Сёння, 9 снежня, у Мядзельскім музеі народнай славы прайшло мерапрыемства “Памяць і боль”, прысвечанае Міжнароднаму дню памяці ахвяр злачынства генацыду, устаноўленага ў верасні 2015 года Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Удзел у ім прынялі вучні 6-ых класаў Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі.
У поўнай меры адчуў на сабе праяўленні генацыду наш беларускі народ у гады Вялікай Айчыннай вайны. Расстрэлы актывістаў, яўрэйскага насельніцтва, стварэнне лагераў смерці, гета, спальванне разам з людзьмі вёсак, угон на катаржныя работы ў Германію працаздольнага насельніцтва — далёка не поўны пералік зверстваў фашыстаў. Пра гэта гаварылі вядучыя мерапрыемства — супрацоўнікі музея Таццяна Пісарчык і Аляксей Камолаў.
Нельга было без злёз глядзець і слайды, на якіх адлюстраваны расправы нацыстаў над мірнымі людзьмі.
Сваімі ўспамінамі аб вайне і яе ахвярах падзяліўся з прысутнымі ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Гардон. Міхаіл Гершэнавіч расказаў пра прыход нямецка-фашысцкіх захопнікаў на Мядзельшчыну, пра стварэнне ў Мядзеле гета, пра жудаснае знішчэнне ворагамі мірнага насельніцтва. Заклікаў берагчы мір на зямлі.
• Ужо першыя следчыя дзеянні па ўзбуджанай Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь у красавіку 2021 года крымінальнай справе па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны паказалі, што маштабы трагедыі беларускага народа значна большыя, чым меркавалася раней, — адзначыў пракурор раёна Віталій Афанасенка. — У ходзе расследавання пракуратурай раёна было ўстаноўлена раней невядомае месца пахавання жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці вёскі Ніўкі, якія ў жніўні 1941 года былі расстраляны фашыстамі. Пры правядзенні там у 2021 годзе раскопак знойдзены косныя астанкі не менш 50-ці чалавек, у тым ліку жанчын і дзяцей.
Пазнаёміліся школьнікі і з экспазіцыяй, прысвечанай генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, дзе выкарыстаны матэрыялы, падрыхтаваныя пракуратурай раёна.
Ведаць пра такія факты — наш абавязак, каб мінулая трагедыя больш не паўтарылася. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі мерапрыемства.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.