Робаты да Тайланда давялі

175

Робаты да Тайланда давяліЯК і абяцалі, пачынаем расказваць пра пераможцаў раённага этапа конкурсу “Вучань года Мінскай вобласці-2018”. Першы, з кім сустрэліся, — сямікласнік з гімназіі-інтэрната Дзяніс Барыеў. Яго журы прызнала лепшым у намінацыі “Вучэбная дзейнасць”.

— Дзяніс, давай узгадаем першыя хвіліны пасля таго, як былі аб’яўлены пераможцы конкурсу. Каму адразу патэлефанаваў?
— Бацькам. Потым — класнаму кіраўніку. А ўсе астатнія, хто дапамагаў рыхтавацца да ўдзелу ў конкурсе, былі ў зале.
— У фінале ты выступаў першы. Страшна было?
— Не вельмі, бо разумеў, што ў мяне нядрэннае партфоліа. Гэта аб’ектыўны конкурс, на ім дасягненні маюць большае значэнне, чым пяціхвілінная прэзентацыя. Канечне, крыху хваляваўся, што трэба выступаць перад публікай.
З аднаго боку, хацеў перамагчы. З іншага — разумеў, што гэта конкурс дасягненняў, і калі перамагу не я — то ў некага іншага яны проста больш істотныя. Значыць, ён лепш прадставіць наш раён на вобласці.
— А якія свае дасягненні лічыш найбольш важнымі?
— Тыя, што звязаны з робататэхнікай. Перамога ў нацыянальным этапе Сусветнай
алімпіяды робатаў, дзякуючы якой трапіў на заключны этап гэтага прэстыжнага спаборніцтва ў Тайланд. У Беларусі гурткоўцы з установы адукацыі такога ўзроўню раней не дасягалі — перамагалі толькі прыватныя клубы. Лічу наш поспех найперш заслугай педагога — Вячаслава Станіслававіча Саўчыка. Асабіста я ўдзельнічаў у міжнародным конкурсе першы раз. Вельмі маштабнае спаборніцтва, мы выступілі годна і атрымалі каштоўны вопыт. Таксама заняў трэцяе месца на рэспубліканскім конкурсе па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод школьнікаў “JuniorSkils Belarus-2018”, другое — на абласным па робататэхніцы “Дарога ў будучыню”.
Не раз перамагаў у разнастайных спаборніцтвах па матэматыцы, англійскай мове, інфарматыцы на раённым узроўні. Напрыклад, меў найлепшы на Мядзельшчыне вынік на міжнародных конкурсах “Лингвистёнок” (замежная мова) і “Кенгуру” (матэматыка).
— Падчас прэзентацыі ты казаў: “Матэматыка, праграмаванне і хімія — тры кіты, якія здольны палепшыць жыццё”. Гэта і ёсць сфера тваіх інтарэсаў?
— Праграмаванне — тое, чым збіраюся займацца надалей. Матэматыка — па-першае, ёсць нядрэнныя поспехі, па-другое, вельмі падабаецца. Ды і праграмаваць без яе немагчыма. А хіміяй зацікавіўся толькі сёлета. Спрабую звязаць яе з праграмаваннем. Гэта магчымасць і нешта новае даведацца, і ў любімай справе папрактыкавацца.
— А з астатнімі прадметамі як? Ці добрыя адзнакі?
— Сярэдні бал за мінулы навучальны год — 9,65. Не магу сказаць, што я — самы лепшы вучань у класе. У нас ёсць хлопчык, які заняў першае месца ў рэспубліцы ў конкурсе па гісторыі — гэта Віталій Мацкевіч. Нехта вельмі добра ведае геаграфію, нехта — беларускую мову. Ёсць рабяты, якія маюць дасягненні ў спорце, творчасцю займаюцца. А ў мяне проста самы высокі ў класе сярэдні бал. Але лічу, што галоўнае ўсё ж веды. Бо сярэдні бал — проста лічбы, а веды можна прымяніць на практыцы.
— Падзяліся сакрэтам, як стаць выдатнікам. Гэта асаблівы талент або вялікая праца?
— Мяркую, у маім выпадку дапамагло, што ў раннім узросце займаўся ў дзіцячай акадэміі (тады жыў у Мінску). Калі пайшоў у школу, ужо ведаў праграму першага класа. Гэта дало магчымасць настаўнікам працаваць са мной індывідуальна. Ну і ў першым-другім-трэцім класах дома ў мяне правяралі ўрокі.
Як стаць выдатнікам? Слухаць настаўніка на ўроку (ён заўсёды расказвае больш разгорнута, чым напісана ў падручніку) і выконваць дамашнія заданні. Але лічу, што рабіцца выдатнікам неабавязкова. Харашыстам быць таксама нядрэнна.
— Робататэхніка забірае шмат часу?
— Так. Калі рыхтуемся да спаборніцтваў, займаемся штодня, нават у суботу і нядзелю прыходзім. Але мне гэта падабаецца. Урокі зрабіць паспяваю, праграмаваць — таксама.
— А як жа традыцыйныя заняткі юнага мядзяльчаніна — школа мастацтваў і СДЮШАР? На іх часу ці хапае?
— Школу мастацтваў сёлета закончыў на “выдатна”. Праўда, пасля гэтага акардэона ў рукі не браў. Але дзякуючы школе шмат даведаўся пра музыку, пачаў па-іншаму яе разумець. У спартыўнай секцыі займаўся веславаннем у трэцім-чацвёртым класах, потым давялося адмовіцца: складана было спалучаць са школай мастацтваў, ды і шмат часу забірае робататэхніка.
— Падчас прэзентацыі прагучала, што ты любіш падарожнічаць, пабываў у дваццаці чатырох краінах. Якія пакінулі самыя яркія ўражанні?
— Сапраўды, вельмі цікава адкрываць для сябе новыя краіны і гарады. Першае працяглае падарожжа было ў Грэцыю, але амаль нічога пра яго не памятаю: мне тады было тры гады. А з краін, якія наведаў у свядомым узросце, самыя яскравыя ўражанні пакінулі Танзанія, Малайзія, Куба, Тайланд. У Еўропе — Нарвегія, Германія, Бельгія, Аўстрыя. Цікава паглядзець, як людзі жывуць у іншых краінах, чым унікальныя іх горадабудаванне, мова, менталітэт. У Германіі спадабалася, што нават вялікія гарады вельмі зялёныя. Многія там ездзяць на маленькіх машынах — аднамесных, двухмесных — каб было зручней паркавацца. Нарвегія вельмі спадабалася, хацеў бы зноў там пабываць. Мы наведалі сталіцу, ездзілі ў горы. Гэта было ўлетку, і я ўпершыню ўбачыў на вяршынях снег. Пабывалі ў музеі, прысвечаным нарвежскай Поўначы. Даведаўся, што там палююць на кітоў, жывуць амаль у юртах — было цікава.

Гутарыла
Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.