Старт у Краіну ведаў

157

Старт у Краіну ведаўАДМЕТНА і запамінальна прайшла ўрачыстая лінейка, прысвечаная пачатку новага навучальнага года, у Крывіцкім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-СШ. Пачалася яна з параду першакласнікаў, а гэта 20-ці хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ўпершыню пераступілі школьны парог.

Слова для адкрыцця мерапрыемства прадастаўляецца дырэктару ўстановы Л. Я. Гапановіч. Людміла Яўгенаўна ўсіх вітае са Святам першага званка. Зычыць вучням поспехаў у вучобе, актыўнасці, сваім калегам — плёну ў працы, цікавых ідэй і знаходак, а бацькам — цярплівасці, вытрымкі, а самае галоўнае — быць памочнікамі ў сваіх сыноў і дачок на дарозе ў чароўную краіну ведаў. Яна ж зачытвае загад аб залічэнні першакласнікаў вучнямі ВПК. Затым адбылася цырымонія ўзнагароджання. Ганаровымі граматамі ўстановы адукацыі былі заахвочаны настаўнікі, вучні якіх дабіліся пэўных вынікаў на алімпіядах, розных конкурсах. Было адзначана граматамі і старанне выдатнікаў вучобы, а іх у Крывіцкім ВПК дзіцячы сад-СШ — 11 чалавек. Атрымалі падзякі таксама бацькі, якія ўнеслі важкі ўклад у падрыхтоўку ўстановы адукацыі да пачатку новага навучальнага года.

Шчыра віталі ўдзельнікаў урачыстасці і госці: намеснік галоўнага рэдактара ДУ “Рэдакцыя газеты “Нарачанская зара”

М. Э. Лубнеўская, старшыня Крывіцкага сельскага выканаўчага камітэта Н. В. Бялоўская, дырэктар ААТ “Пруднікі-Агра” А. Я. Дзьяконскі, музычны кіраўнік Крывіцкага Дома культуры А. Н. Куцько, настаяцель Свята-Троіцкай царквы айцец Мікалай.

У цэнтры ўвагі на свяце былі першакласнікі. Яны атрымалі падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі — кнігу “Беларусь — наша Ра¬дзіма”. Са словамі прывітання да іх звярнулася першая настаўніца Н. В. Дурэйка. Ад імя бацькоў павіншавала малышоў С. І. Райчонак. А як прыгожа яны чыталі вершы, спявалі, а пасля запусцілі ў неба з пажаданнямі шары. Гучаў для першакласнікаў і першы школьны вальс. З наказам да віноўнікаў урачыстасці звярнуліся таксама адзінаццацікласнікі. Былі ад іх самым юным вучням і падарункі. Нарэшце настаў самы доўгачаканы момант свята: зазвінеў першы ў гэтым навучальным годзе званок. Яго гучны голас абвясціў вучням вучэбна-педагагічнага комплексу пра пачатак заняткаў. Права даць званок выпала першакласніцы Аляксандры Грышкевіч і адзінаццацікласніку Уладзіславу Альковічу. Закончылася мерапрыемства кругам пашаны для першакласнікаў і выпускнікоў.

Ну што ж, старт у чарговае падарожжа ў Краіну ведаў дадзены! Застаецца толькі пажадаць яго ўдзельнікам поспехаў і натхнення. Каб яны пад кіраўніцтвам неабыякавых, таленавітых педагогаў упэўнена ішлі наперад, да новых вышынь.

М. СВІРСКАЯ.