліфікацыя — “эканаміст-менеджар”. Тэрмін вучобы — чатыры гады.

— Алег Мікалаевіч, назавіце, калі ласка, дзеянні абі­турыента, які пажадаў выбраць для сябе спецыяльнасць ваеннага фінансіста?

— Каб стаць ваенным фінансістам, патрэбна зра­біць пяць крокаў. Крок 1: да 1 красавіка года паступлення падаць заяву ў ваенны камісарыят раёна па месцы жыхарства. Да яе прыкласці дакументы ў адпаведнасці з існуючым парадкам прыёму. Крок 2: у тэрміны, якія ўстаноўлены ваенным камісарыятам раёна, прайсці прафесійны адбор: па стане здароўя, па фізічнай падрыхтаванасці, а таксама па прафесійна-псіхалагічным паказчыку. Крок 3: паспяхова закончыць сярэднюю школу. Крок 4: здаць цэнтралізаваны экзамен па рускай (беларускай) мове і цэнтралізаванае тэсціраванне — па матэматыцы. Крок 5: падаць дакументы, неаб­ходныя для паступлення на вучобу, у прыёмную камісію ваенна-тэхнічнага факультэта ў Беларускі на­цыянальны тэхнічны ўніверсітэт.

Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.