Узнагароды — самым таленавітым і актыўным

200

Узнагароды — самым таленавітым і актыўнымУ МЯДЗЕЛЬСКАЙ СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі ў мінулую пятніцу адбыліся школьныя лінейкі. У перапынку паміж урокамі, каб, як кажуць, не адрывацца ад навучальнага працэсу. Але і ў такім сціслым фармаце мерапрыемства атрымалася цікавым, змястоўным і, самае галоўнае, запамінальным. Бо прысвечана было самым таленавітым і актыўным вучням гэтай адукацыйнай установы, якія праявілі сёлета сябе ў розных сферах школьнага жыцця.

Напачатку першай лінейкі (на ёй прысутнічалі вучні 5-8 класаў) намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Іна Навумчык адразу акцэнтавала ўвагу дзяцей на акцыі “Бяспечныя канікулы”, неабходнасці правільных паводзін на вуліцах і дарогах, у грамадскіх месцах, захоўванні пажарнай бяспекі. У тым ліку, гаворка ішла і пра забарону на набыццё петардаў.І затым пачалася прыемная працэдура ўзнагароджвання. Так, вучань 5 “А” класа Канстанцін Кацкель атрымаў дыплом за актыўны ўдзел у агульнаадукацыйнай праграме “Аист”. Вызначыўся гэты клас і ў конкурсе плакатаў, што праводзіўся ў рамках Тыдня здаровага ладу жыцця.

Узнагароды — самым таленавітым і актыўным8 “А”,7 “В” і 9 “Б” сталі прызёрамі, а пераможцам — 5 “А” у акцыі па зборы макулатуры пад назвай “Зберажом лес!”. Назвалі тут лепшых і ў асабістым заліку (норма была — 10 кілаграмаў на чалавека). Граматы атрымалі вучаніцы 5 “А” класа Ангеліна Апановіч і 8 “Б” — Крысціна Батракова, вучань 8 “А” класа Антон Капцюг і Лізавета Качарго з 7 “Б”. Калі папытаўся ў пераможцаў, як ім удалося сабраць так шмат макулатуры, яны дружна адказалі, што вельмі дапамаглі бацькі. Ангеліну, напрыклад, выручыла мама. Інэса Васільеўна працуе дырэктарам мядзельскага “Еўраопта”, і, канечне, падключыла дзеля дачушкі еўраоптаўскі “рэсурс”.

Падчас наступнай лінейкі сабраліся для падвядзення вынікаў 2-4 класы. Выступіла перад дзецьмі старшы інспектар АДАІ РАУС Анастасія Палько. Яна расказала аб правах і абавязках маленькіх пешаходаў, папыталася, ці ёсць у іх флікеры, схемы бяспечнага руху. Выступіў таксама інспектар МНС Дзяніс Малько, які яшчэ раз нагадаў аб захаванні пажарнай бяспекі ў навагоднія святы.

І зноў — урачыстая цырымонія ўручэння ўзнагарод. Было іх нямала, самыя актыўныя і здольныя школьнікі вызначыліся ў некалькіх “намінацыях”. Найперш называюць пераможцаў міжнароднага матэматычнага конкурсу “Кенгуру”. Імі сталі вучні 2 “А” Дзяніс Барыеў і Павел Бярняк 2 “Б” класаў. Яны атрымалі граматы і прыгожыя кніжкі з задачамі па матэматыцы, каб можна было ўдасканальвацца і надалей. Заданне па зборы макулатуры найлепш выканалі вучні 3 “Б” класа — яны сабралі 837 кілаграмаў. 611 кілаграмаў на рахунку 2 “А” класа і 398 — 4 “Б”. А ў асабістым заліку найбольш вызначыўся вучань 3 “Б” класа Раман Гаммель, які здаў 550 кілаграмаў. Прызёрамі гэтага конкурсу сталі Ксенія Рогач, Дзяніс Барыеў, Аліна Шу¬ванава і Арсеній Капцюг.

А яшчэ вучань 9 “Б” класа Яўген Лушчык.Узнагароды — самым таленавітым і актыўным

Потым папытаўся ў Дзяніса Барыева, які з трох конкурсаў, дзе ён удзельнічаў, аказаўся самым цікавым.

— “Кенгуру”, — не задумваючыся адказаў хлапчук. — Складаныя задачы патрапіліся, але ўсё атрымалася. Гэта дзякуючы настаўніцы Галіне Аляксееўне, добра навучыла! Ды і мама дапамагае заўсёды рыхтавацца да ўрокаў.

— А хто табе дапамог? — спытаў у лідара конкурсу па зборы макулатуры Рамана Гаммеля.

— Мама. У краме ў яе шмат розных скрынак, іншых адыходаў. А тата з дзядулем прывезлі ўжо сюды макулатуру на “бусе”.

У школе прайшла выстава-конкурс “Лёд, кветкі, фантазія”. Патрэбна было разам з бацькамі падрыхтаваць розныя падзелкі на адпаведную тэматыку, у тым ліку і прысвечаныя чэмпіянату свету па хакеі. Пераможцамі тут сталі Аліна Валюк і яе мама Кацярына Анатольеўна, Кацярына Васільева і яе мама Алена Іванаўна, Дзяніс Барыеў і яго мама Іна Іванаўна. Не засталіся па-за ўвагай і шматлікія прызёры гэтай выставы.

Для вучняў чацвёртых класаў важным этапам сталі школьныя алімпіяды, бо гэта першае для іх сур’ёзнае выпрабаванне на веды. Лепшае веданне беларускай мовы паказаў Аляксей Грузд, а па рускай — другое месца занялі Кацярына Васільева і Кацярына Гоман, трэцяе — Усевалад Януковіч. Другое месца па матэматыцы заняла Кацярына Васільева, а трэцяе — Сняжана Маляёнак. Адразу ў дзвюх намінацыях паказала выдатныя веды Аліна Шуванава — перамагла ў алімпіядзе па рускай мове і стала другой па беларускай. А Вадзім Валасевіч дык і ўвогуле вызначыўся ў трох. У яго першае месца па матэматыцы, другое — па рускай мове і трэцяе — па беларускай.

Шэраг вучняў былі адзначаны дыпломамі за актыўны ўдзел у рабоце аб’яднання “Ахова птушак бацькаўшчыны”.

Дырэктар школы Іна Ромель на развітанне сказала, звяртаючыся да дзяцей:

— Прыемна, што сёння было так шмат узнагарод. Гэта сведчыць аб тым, што вы ўсе актыўныя, здольныя, цікавыя, ініцыятыўныя. Так трымаць і надалей!

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымках: 1. Кагорта пераможцаў: Раман Гаммель і Арсеній Капцюг (верхні рад), Павел Бярняк, Ксенія Рогач, Дзяніс Барыеў; 2. Актыўны ўдзельнік агульнаадукацыйнай праграмы «Аист» аб’яднання “Ахова птушак бацькаўшчыны” пяцікласнік Канстанцін Кацкель; 3. Антон Капцюг і Ангеліна Апановіч — лепшыя па зборы макулатуры.

Фота Георгія Прысмакова.