У Мядзеле заклалі алею ў знак памяці пра знакамітага земляка

204

У Мядзеле заклалі алею ў знак памяці пра знакамітага землякаАддаючы даніну павагі народнаму паэту Беларусі Максіму Танку, падчас рэспублікан­скага свята, прысвечанага стагоддзю з дня яго наражэння, каля га­радскога Дома культуры адбылася цырымонія адкрыцця закладнога каменя. Пазней на яго месцы з’явіцца помнік, узведзены ў гонар песняра. А ў юбілей паэта тут сабраліся школь­нікі — прадстаў­нікі самай масавай маладзёжнай арганізацыі — грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, каб закласці алею — у знак памяці пра знакамітага земляка.

Вядучыя — вучні Мядзель­скай СШ №1 імя У. Дубоўкі Анастасія Тачыцкая і Ілья Гушча, пачынаючы мерапрыемства, адзначылі, што Танк і сёння з’яўляецца для нас зоркай першай велічыні. Яго творчасць аднолькава ўспрымаюць і разумеюць усе, каму дарагія такія каштоўнасці, як Зямля, Маці, Радасць, Жыццё, Праўда, Каханне, Мастацтва… Свет паэзіі Максіма Танка адкрыты сэрцу кожнага, хто жыве прагай красы і спагады, дабрыні і любові. У адным са сваіх вершаў паэт пісаў:

“Садзіце лясы! Садзіце лясы

Ва ўсе гадавіны,

                  прыгоды часы!

І саджанцам,

   як немаўлятам зялёным,

Давайце на хрэсьбінах

                 гэтых імёны —

Імёны сваіх

         незабыўных бацькоў,

Імёны каханых,

                   імёны сяброў…

Каб дрэвы і ранняй,

                    і позняй парой

Заўсёды шумелі

             над мірнай зямлёй.

Нарэшце наступае самая ўрачыстая хвіліна — вучні бяруць дрэўцы — каштаны, дубы і пачынаюць садзіць іх у падрыхтаваныя загадзя лункі. Затым старанна іх паліваюць, падвязваюць, каб не паламаліся ад моцных вятроў.

Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама І. В. Рагоўская, звяртаючыся да старшакласнікаў, адзначыла, што гэта прыгожая алея закладзена ў гонар знакамітага паэта, дзяржаўнага дзеяча, якога ўзрасціла слынная Мядзельская зямля. Дык няхай дрэўцы набіраюцца сілы і моцы і год ад году радуюць усіх сваёй зелянінай і ўсхваляюць талент Максіма Танка, ускалыханы плёскам хваляў прыгажуні-Нарачы, шэптам вечназялёных сос­наў. Выказала кіраўнік сістэмы адукацыі раёна падрастаючаму пакаленню пажаданне: пастарацца не згубіцца ў віхуры хутка­плыннага жыцця, паспрабаваць знайсці сваё месца на гэтай зям­лі, а калі пашанцуе, то і свой ад­метны след на ёй пакінуць. Ну, як Максім Танк, напрыклад.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: у час пасадкі алеі, прысвечанай Максіму Танку.

Фота Таццяны Несцярэнкі.