Сэрцы, аддадзеныя дзецям, нiколi не старэюць

198

Сэрцы, аддадзеныя дзецям, нiколi не старэюцьНАСТАЎНІК. Дзе знайсці такія словы, каб шчыра, ад душы расказаць пра людзей важнейшай прафесіі на свеце, выказаць захапленне іх мудрасцю і цярпеннем? З асабістага вопыту выдатна ведаю, што вам даводзіцца быць і псіхолагамі, і педагогамі, і выхавальнікамі, і лекарамі адначасова. Вучыць сваіх вучняў не толькі чытаць і пісаць, рашаць задачы, думаць, разважаць, але і самастойнасці, упэўненасці ў сваіх сілах, быць Чалавекам у любой сітуацыі. Невыпадкова, увайшоўшы аднойчы ў лёс кожнага з нас, нават пасля заканчэння школы настаўнік не развітваецца назаўжды, а застаецца жыць — у памяці, нашых сэрцах.

У мінулую пятніцу ў гарадскім Доме культуры адбылася ўрачыстасць, прысвечаная Дню настаўніка. Традыцыйна на свята прыбылі калегі з усіх устаноў адукацыі раёна, а таксама ветэраны педагагічнай нівы азёрнага краю. І хоць было шматлюдна — у глядзельнай зале адчувалася згуртаванасць, панавала ўтульнасць.

“Плавно листья рыжие летают

В голубых квадратах школьных рам.

День учителя сегодня отмечают —

Некогда стареть учителям!”.

Такімі словамі вядучая Кацярына Купрэвіч пачала тэматычны вечар “Вочы настаўнікаў — азёры дабрыні”. Да мікрафона запрашаецца старшыня раённага выканаўчага камітэта І. І. Шацько.

Сэрцы, аддадзеныя дзецям, нiколi не старэюць— Дарагія настаўнікі, выхавальнікі, работнікі такой важнай для нас сферы, ветэраны! Дазвольце ад раённага выканаўчага камітэта павіншаваць вас з надыходзячым прафесійным святам, якое яшчэ будзеце адзначаць у працоўных калектывах, у коле сваёй сям’і, — гаворыць Ілья Іванавіч. — Ваша работа вельмі важная для ўсёй нашай краіны. Прыемна ўсведамляць, што тая база, якая была закладзена ў савецкія часы, а таксама закладваецца зараз, дае свае станоўчыя вынікі. Вялікі дзякуй вам за нялёгкую працу, за тое, што аддаяце сваю энергетыку падрастаючаму пакаленню. А дзеці ў нас сапраўды цудоўныя. Многія з’яўляюцца пераможцамі алімпіяд, дабіваюцца значных спартыўных дасягненняў. А гэта і ёсць ваша праца. Словы ўдзячнасці ветэранам, якія вырасцілі сабе дастойную змену. Усім вам дабрабыту, здароўя, поспехаў!

Падзякі старшыні райвыканкама на ўрачыстасці атрымалі дырэктар ДУА “Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Мядзельскага раёна” В. Э. Іванова і настаўнік рускай мовы і літаратуры Нарацкай СШ №2 Р. Р. Кавалёва.

Выступае намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама С. М. Кундра. Святлана Мікалаеўна адзначае:

— Жыццё прад’яўляе высокія патрабаванні да настаўнікаў. Менавіта вы стаіце ў вытокаў ведаў, ад вашых чалавечых, прафесійных якасцей залежыць лёс людзей і будучае краіны. Сапраўдны настаўнік павінен расці прафесіянальна, выхоўваць словам і справай, быць узорам для пераймання. Пераканана, што ў нашым раёне працуюць якраз такія педагогі. Пра гэта сведчаць і вынікі, якія маем: дасягненні вучняў на алімпіядах, конкурсах, спартыўных спаборніцтвах, цэнтралізаваным тэсціраванні, паступленне ў вышэйшыя і сярэдне-спецыяльныя навучальныя ўстановы, граматная прафарыентацыйная работа. Вялікі дзякуй усім настаўнікам, выхавальнікам, кіраўнікам устаноў адукацыі, прыёмным бацькам за сумленную працу. Любіце абраную справу і сваіх вучняў, імкніцеся да ўдасканальвання. Удачы вам усім, поспехаў і здароўя!

Сэрцы, аддадзеныя дзецям, нiколi не старэюцьЦырымонія ўзнагароджання працягваецца. Грамату Міністэрства адукацыі атрымлівае настаўнік замежнай мовы гімназіі-інтэрната Мядзела Л. М. Анішкевіч. Граматы ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама С. М. Кундра ўручыла настаўніку беларускай мовы і літаратуры Камароўскай СШ В. Л. Гуйскай, намеснікам: загадчыцы яслей-сада №4 Мядзела С. В. Марач і дырэктара Старагабскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа І. Ч. Босаму, дырэктарам: Нарацкай СШ №1 Т. В. Таразевіч і Сырмежскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа Л. М. Арэхавай, настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства, фізікі і матэматыкі СШ №2 Мядзела В. І. Міхальчанка і Н. М. Івашка. Шэраг педагогаў адзначаны Ганаровымі граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму. У тым ліку: намеснік дырэктара Будслаўскай СШ імя П. Мядзёлкі В. У. Грыбовіч, выхавальнікі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці к. п. Нарач І. Б. Рэксць і яслей-сада №2 Мядзела А. П. Хацяновіч, настаўнікі: фізічнай культуры і здароўя Занарацкай сярэдняй школы Ч. С. Вярбіцкі і А. М. Жыхар, Нарацкай СШ №2 І. Т. Міхайлоўскі, гісторыі Княгінінскай СШ Г. У. Януцэвіч і Старагабскага ВПК дзіцячы сад-СШ У. С. Серадзінскі, пачатковых класаў Нарацкай СШ №2 А. А. Талайка і Старлыгскага ВПК дзіцячы сад-СШ В. Г. Кумішча, працоўнага навучання Крывіцкага ВПК дзіцячы сад-СШ С. К. Ермаковіч, беларускай мовы і літаратуры Слабодскай СШ В. У. Грынкевіч, рускай мовы і літаратуры Старагабскага ВПК дзіцячы сад-СШ А. Д. Босая, біялогіі гімназіі-інтэрната Мядзела Л. К. Шчалкунова, трэнер-выкладчык СДЮШАР Ю. Е. Іваноў, загадчыца яслей-сада №3 Мядзела Н. М. Лукашэвіч, дырэктар Мядзельскага раённага СПЦ Т. А. Юрская, прыёмныя бацькі М. К. Шыкавец і М. М. Бакавец. Падзякі грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя “Конкурс” былі ўручаны метадыстам раённага метадычнага кабінета аддзе¬ла адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Г. М. Місуна, Л. Р. Вярбіцкай і А. Э. Звяруга.

