У «Зубраняці» адбылася змена «Свята паэзіі «Нарачанскія сосны»

163

У "Зубраняці" адбылася змена «Свята паэзіі «Нарачанскія сосны»Падчас кожнай змены ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» праводзіцца шмат мерапрыемстваў. Нядаўна прайшла незвычайная змена, якая называлася «Свята паэзіі «Нарачанскія сосны». 145 хлопчыкаў і дзяўчынак са школ Мядзельшчыны правялі тут тры незабыўныя дні, якія былі напоўнены цікавымі мерапрыемствамі. Бягучы год аб’яўлены ў Беларусі Годам кнігі. Ён багаты на юбілеі вядомых пісьменнікаў і паэтаў. Сёлета мы адзначалі 130-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, якія ўнеслі вялікі ўклад у станаўленне і развіццё нацыянальнай літаратуры. Іх творчасць адлюстроўвае гісторыю, быт, пачуцці і памкненні беларусаў. Па ўсёй рэспубліцы прайшло святкаванне 100-годдзя з дня нараджэння  Максіма Танка. Таму гэта змена і была прымеркавана да юбілею нашага славутага земляка. Сярод шматлікіх мерапрыемстваў, а гэта прагулка па возеры Нарач на катэры, наведванне басейна, дыскатэкі, канцэрт з удзелам групы «Дзя­дзя Ваня», была і сустрэча з беларускімі паэтамі.

Актавая зала запоўнена. І гэта зразумела: далёка не кожны дзень у дзяцей ёсць магчымасць мець зносіны з майстрамі вершаваных радкоў. А на сустрэчу завіталі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі:  галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка», лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, старшыня дзіцячага фонду Уладзімір Ліпскі; празаік, публіцыст, драматург, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужаны журналіст, галоўны рэдактар часопіса Саюза пісьменнікаў саюзнай дзяржавы «Белая вежа», аўтар кнігі нарысаў «Нарачанскія вёсны» Васіль Шырко; паэт, фотамастак, адказны сакратар часопіса «Маладосць» Рагнед Малахоўскі; паэт, празаік, кампазітар, супрацоўнік рэдакцыі газеты «Звязда» Дзмітрый Пятровіч; паэт, літаратурны рэдактар часопіса «Вясёлка» Алесь Бараноўскі; паэт, загадчык аддзела эканомікі і рыначных адносін рэдакцыі газеты «Нарачанская зара» Аляксандр Быкаў.  Ганаровых гасцей запрасілі на сцэну. Першаму слова далі Уладзіміру Ліпскаму. Ён шчыра і цёпла прывітаў прысутных, заклікаў па-сапраўднаму пасябраваць з кнігай, паэ­зіяй. Прыгадаў пісьменнік свае сустрэчы з Максімам Танкам, прачытаў любімы верш знакамітага паэта «Вёска мая» і свае творы.

Уважліва слухалі дзеці выступленне Васіля Шырко. Ён паведаў, як працаваў над кнігай «Нарачанскія вёсны», якая прысвечана працавітым і гасцінным людзям цудоўнай Мядзельшчыны. Маляўнічыя краявіды Нарачанскага краю, шэпт азёрных хваль заўсёды натхнялі і натхняюць на творчасць маладога паэта Рагнеда Малахоўскага. І гэта невыпадкова. Яго дзяцінства прайшло на беразе возера Нарач. Ён агучыў свой верш «Нарочча» і іншыя творы. Аляксандр Быкаў прачытаў верш «Восенню на радзіме Максі­ма Танка», які ён прысвяціў знакамітаму паэту. А вось Дзмітрый Пятровіч выйшаў на сцэну з гітарай. Ён праспяваў песню «Пералётная птушка» на словы яшчэ аднаго нашага земляка паэта Міколы Шабовіча.

Нельга не адзначыць, што ў зале прысутнічалі хлопчыкі і дзяўчынкі, якія не проста захапляюцца літаратурай, але і самі пішуць вершы. Многія з іх увайшлі ў зборнік «Случайных слов цветные витражи». Пад бурныя апладысменты ўдзячных гледачоў вядучыя запрашаюць на сцэну юных паэтаў. Вучаніца 8 класа Свірскай сярэдняй школы Анастасія Лобач чытае свой верш «Максіму Танку». Яе змяняе Дар’я Грыбовіч з Будслаў­скай сярэдняй школы. Гучаць творы і іншых юных паэтаў сінявокай Мядзельшчыны. Варта адзначыць, што ў вышэйназваным зборніку вершаў змешчаны таксама творы Наталлі і Вадзіма Груздоў са Старых Габ, Эвеліны Гуйскай з Камарова і  Уладзіслава Вербіловіча з Занарачы, Аляксандры Карзюк і Лізы Хвалько з Пузыроў, Дар’і Андрэевай са Свіры і Арцёма Лаеў­скага з СШ №2 г. Мядзел, Анастасіі Грыбовіч, Інгі Мацко, Веранікі Матошка, Кацярыны Януцэвіч, Валерыі Логінавай, Кацярыны Хацяновіч, Кацярыны Штура  і Анастасіі Рудкоўскай з Будслаўскай сярэдняй школы імя Паўліны Мядзёлкі, Анастасіі Федарэц са Слабодскай сярэдняй школы імя Адама Гурыновіча. Для многіх з іх выступленне на сцэне НДЦ «Зубраня» сапраўды стала «Мінутай літаратурнай славы». Далёка не кожны дзень цябе слухаюць сапраўдныя паэты, апладзіруюць твайму старанню і майстэрству. Усяго ў зборніку змешчаны 91 верш юных талентаў Мядзельшчыны.

Выступленні паэтаў чаргавалі­ся музычнымі нумарамі. Танцавальнымі замалёўкамі. Было цікава і весела. Пасля заканчэння афіцыйнай часткі мерапрыемства дзеці разышліся па альтанках, каб у нефармальнай абстаноўцы пагутарыць са знакамітымі гасцямі, выслухаць іх парады, задаць цікавячыя пытанні. Застаецца дадаць, што як госці, так і кожны прысутны на памяць пра змену «Свята паэзіі «Нарачан­скія сосны» атрымаў зборнік «Случайных слов цветные витражи».

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: Уладзімір Ліпскі ў час сустрэчы з дзецьмі.

Фота Таццяны Несцярэнкі.