Школа яго мары: расказвае дырэктар Нарацкай сярэдняй школы №2 Генадзій Крыштафовіч

723

Школа яго мары: расказвае дырэктар Нарацкай сярэдняй школы №2 Генадзій КрыштафовічРАСКАЗАЦЬ чытачам раёнкі пра Нарацкую сярэднюю школу №2 і яе дырэктара думала даўно. Бо ўстанова адукацыі, якой кіруе Генадзій КРЫШТАФОВІЧ, на працягу многіх год паспяхова працуе па ўсіх напрамках. Ды і сам факт, што на дырэктарскай пасадзе Генадзій Віктаравіч ужо амаль чвэрць стагоддзя (!), заслугоўвае ўвагі. А стаўшы сведкай, як выпускнікі Нарацкай СШ №2 сёлета атрымалі 25% усіх медалёў Мядзельшчыны, зразумела: адкладваць размову з дырэктарам больш не выпадае.

— Якія дасягненні сваёй установы лічыце самымі важнымі?

— Безумоўна, галоўным дасягненнем і доўгачаканым здзяйсненнем апошняй пяцігодкі стала адкрыццё новага будынка школы 1 верасня 2016 года. Гэта падзея стварыла новыя магчымасці для навучання і выхавання юных нарачанцаў на аснове сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базы ў больш камфортных умовах для арганізацыі адукацыйнага працэсу. За чатыры гады ў новых сценах паспелі зрабіць нямала. Паспяхова ажыццяўляецца праект па стварэнні музейна-педагагічнага комплексу, амаль завершаны тры экспазіцыі з пяці. Асабліва ўражвае экспазіцыя “Мая Радзіма — Беларусь”, у якую ўкладзены значныя сродкі. Яе прэзентацыя жыхарам пасёлка адбылася ў мінулым годзе ў дзень выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. За сродкі ад пазабюджэтнай дзейнасці праводзіцца ландшафтнае азеляненне школы і прылеглых тэрыторый. Пераважна за сродкі ад дзейнасці, якая прыносіць даход, закуплена абсталяванне для лабараторыі робататэхнікі з 3D-прынтарам. Створаны сучасныя кабінеты аховы жыцця і здароўя (сумесна з райаддзелам па надзвычайных сітуацыях) і аховы працы (сумесна з райкамам галіновага прафсаюза). У бягучым годзе вызначаны фінансавыя сродкі для мадэрнізацыі кабінета аховы жыцця і здароўя на базе сучасных планшэтаў з праграмным забеспячэннем, запланавана стварэнне сучаснай воркаўт-пляцоўкі. Калі гаварыць пра дасягненні нашых выхаванцаў за гады ў новай школе, то яны працягваюць радаваць. Трэба назваць рэгулярныя дыпломы абласных і рэспубліканскіх конкурсаў навуковых біёлага-экалагічных работ і праектаў, конкурсаў работ даследчага характару ў секцыях “Гісторыя”, “Геаграфія”, рэспубліканскіх алімпіяд па фінансавай адукаванасці, абласных і рэспубліканскіх чэмпіянатаў па гульнях КВЗ сярод школьнікаў. У апошнія два гады ўражвае колькасць выпускнікоў, адзначаных залатымі і сярэбранымі медалямі (пяць — у 2019-м, пяць — у 2020-м). Летась пяць з шасці залатых медалёў Мядзельшчыны былі нашы. А на школьнай Дошцы гонару штогод змяшчаецца 110-120 фотаздымкаў вучняў, якія займаюцца на 8, 9, 10. Гэта сведчыць пра высокі інтэлектуальны патэнцыял нашых навучэнцаў і дазваляе верыць у тое, што шматлікія новыя дасягненні яшчэ наперадзе.

— Падзяліцеся: у чым сакрэт паспяховай дырэктарскай працы?

— У першую чаргу — у зладжанай і мэтанакіраванай рабоце калектыву, якая заўжды характарызавалася творчым падыходам да кожнай справы і адказнасцю кожнага работніка. У нас лёгка падтрымліваецца любое добрае пачынанне, любая ідэя нават аднаго педагога можа ператварыцца ў калектыўную творчую справу. І мне як кіраўніку часта даводзіцца прыкласці намаганні ўжо для рэалізацыі пэўных ініцыятыў альбо праектаў: знайсці фінансавыя сродкі, падключыць да рэалізацыі іншыя арганізацыі, установы, дзяржаўныя органы.

Нельга не адзначыць і дастаткова высокі прафесійны ўзровень нашых педагогаў: 94% маюць вышэйшую адукацыю, амаль 70% — першую і вышэйшую кваліфікацыйныя катэгорыі. У мінулым годзе настаўніцы пачатковых класаў Алене Аляксандраўне Бурко прысвоена кваліфікацыя “настаўнік-метадыст”. А прагназаваць і стымуляваць павышэнне прафесійнага ўзроўню нашых педагогаў — гэта ўжо адзін з маіх абавязкаў як кіраўніка.

Непасрэднымі складнікамі нашых поспехаў патрэбна назваць таксама высокі ўзровень узаемаразумення і падтрымкі з боку бацькоў нашых выхаванцаў. Сёння законных прадстаўнікоў вучняў больш як тысяча, і кожны мае і сваё бачанне развіцця сістэмы адукацыі ў цэлым, і канкрэтныя прапановы па арганізацыі навучання і выхавання ў нашай установе. Даўшы бацькам вучняў права ўдзелу ў кіраванні школай праз бацькоўскія камітэты, Савет школы, Апякунскі савет, маем як вынік бесканф¬ліктнае суіснаванне на працягу многіх гадоў.

Не менш важнымі бачацца мне пастаянная падтрымка і разуменне з боку органаў кіравання, мясцовай улады. Заўсёды атрымлівалася пераканаць, абгрунтаваць, даказаць мэтазгоднасць тых альбо іншых праектаў, ініцыятыў, у некаторых выпадках атрымаць дадатковае фінансаванне, а часам і проста карысная своечасовая парада прыводзіла да безумоўнага поспеху.

— Генадзій Віктаравіч, якая яна — школа вашай мары?

— Кожны кіраўнік установы адукацыі, думаю, перш за ўсё марыць пабудаваць такую школу, у якой дзеці вучыліся б з ахвотай і атрымлівалі ад гэтага задавальненне і ўвесь неабходны запас ведаў для далейшага жыццёвага самавызначэння. Хочацца, каб настаўнікі і ўсе работнікі наогул хацелі б працаваць менавіта ў гэтай установе, маючы магчымасць прафесійнага росту, годныя заробак і сацыяльныя гарантыі, пастаянна адчуваючы сваю значнасць на працоўным месцы і адпаведны мікраклімат у калектыве. Не менш важна, каб законныя прадстаўнікі вучняў з ахвотай выбіралі для навучання сваіх дзяцей менавіта нашых педагогаў і нашу ўстанову адукацыі. І як вынік — удзячныя выпускнікі, якія паспяхова пабудавалі сваё жыццё, сям’ю, кар’еру, дом, асабісты дабрабыт і поспех на аснове трывалых і надзейных ведаў, атрыманых у сценах Нарацкай сярэдняй школы №2.

Гутарыла Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 11.07