Школьнікі і іх бацькі ў чаканні першага званка

199

resize-of-p82900221 верасня, на вуліцах гарадоў, пасёлкаў і вёсак будзе шматлюдна, бо ў гэты дзень усе дарогі вядуць да школы. Прыгожа апранутыя, з букетамі кветак у руках паспяшаюцца да знаёмых будынкаў навучальных устаноў дзяўчынкі і хлопчыкі, іх  мамы і таты, бабулі і дзядулі, а таксама «сейбіты разумнага, добрага і вечнага» — настаўнікі і выхавальнікі.
Але гэта будзе толькі заўтра. А сёння… усе ў чаканні прыгожага і чароўнага свята — першага званка, прысвечанага Дню ведаў і пачатку новага навучальнага года. Не выключэнне і сям’я Вярбіцкіх з райцэнтра, дзе поўным ходам ідзе падрыхтоўка да школы. Сямікласніца Алеся складвае ў партфель кнігі, сшыткі, іншыя вучнёўскія прылады. Ёй так хочацца, як і заўсёды, 1 верасня быць на вышыні. А вось яе  малодшы брацік, першакласнік Саша, яшчэ добра не разумее, што яго чакае за парогам школы. Але здзівіць сваіх равеснікаў і першую настаўніцу Алену Вячаславаўну Паршута ўменнем чытаць, разважаць — даўняя мара хлопчыка. Вось і просіць часценька маму дастаць з кніжнай шафы буквар, каб успомніць знаёмыя літары і скласці з іх словы.
Для Ліліі  Рамуальдаўны Вярбіцкай  першавераснёўскае свята таксама асаб­лівае. Яна зараз выступае ў двайной ролі — мамы і педагога. Як выдатны сябра, дарадца сваіх дзетак, жанчына вельмі хвалюецца за іх будучыню і ад душы жадае ім вырасці людзьмі творчымі, неабыякавымі, сапраўднымі грамадзянамі роднай Беларусі. Дарэчы, для Ліліі Рамуальдаўны сёлетні навучальны год — дваццаты ў яе педагагічнай працы. Пасля заканчэння ў 1991 годзе педінстытута імя М. Горкага яна рабіла першыя самастойныя крокі ў якасці настаўніцы ў Свірскай сярэдняй школе, дзе і сустрэла свайго суджанага, таксама педагога, Алега Іванавіча. І сёння муж з жонкай упэўнена крочаць разам па жыцці, дзелячы папалам і добрае, і дрэннае, радуючыся поспехам дачушкі і сыночка. Пасля пераезду са Свіршчыны ў райцэнтр Алег Іванавіч  уладкаваўся праграмістам у філіял ААБ «Беларусбанк», дзе шчыруе і сёння. Лілія Рамуальдаўна адразу была сацыяльным педагогам САШ №2 г. Мядзел. А зараз вось ужо другі год працуе метадыстам раённага аддзела адукацыі, вызначаецца руплівасцю і адказнасцю.
…Заўтра зазвініць залівісты школьны званок, які пакліча дзятву за парты. У цэнтры асаблівай увагі ў гэты дзень будуць, вядома, першакласнікі. У тым ліку і Саша Вярбіцкі, які разам са сваімі новымі сябрамі і першай настаўніцай адправіцца ў падарожжа ў чароўную краіну ведаў.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: Лілія Рамуальдаўна Вярбіцкая з дачушкай Алесяй і сыночкам Сашам.

Фота Таццяны Несцярэнка.