Днямі Усесаюзная піянерская арганізацыя адзначыла свой юбілей. Роўна 90 год таму, у 1922 годзе, у Савецкім Саюзе ўзніклі першыя піянерскія атрады. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія папоўнілі іх рады, жылі інтарэсамі сваёй вялікай, магутнай краіны і народа, дзялілі з імі радасці і ўзнікаючыя цяжкасці. Гэта добра бачна на прыкладзе Цімура і яго каманды з аднайменнай аповесці Аляксандра Гайдара. А як мужна і самааддана змагаліся піянеры за свабоду і незалежнасць Радзімы ў Вялікую Айчынную вайну, дапамагалі дарослым аднаўляць разбураную фашыстамі гаспадарку! Ды і маё пакаленне выдатна памятае карысныя справы і ўчынкі, энтузіязм членаў самай масавай дзіцячай арганізацыі і ганарыцца прыналежнасцю да яе. І як цудоўна, што краіна пад назвай Піянерыя існуе і сёння! Яна аб’ядноўвае хлопчыкаў і дзяўчынак, якія, хоць і не ва ўсім падобныя на сваіх папярэднікаў
20-х, 30-х ці нават 80-х гадоў, свята захоўваюць іх лепшыя традыцыі, цікава і змястоўна праводзяць свой вольны час, дапамагаюць ветэранам, пажылым людзям, імкнуцца вырасці сапраўднымі патрыётамі любай Беларусі.
Мерапрыемствы, прымеркаваныя да 90-годдзя піянерскага руху, прайшлі па ўсёй нашай краіне. Адзначалася гэта значная падзея і на Мядзельшчыне. З гэтай нагоды на плошчы імя Леніна ў райцэнтры адбылася ўрачыстая лінейка, на якой акцябраты горада былі прыняты ў рады грамадскага аб’яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя».
Вядучыя Жэня Гедрэвіч і Ліза Карабейнік знаёмяць прысутных з гасцямі. Слова для выступлення прадастаўляецца ўдзельніку Вялікай Айчыннай вайны, старшыні раённага савета ветэранаў М. Г. Гардону. Міхаіл Гершэнавіч павіншаваў усіх з адметнай датай і пажадаў поспехаў у вучобе, перамог, усяго самага найлепшага ў жыцці. З наказам да будучых піянераў звярнуўся таксама старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Ю. М. Мяркулаў.
Камандзіры атрадаў акцябрат піянерскіх дружын Мядзельскай СШ №1 імя У. Дубоўкі і СШ №2
г. Мядзел здаюць рапарты старшыні гарадскога піянерскага савета Анастасіі Тачыцкай, якая, у сваю чаргу, паведамляе старшыні раённага савета піянерскай арганізацыі пра гатоўнасць да ўрачыстага мерапрыемства. На плошчу пад гукі горнаў і барабанаў уносіцца сцяг раённай арганізацыі ГА «БРПА». Урачыстая лінейка аб’яўляецца адкрытай. Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Да прысутных звяртаецца са словамі віншавання старшыня раённай піянерскай арганізацыі Г. А. Чарняўская.
Нарэшце наступае самая адказная хвіліна свята: дача ўрачыстага абяцання. Адзін за адным акцябраты горада, а гэта 52 вучні СШ №1 і 21 — СШ №2 называюць сваё імя, прозвішча і хорам паўтараюць словы клятвы: «Уступаючы ў рады Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, перад сваімі сябрамі ўрачыста абяцаю: любіць сваю Радзіму, быць добрым, чэсным і справядлівым, пастаянна выконваць Статут і традыцыі Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі». Права павязаць гальштукі прадастаўляецца ветэранам піянерскага руху, лепшым піянерам і членам «БРСМ» раёна. Чуецца заклік: «Піянеры! Да спраў дзеля дабрабыту Радзімы, дабра і справядлівасці, будзьце гатовы!». І дружны адказ: «Заўсёды гатовы!».
З віншаваннем да новага папаўнення піянерскай арганізацыі горада звяртаецца намеснік старшыні райвыканкама І. І. Барыева:
— Дарагія сябры, хлопчыкі, дзяўчынкі! Сёння вы сталі паўнапраўнымі членамі Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Захоўваючы лепшыя традыцыі савецкай піянерыі, абвеяныя духам сяброўства, рамантыкі і добрых спраў, Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя стала сучаснай, дынамічнай, прывабнай для тысяч беларускіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Патрыятычнае і грамадзянскае выхаванне падрастаючага пакалення, яго творчае развіццё, сімволіка, юнаармейскі рух, дапамога дзецям-інвалідам — гэта толькі тое нямногае, чым славіцца наша піянерыя. Юныя мядзяльчане! Піянер — гэта той, хто наперадзе, хто смела глядзіць у будучыню. Гэта вельмі важна, бо менавіта мы з вамі самі будуем сваё заўтрашняе жыццё, свой заўтрашні дзень. Будзьце патрыётамі роднай зямлі, добрасумленна вучыцеся, не адступайце перад цяжкасцямі, пастарайцеся праз усё жыццё пранесці высокія ідэалы піянерыі — чэснасць, справядлівасць, спагадлівасць і ўзаемадапамогу…
Вітае сваіх малодшых сяброў з памятнай датай у іх жыцці першы сакратар райкама грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Г. М. Красоўская. Галіна Міхайлаўна зычыць хлопчыкам і дзяўчынкам запомніць гэты памятны дзень і быць вернымі клятве, якую далі ў прысутнасці родных, сяброў. А яшчэ праз усё жыццё пранесці ў сваім сэрцы любоў да нашай Радзімы — сінявокай Беларусі. Гасцям піянеры ўручылі кветкі. Слова прадастаўляецца піянерам-навічкам. Яны зноў абяцаюць:
«Мы пойдём дорогами смелых,
Людям счастье и радость даря,
Чтобы люди знали и помнили:
Мы в пионеры вступили не зря!».
