У Старлыгах прайшоў тыдзень прававых ведаў

266

У Старлыгскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-САШ імя І. Аніські прайшоў тыдзень прававых ведаў. Падчас яго ў рамках абласной прафілактычнай акцыі «Кожнаму дзіцяці — наша ўвага!» навучальную ўстанову наведалі супрацоўнікі аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага аб­слугоўвання насельніцтва. Гэта псіхолаг Жанна Юр’еўна Лукашонак, спе­цыяліст па сацыяльнай рабоце Аксана Валянцінаўна Андрон і загадчыца аддзялення Аксана Дзмітрыеўна Сіськевіч. Былі праведзены псіхалагічны трэнінг «Сям’я вачыма дзіцяці» і ток-шоу «Прыняцце рашэння». Актыўны ўдзел у названых мерапрыемствах прынялі вучні 8-11 класаў.

Акрамя таго, загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі МТЦСАН Аксана Дзмітрыеўна Сіськевіч разам з сацыяльным педагогам ВПК дзіцячы сад-САШ  Ліліяй Дзмітрыеўнай Шэлест пабывалі ў сем’ях, якія знахо­дзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Такіх,  дарэчы, у старлыгскім рэгіёне 6. Пагутарылі з бацькамі, растлумачылі прычыны пастаноўкі на ўлік. Акрэслілі праблемы дзяцей, якія вымушаны існаваць у неспрыяльных умовах, не бачачы паўсядзённых клопату і ўвагі ў свой адрас з боку татаў і мамаў, для якіх не родныя крывінкі, а налітая чарка стала сэнсам жыцця. Акрамя таго, раздалі буклеты. Чатыры сям’і — Таццяны Францаўны Вярбіцкай, Аляксандры Леанідаўны Каток, Марыны Браніславаўны Мароз і Чаславы Іванаўны Свірыд — атрымалі пасылкі з гуманітарнай дапамогай.  Дзвюм астатнім сем’ям такія пасылкі былі ўручаны раней.

Хочацца спадзявацца, што размовы, якія адбыліся, не пройдуць для названай катэгорыі бацькоў дарэмна. Што і гутаркі, і атрыманыя буклеты з парадамі, псіхалагічнымі кансультацыямі, юрыдычнымі даведкамі стануць для іх чарговым напамінкам, што так далей жыць нельга, што настаў час спыніцца, задумацца пра свой лёс і будучыню ўласных дзяцей. Паспрабаваць змяніцца ніколі не позна. У імя святла сямейнага ачага, шчасця і дабрабыту крывінак, якія так гэтага чакаюць.

Засталося дадаць, што арганізатарам названага, а таксама некаторых іншых мерапрыемстваў, наладжаных падчас тыдня прававых ведаў, выступіла сацыяльны педагог Старлыгскага ВПК дзі­цячы сад-САШ імя І. Аніські Лілія Дзмітрыеўна Шэлест.

Марыя  ЛУБНЕЎСКАЯ.