У ліку лепшых на тэлепраекце!

231

У ліку лепшых на тэлепраекце!НЕ так даўно наша газета паведамляла пра ўдалае выступленне вучаніц Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў на II Міжнародным тэлевізійным праекце “Кубак Дружбы”. Прыемна, што ва ўзроставай намінацыі
8-9 гадоў вызначыліся ўсе юныя прадстаўніцы азёрнага краю. У прыватнасці, салісткі Марыя Валюк і Лізавета Томкавіч атрымалі дыпломы лаўрэатаў II ступені. Ансамбль “Канфеці” ў складзе Марыі Валюк, Лізаветы Томкавіч, Анастасіі Малько і Валерыі Роўды адзначаны дыпломам III ступені. Дарэчы, усе дзяўчынкі — выхаванкі педагога Кацярыны Цурганавай. Больш падрабязна расказаць пра гэты конкурс папрасіла дырэктара дзіцячай школы мастацтваў Алену КАСАРЭЎСКУЮ.

— Пачынаючы з 2012 года нашы выхаванцы з усіх прэстыжных конкурсаў спевакоў прывозяць дыпломы пераможцаў. Першымі вядомасць і нашаму гораду, і ўстанове музычнай адукацыі прынеслі ўдзельнікі квартэта “Агеньчыкі”. Прыемна, што на змену ім прыйшлі новыя юныя таленты. Дарэчы, летась на Міжнародным конкурсе мастацтваў “Tallented Kids”, які праходзіў у Мінску, удала выступілі салісткі Маша Валюк і Ліза Томкавіч, а таксама дуэт у складзе Лізы Томкавіч і Леры Роўды. А сёлета маленькія “зорачкі” зноў парадавалі нас.
— Алена Іванаўна, у чым адметнасць нядаўняга конкурсу?
— Гэта быў тэлевізійны праект. А таму ўмовы для выступлення былі нязвыклыя: навокал мноства тэлевізійных камер, проста ў твар свецяць пражэктары, у зале — цемра. У такой незвычайнай сітуацыі важна было не разгубіцца: не толькі спакойна выйсці на сцэну, але і выкласціся, як кажуць, на поўную катушку. Нашы дзяўчынкі выдатна справіліся з пастаўленай задачай. Мы самі глядзелі іх выступленне ў інтэрнэце, хварэлі за іх усёй школай, бо вялася прамая трансляцыя з Палаца культуры прафсаюзаў, дзе праходзіў конкурс. Маша спявала “Вальс”, а Ліза — песню пра маму. Абедзве выступалі надзвычай эмацыянальна, трымаліся, як сапраўдныя артысткі. Гледзячы на іх, мы і плакалі, і радаваліся. Гонар перапаўняў сэрцы. Было прыемна, што наша знакамітая Мядзельская зямля дала такіх юных самародкаў. Што мы іх добра ведаем, захапляемся іх прыгожымі і моцнымі ад прыроды галасамі. Што яны праслаўляюць музычную навучальную ўстанову з невялікага гарадка. Добра выступіў і наш ансамбль “Канфеці”. Ды інакш і быць не магло. Мы верылі ў дзяўчынак, і яны не падвялі.
— Тэлепраект міжнародны. Прадстаўнікі якіх краін удзельнічалі ў ім?
— За званне мацнейшых змагаліся каля 2000 удзельнікаў. Гэта і спевакі, і танцоры, і музыканты. Прадстаўлялі яны пяць краін: Расію, Беларусь, Украіну, Малдову, Кітай.
— А хто ацэньваў канкурсантак?
— Журы было вельмі кампетэнтнае. Старшыня яго — вядучы ў нашай краіне педагог па вакале Святлана Стацэнка. Яна ўзначальвае Нацыянальны цэнтр музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна. Гэта яе два выхаванцы ў ліку пераможцаў на дзіцячым Еўрабачанні. Прыемна, што, уручаючы ўзнагароды, старшыня журы адзначыла Мядзел. Па выніках конкурсу сярод лаўрэатаў нашы абедзве салісткі і ансамбль “Канфеці”. Атрымала падзяку і педагог дзяўчынак Кацярына Цурганава.
— Чым вы растлумачыце поспех нашых юных “зорачак”?
— Талент педагога ў спалучэнні са стараннасцю і працавітасцю дзяцей зрабілі сваю справу. І нядаўні конкурс, у якім яны ўдзельнічалі, зноў гэта пацвердзіў. Важна яшчэ і разуменне з боку бацькоў, якія падтрымліваюць, натхняюць. Нямалаважную ролю мае дапамога татаў і матуль і ў многіх арганізацыйных пытаннях. Яны і касцюмы самі набываюць, а часам адвозяць дзяцей на конкурсы і забіраюць адтуль. Вось вам і тры складнікі поспеху, без якіх нічога б не было: талент педагога, працавітасць адораных ад прыроды дзяцей і клопат бацькоў.
— Значыць, пераемнасць лепшых традыцый ва ўстанове адукацыі захоўваецца?
— Так, і гэта вельмі добра. Радуе, што наша невялікая школа з глыбінкі змагла заявіць пра сябе на прэстыжных конкурсах і на працягу значнага адрэзка часу трымае высокі статус. У многім гэта дзякуючы таленавітым вучням, якія былі і заўсёды будуць гонарам установы адукацыі.

Гутарыла
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.