На гэтым урачыстая лінейка закончылася, але свята працягвалася. У фае ГДК былі вывешаны насценныя газеты піянерскіх дружын школ раёна, прысвечаныя
90-годдзю піянерскага руху, лепшыя работы раённага тура рэспубліканскага творчага праекта «Я піянер сваёй краіны», а таксама атрыбутыка піянераў савецкага часу, альбомы, адлюстроўваючыя іх цікавае і змястоўнае жыццё. Затым усе сабраліся ў глядзельнай зале ГДК, на сцэне якога распачалася канцэртная праграма «Салют, Піянерыя!». Напачатку ўсе з цікавасцю паглядзелі мультымедыйную прэзентацыю, прысвечаную гісторыі піянерскага руху на Мядзельшчыне і справам сённяшніх піянераў. Вядучыя Антон Казакевіч і Даша Пацкевіч запрашаюць да мікрафона старшыню раённай піянерскай арганізацыі Г. А. Чарняўскую, якая ўручыла падзячныя лісты людзям, якія значную частку свайго жыцця прысвяцілі Піянерыі мінулых гадоў. Сярод іх дырэктару СШ №2 г. Мядзел Л. С. Семяновіч, вядучаму спецыялісту аддзела апекі і папячыцельства аддзела адукацыі А. К. Яцына, намесніку дырэктара Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі раё-
на Я. С. Чарняўскай, ветэранам піянерскага руху Г. Р. Скалазуб, Г. А. Сёмка… Цікавым, надзвычай эмацыянальным атрымалася выступленне Я. С. Чарняўскай, дзе былі і светлыя ўспаміны пра былыя гады, і цёплыя наказы-віншаванні падрастаючаму пакаленню. У гэты ж дзень з рук начальніка аддзела адукацыі райвыканкама І. В. Рагоўскай атрымалі граматы лепшыя педагогі-арганізатары ўстаноў адукацыі азёрнага краю. У тым ліку А. М. Рослік з Занарацкай, Н. В. Пуня з Княгінінскай, Т. В. Юзэфовіч са Свірскай сярэдніх школ і А. А. Ярмаковіч са Старагабскага ВПК дзіцячы сад-СШ. Былі адзначаны дыпломамі і граматамі таксама пераможцы раённых тураў рэспубліканскіх конкурсаў. «Я піянер сваёй краіны!», «Гісторыя гальштука ў маёй сям’і», акцыі па зборы макулатуры, гульні «Пароль — акцябронак». Напрыклад, у першым з названых конкурсаў у намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» пераможцамі сталі: Аксана Карповіч з Занарацкай СШ — I месца, Анжаліка Якубовіч з Выгалавіцкай базавай школы — II месца, Вадзім Рослік з Занарацкай СШ — III месца. У намінацыі «Інфармацыйна-рэкламнае накіраванне»
I месца заняў Віталій Андрушкевіч з Нарацкай №2 СШ, другое — Максім Сініца са Слабодскай СШ імя А. Гурыновіча і трэцяе — Рыхард Чарняўскі з Мядзельскай СШ №1 імя У. Дубоўкі. У намінацыі «Сацыяльна-арыентаванае накіраванне» перамагла гімназія-інтэрнат г. Мядзел, другое месца заняў Крывіцкі ВПК дзіцячы сад-СШ. Некалькі ўзнагарод атрымалі школьнікі з Княгініна. Прычым адна з іх — Падзяка Цэнтральнага савета БРПА акцябрацкай групе «Парус» за творчасць, ініцыятыву і актыўны ўдзел у рэспубліканскім праекце «Пароль — акцябронак».
Шмат незабыўных уражанняў пакінула выступленне піянерскіх агітбрыгад Слабодскай СШ «Піянерыя — краіна дзяцінства», Камароўскай СШ — «Мы разам!» і чэрлідынга гімназіі-інтэрната г. Мядзел. Акрамя таго, хораша спявалі Кірыл Фалевіч з Камароўскай, Яна Янкоўская з Нарацкай №1 сярэдніх школ, Ілля Семяненка — з гімназіі-інтэрната г. Мядзел… Напрыканцы мерапрыемства быў паказаны фільм «Цімур і яго каманда».
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
На здымках: моманты свята.
Фота Таццяны Несцярэнка.