На сцэну запрашаецца старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі І. В. Глінская:

— Паважаныя калегі! Дазвольце прывітаць вас усіх напярэдадні прафесійнага свята — Дня настаўніка, падзякаваць за штодзённую працу. Акрамя сваёй асноўнай работы, вы выконваеце і розныя грамадскія даручэнні: з’яўляецеся ідэолагамі, удзельнічаеце ў сельгасработах. З разуменнем успрымаеце і ўсе новаўвядзенні ў сферы адукацыі. Няма той меркі, якая б ацаніла нялёгкую, але такую патрэбную працу настаўніка. Асаблівыя словы ўдзячнасці ветэранам, якія яшчэ працуюць, а таксама знаходзяцца на заслужаным адпачынку, за тое, што не разрываеце сувязей са сваімі ўстановамі адукацыі, займаеце актыўную жыццёвую пазіцыю. Са святам вас усіх! Здароўя, дабрабыту, поспехаў!

Ірына Васільеўна ўручыла Ганаровыя граматы Мінскага абласнога камітэта галіновага прафсаюза шэрагу актывістаў. Сярод узнароджаных: старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Мядзельскай СШ №1 імя У. Дубоўкі Р. А. Русак, намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце Нарацкай СШ №2 Г. С. Амельяновіч і Мядзельскай СШ №1 імя У. Дубоўкі А. А. Купрэвіч, ветэран педагагічнай працы Старлыгскага ВПК дзіцячы сад-СШ Я. І. Кумішча, настаўнік гісторыі, замежнай мовы, член прафкама СШ №2 Мядзела В. І. Міхальчанка. А настаўнік Будслаўскай СШ імя П. Мядзёлкі У. В. Талкановіч атрымаў аднаразовую прэмію за актыўны ўдзел ва ўборачнай кампаніі 2013 года.

Са словамі прывітання да прысутных звярнуўся таксама благачынны цэркваў Мядзельскай акругі протаіерэй Ігар Шалуха. Айцец Ігар падкрэсліў, што школа павінна не толькі даваць веды, але і фарміраваць правільны светапогляд, хрысціянскія каштоўнасці, у тым ліку сямейныя, а таксама патрыятызм, любоў да Радзімы. І пры гэтым кіравацца прынцыпам: рабі так, як я. Пажадаў узаемаразумення, жыць у калектывах адной дружнай сям’ёй, поспехаў, здароўя. А самае галоўнае — ляпіць з таго, што ёсць, высокамаральныя душы.

Падчас мерапрыемства з вуснаў вядучай гучалі цёплыя словы ў адрас розных катэгорый прысутных: настаўнікаў, выхавальнікаў. Былі ў гэты дзень у цэнтры ўвагі і ветэраны педагагічнай нівы, якія, не зважаючы на паважаны ўзрост, вялікі вопыт, перажытае, і сёння маладыя душой. У іх вачах па-ранейшаму мудрасць і спагада, уважлівасць, чысціня і бязмежная дабрыня. Пра іх з павагай і гонарам гавораць іх былыя вучні: “Гэта — мой настаўнік!”. У знак удзячнасці ветэранам уручаюцца кветкі, апладысменты таксама адрасаваны ім.

Музычныя падарункі ві¬ноўнікам урачыстасці дарылі самадзейныя артысты. Хораша спявалі Таццяна Іванова, Міхаіл Рабікаў, Аксана Вязевіч, Людміла Мінкоўская, Пётр Аміраў. Парадавалі сваім выступленнем і вучні пачатковых класаў, якія шчыра, ад душы віталі “сейбітаў разумнага, добрага, вечнага”. Выдатным дапаўненнем да іх слоў сталі выступленні дуэта ў складзе Мікіты Сяміткі і Аляксандра Нікіценкі, квартэта дзіцячай школы мастацтваў “Агеньчыкі”. Парадавалі сваім майстэрствам ансамблі “Натхненне” і “Квецень”, старэйшая дзіцячая вакальная група “Дамісолька”. Апладысментамі сустрэла публіка дуэты ў складзе Аляксандра Цыгельнікава і Аксаны Вязевіч, Марыны Чарняўскай і Марыны Януковіч. Цудоўна прагучала ў выкананні Пятра Маўчана песня “Малітва”.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымках: 1. Ветэраны педагагічнай працы І. П. Драўніцкі, Г. І. Варабей, П. М. Дурэйка, Д. І. Гунько; 2. Выступаюць дзеці.

Фота Аляксандра Высоцкага.