Трыумф свірскіх школьнікаў

174

Трыумф свірскіх школьнікаўДЗЕНЬ піянерыі хлопчыкі і дзяўчынкі азёрнага краю адзначылі ў мінулую суботу спартыўным святам. 11 каманд, якія прадстаўлялі розныя ўстановы адукацыі раёна, дружна сабраліся ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры “Мядзел”, каб выявіць мацнейшую па гульні ў піянербол. Напачатку ўсіх прывітала метадыст раённага метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ніна Мікалаеўна Самко. Яна нагадала прысутным, што другі тыдзень новага навучальнага года аб’яўлены тыднем спорту і здароўя. Падчас яго школьнікі Мядзельшчыны праводяць мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне здаровага ладу жыцця.

Наступны прамоўца — старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” А. В. Карпей. Алена Вячаславаўна павіншавала хлопчыкаў і дзяўчынак са святам піянерыі, якое прайшло напярэдадні ў пятніцу.Пажадала поспехаў і ўдачы, аптымізму і спартыўнага азарту. Па яе меркаванні тытул пераможцы павінен дастацца самай моцнай і дружнай камандзе, якую і высветліць гульня. Яна ж і будзе прадстаўляць азёрны край на занальных спаборніцтвах у г. Маладзечна.

Трыумф свірскіх школьнікаўРаённыя спаборніцтвы аб’яўляюцца адкрытымі. Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Слова мае намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Л. А. Шыдлоўскі, які пазнаёміў з правіламі піянерболу.

Затым каманды разбіліся на дзве падгрупы: “А” і “Б”. Удзельнікі першай накіраваліся ў Мядзельскую сярэднюю школу імя У. Дубоўкі, а другой — засталіся ў зале фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. Увогуле мерапрыемства прайшло на належным арганізацыйным узроўні. Усе ўдзельнікі паказалі нядрэнную гульню. Тым не менш, вызначыліся самыя актыўныя. Так, у падгрупе “А” першае месца заняла дружына Свірскай сярэдняй школы, другое — гімназіі-інтэрната г. Мядзел. У падгрупе “Б” мацнейшай стала каманда Нарацкай СШ №1. На другім месцы вучні Нарацкай СШ №2. У фінальных спаборніцтвах упэўнена перамагла каманда Свірскай СШ. Другое і трэцяе месцы занялі адпаведна Нарацкая СШ №1 і гімназія-інтэрнат г. Мядзел. Пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Дыпломамі за ўдзел у спаборніцтвах былі заахвочаны і астатнія каманды. Засталося дадаць, што гонар раёна на занальных спаборніцтвах па піянерболу ў г. Маладзечна, які адбыўся 18 верасня, абараняла дружына са Свірскай сярэдняй школы. Яна ж і стала пераможцай, упэўнена абышоўшы сваіх сапернікаў.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымках: моманты спаборніцтваў па піянерболу.

Фота Аляксандра Высоцкага.