Цэнтр грамадзянска-патрыятычнага выхавання ў Старагабскай школе-садзе

233

Цэнтр грамадзянска-патрыятычнага выхавання ў Старагабскай школе-садзеПЫТАННІ, як выхоўваць вучня ў сучасных умовах, як прывіваць падлеткам патрыятызм, ідэі гуманізму, хвалююць кожнага педагога. У ДУА «Старагабскі вучэбна-педага­гічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя агульнаадукацыйная школа» добрым падмуркам для фарміравання грамадзянска-патрыятычнай актыўнасці школьнікаў з’яўляецца гісторыка-краязнаўчы музей. Сваё існаванне ён пачаў у 1978 го­дзе. Першым этапам быў збор інфармацыі. Матэрыял накопліваўся гадамі і не мог змяшчацца ў краязнаўчым кутку кабінета гісторыі. Тагачасны настаўнік гісторыі Рычард Савельевіч Федарэц прапанаваў стварыць музей. І вось 20 ліпеня 1986 года ў дзень свята вёскі Старыя Габы ён быў урачыста адкрыты. Сёння ў му­зеі, які размяшчаецца ў будынку былога дзіцячага садка, налічваецца 6 раздзелаў: «Мінулае нашых мясцін да 1920 года», «Пад уладай буржуазна-памешчыцкай Польш­чы», «У дружнай сям’і савец­кіх народаў», «За гонар і незалежнасць Айчыны», «Пасляваеннае будаўніцтва» і «Гісторыя школы». Не цяжка зразумець, якія экспанаты, дакументы, фотаздымкі змяшчае кожны раздзел.

Але самі экспазіцыі з’яўляюцца няпоўнымі без расказу экскурсавода. Таму ў школе працуе гурток «Юны экскурсавод», якім кіруе выкладчык гісторыі Уладзімір Сяргеевіч Серадзінскі. Многія жадаюць паспрабаваць сябе ў ролі гіда, але гэта справа даволі клапатлівая і адказная, патрабуе шмат цярпення, авалодання дадатковымі ведамі. Не ў кожнага атрымліваецца. У час выпрацоўкі тэксту экскурсій вучні больш дэталёва знаёмяцца з гісторыяй і культурай сваёй краіны, жыццём людзей у ёй і далучаюцца да агульнанацыянальных каштоўнасцей народа, становяцца больш патрыятычна настроенымі. Гэтыя пачуцці і эмоцыі яны перадаюць іншым дзецям.

У нашых умовах роля музея ўвесь час узрастае, таму што менавіта праз яго можна давесці да школьнікаў веды па гісторыі і культуры свайго народа і паказаць у больш цікавай, чым на ўроках, форме. Ён становіцца цэнтрам грамадзянска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. Фарміраванне грамадзянскай сталасці школьнікаў, палітычнай і маральнай адказнасці ніколі не стаяла так востра, як цяпер, калі маладое пакаленне, як менш устойлівая частка насельніцтва, усё часцей уцягваецца ў розныя нефармальныя палітычныя рухі. Гэта добра разумеюць педагогі Старагабскай школы, таму і імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб выхаваць патрыятычна настроеных, нацыянальна свядомых грамадзян краіны.

На здымку: члены гуртка «Юны экскурсавод» разам з намеснікам дырэктара школы па вучэбна-выхаваўчай рабоце І. Ч. Босым уважліва слухаюць расказ вучаніцы 8 класа Дар’і Кавалёвай.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

Фота Таццяны Несцярэнкі.