У Мядзеле прывіталі школьную пару

244

1

У дзяцей, якія завіталі ў апошні летні дзень на плошчу Шаранговіча ў Мя­дзеле, вочы проста разбягаліся. Тут было столькі за­баў: разнастайныя гульнявыя пляцоўкі, вялізныя на­дзіманыя горкі, дзіцячае кафэ са смачным марожаным, салодкія пачастункі… Гэта праходзіла свята «Ві­таем, школьная пара!».

Сабраліся ў цэнтры Мя­дзела дзеці розных узростаў. У адной з удзельніц — вучаніцы гімназіі-інтэрната Насці Хацяновіч — запытаў:

— Як для цябе прайшло лета?

— Першыя два тыдні рыхтавалася да экзаменаў. Потым адпачывала ад іх, хадзіла на возера. У ліпені ездзіла ў санаторый у Дру­скенінкай, правяла там 25 дзён. Паехалі тры чалавекі з Мядзельскага раёна. Бы­ло вельмі весела, шмат сяб­роў займела, ды і працэдуры патрэбныя прыняла. У жніўні  працавала два тыд­ні ў Мядзельскай ЖКГ. Аздаравілася, набралася эмоцый і з добрым настроем іду на вучобу.

І вось пачынаецца афіцыйная частка свята. Пасля ўступных слоў вядучай Галіны Красоўскай з прывітальным словам да бацькоў, настаўнікаў і дзяцей звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Іна Іванаўна Барыева:

— Жадаю ўсяго самага найлепшага, здароўя, шчас­ця, поспехаў, хай спаўняюцца ўсе вашы запаветныя мары. Але памятайце,  што толькі ў казках жаданні выконваюцца па ўзмаху чароўнай палачкі, а ў жыцці лепшы чараўнік — ваша штодзённая праца. Таму жадаю не ленавацца, працаваць, дасканала вывучаць прадметы, якія прапануе школьная праграма.4

Павіншавала дзяцей настаўні­ца Мядзельскай СШ №1 Галіна Аляксееўна Сёмка. Дзеці прадэманстравалі ўзо­-
ры школьнай мо­ды. Потым падвялі вынікі ак­цыі «Дапамажы сабрацца ў школу». Намеснік начальніка аддзела адукацыі Т. Г. Ефімава адзна­чыла, што актыўнымі ўдзель­нікамі гэтай акцыі былі як жыхары горада, так і грамадскія арганізацыі, прадпрыемствы. Уручыла Таццяна Генадзьеўна падзячныя лісты аддзела адукацыі тым, хто вызначыўся ў акцыі — Р. Я. Цім­кавіч, І. І. Навумчык, Н. М. Івашка, Марыі Яцына, Анастасіі Лагутка.

Летам дзеці не толькі адпачывалі, але і працавалі. Пра гэта нагадалі прадстаўнікі райкама БРСМ і аддзела па справах моладзі і ўзнагародзілі актыўных удзельнікаў сту­дэнцкіх атрадаў і працоўных аб’яднанняў школьнікаў. А менавіта Наталлю Бажэлка, Маю Петнічэнка, Анастасію Гушча, Яўгенію Качарго, Анжаліку Якубовіч, Уладзіслава Дземашкевіча (бу­дзе перададзены падарунак і Віталю Кішчыцу).

3Вучні Мядзель­скай СШ №1 Ула­дзіслаў Хліманкоў, Ілья Субач, Міхаіл Атрошка таксама апынуліся ў лі­ку ўзнагароджаных.

— Што ж вы рабілі летам? — пацікавіўся ў іх.

— Працавалі ў атрадзе пры ПМС, у Лук’янавічах. Цэмент кідалі, асфальт клалі ды іншае — тое, што рабілі астатнія рабочыя.

Тым часам бацькі маглі задаць пытанні кіраўніцтву аддзела адукацыі, навучальных і пазашкольных устаноў — працаваў «адкрыты мікрафон». А найчасцей давялося адказваць дырэктару Мядзельскага між­школьнага вучэбнага вытворчага камбіната Наталлі Міхайлаўне Гірынай.

Цікавасць у юных модніц выклікаў майстар-клас па дзіцячых прычосках. Паказвалі майстэрства не толькі мядзельскія цырульніцы, прыехалі майстрыхі з Вілейскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа.

—     Тут двое дарослых і дзве навучэнкі, — расказала майстар вытворчага навучання каледжа Вольга Леанідаўна Каркоцкая. — Думаю, юным мядзяльчанкам цікава — вунь і чарга ўжо выстраілася.

Гэтак жа нямала жадаючых было праверыць свае здольнасці ў турыстычных навыках на пляцоўцы «Рабінзанада». Яшчэ дзеці з задавальненнем спявалі ў караоке-клубе, удзельнічалі ў вясёлых спаборніцтвах на гульнявых пляцоўках, гарталі кнігі на «Літаратурнай паляне». Майстар-класы правялі кіраў­нікі гурткоў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, можна было больш даведацца пра названую установу. Запрашаў у свае5 гурткі таксама гарадскі Дом культуры. А быў яшчэ і святочны канцэрт з удзелам выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў і аддзела культуры, і дыскатэкі, і дэманстрацыя мультфільмаў — словам, напрыканцы канікулаў атрымалася сапраўднае свята для дзяцей.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.

Фота аўтара.

Як мы рыхтаваліся?

На пытанне адказвае Наталля Міхайлаўна Анішкевіч:

— Наш сын Ігар пойдзе ў другі клас. Да новага навучальнага года пачалі рыхтавацца з пачатку жніўня. Рэчы набывалі ў Мінску, у ЦУМе. Да іх выбару падышлі адказна — куплялі беларускае. Як і сярод адзення, абутку, так і канцылярскіх прыладаў аддалі перавагу якаснаму тавару. Упэўнена, што ў выбраных намі рэчах сын будзе адчуваць сябе зручна і камфортна. А гэта, вядома, пас­прыяе стараннай вучобе. Мы задаволены сваім выбарам, а галоўнае, што дзіця з вялікім задавальненнем і наст­роем ідзе ў школу. А нам, бацькам, бачыць радасныя вочы і добрыя адзнакі ў дзённіку — сапраўднае шчасце.

Наш кар.