Таленавітыя дзеці — багацце нацыі

218

31На мінулым тыдні ў райвыканкаме адбылося ўшанаванне таленавітых і адораных вучняў, а таксама педагогаў школ раёна, якія ўнеслі асабісты важкі ўклад у развіццё іх інтэлектуальных і творчых здольнасцей. На мерапрыемстве прысутнічалі бацькі юных талентаў і запрошаныя госці. Вядучыя — першы сакратар райкама грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Галіна Міхайлаўна Красоўская і загадчык аўта¬клуба аддзела культуры райвыканкама Аляксандр Яўгенавіч Цыгельнікаў — шчыра вітаюць прысутных. Яны адзначаюць, што наша дзяржава зацікаўлена, каб маладыя людзі пастаянна ўдасканальваліся, развіваліся. З гэтай мэтай якраз і ажыццяўляецца падтрымка таленавітай моладзі, ствараюцца ўмовы для рэалізацыі яе творчых магчымасцей. Нават існуе спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, зацверджаны стыпендыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Агучаны былі і такія лічбы: сёлета стыпендыятамі раённага выканаўчага камітэта стануць 20 навучэнцаў агульнаадукацыйных школ Мядзельшчыны. А ўсяго за апошнія два гады такія стыпендыі былі ўручаны 66 вучням.
На сцэну запрашаецца старшыня раённага выканаўчага камітэта А. І. Даніленка. Аляксандр Іванавіч са словамі ўдзячнасці звяртаецца да педагогаў і бацькоў, якія змаглі своечасова разгледзець здольнасці юных асоб і даць штуршок для іх далейшага развіцця. Сапраўды, дзякуючы сумесным намаганням, пастаяннай падтрымцы і выраслі таленавітыя, адораныя маладыя людзі, якія змаглі дабіцца адпаведных вынікаў у вучобе, спорце, культурным жыцці і сёння адстойваюць гонар класа, школы, раёна, вобласці, рэспублікі. А ў недалёкім будучым менавіта яны пасадзейнічаюць далейшаму рос¬квіту нашай дзяржавы, павышэнню яе іміджу на міжнародным узроўні. Кіраўнік раёна пажадаў сфатаграфавацца на памяць з юны¬мі дараваннямі. І разам з тым выказаў спадзяванне, што наступны год стане яшчэ больш важкім і ўра¬джайным на таленты. Выказваючы ўдзячнасць маладым людзям, якія сабраліся для ўшанавання ў зале пасяджэнняў райвыканкама, Аляксандр Іванавіч пажадаў ім цярпення і вытрымкі. А самае галоўнае — ні ў якім разе не спыняцца на дасягнутым, упарта ісці наперад — да пастаўленай мэты.
Затым пачынаецца цырымонія ўзнагароджання. Пасведчанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь уручаны вучню Нарацкай СШ №2 Піліпу Путра, а за былых гімназістаў, а зараз студэнтаў, Максіма Вяруціна — яго бабулі Тамары Паўлаўне, Юлію Грышкевіч — яе тату. Стыпендыі раённага выканаўчага камітэта
атрымалі Аляксандр Курцэвіч, Караліна Станчык, Уладзімір Цяляк, Сяргей Ляшковіч, Валерыя Фанарук, Аляксандр Малько, Віктар Плакса з гімназіі-інтэрната г. Мядзел, Валерыя Сульжыцкая, Аляксей Жукоў¬скі, Анастасія Хацяновіч, Алена Карпей, Віталія Івашкова, Сяргей Цімановіч з Мядзельскай СШ №1 імя У. Дубоўкі, Яўген Дегцяроў і Аляксей Талочка з СШ №2 г. Мя¬дзел, Піліп Путра, Алена Лапцік з Нарацкай СШ №2, Арцём Пі¬сарчык з Нарацкай СШ №1, Вольга Шакута з Крывіцкага ВПК дзіцячы сад-СШ, Кацярына Хацяновіч з Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі.
Наступны этап — узнагаро¬джанне вучняў, якія вызначы¬ліся ў намінацыі «Разумніцы і разумнікі», а гэта значыць, пераможцаў алімпіяд. Дыпломы ім уручала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Ірына Валянцінаўна Рагоўская. Былі заахвочаны таксама гульцы каманды «Матрыкс» з гімназіі-інтэрната г. Мядзел. Яны атрымалі дыпломы з рук загадчыцы раённага метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама Ганны Яўгенаўны Саўчык. Яшчэ адна намінацыя — «Зорны россып талентаў». Яна сабрала пераможцаў агляду-конкурсу самадзейнай мастацкай творчасці «Суквецце талентаў», выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Скарбонка талентаў», дыпломы ў якой лаўрэатам уручалі начальнікі аддзелаў культуры і адукацыі райвыканкама Ганна Мікалаеўна Падгол і Ірына Валянцінаўна Рагоўская. У намінацыі «Спартыўныя поспехі» ўшаноўваліся пераможцы спартыўных спаборніцтваў. А ўручаў ім граматы начальнік аддзела па фіз¬культуры, спорце і турызму Антон Іосіфавіч Крыштафовіч.
Вядома ж, не было б такіх «зорачак», калі б не вопытныя настаўнікі. Менавіта дзякуючы іх актыўным намаганням, цярп¬лівасці і настойлівасці юныя мя¬дзяльчане змаглі раскрыць свае таленты і дасягнуць пэўных вышынь. А таму на сцэну запрашаюцца педагогі розных устаноў адукацыі: настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства Аксана Валер’еўна Колтан, замежнай мовы Лідзія Міхайлаўна Ані¬шкевіч, біялогіі Людміла Канстанцінаўна Шчалкунова з гімназіі-інтэрната г. Мядзел, абслугоўваючай працы Мядзельскай СШ №1 імя У. Дубоўкі Алена Мікалаеўна Бажэлка, геаграфіі Нарацкай СШ №2 Таццяна Уладзі¬міраўна Пракоп, фізічнай культуры Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі Валерый Сяргеевіч Хацяновіч, педагог дадатковай установы адукацыі «Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Мядзельскага раёна» Марына Іванаўна Януковіч, мастацкі кіраўнік Крывіцкага гарпасялковага Дома культуры Аляксандр Нарцызавіч Куцько, а таксама трэнеры ДУ «Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву Мядзельскага раёна», якія падрыхтавалі прызёраў і пераможцаў рэспубліканскіх і абласных спаборніцтваў — Наталля Ула¬дзіміраўна Баран, Наталля Пятроўна Уцюгова, Андрэй Вітальевіч Малько, Аляксандр Фёдаравіч Карпей, Андрэй Анатольевіч Гатко, Юрый Ермалаевіч Іваноў. Вучні ўручаюць у знак удзячнасці педагогам кветкі.
Патрэбна сказаць, што мера¬прыемства не атрымалася б такім цікавым, каб не юныя артысты. Яны спявалі, танцавалі… Песнямі радавалі прысутных Вольга Шакута, Валерыя Фанарук, вакальная група «Сузор’е», квартэт «Агеньчыкі». Бурнымі апладысментамі сустрэлі гледачы вучня 3-га класа Нарацкай дзіцячай музычнай школы Арцёма Пісарчыка, які выканаў сола «Цыганскі танец» на баяне. Выдатна была прынята і танцавальная кампазіцыя «Хіп-хоп» у выкананні Аляксея Жукоўскага і Сяргея Ляшковіча. Канцэртныя нумары яшчэ раз пераканалі, што сапраўды багатая на таленты наша беларуская зямля!
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.