Прафесіі навучаюць прафесіяналы

196

Прафесіі навучаюць прафесіяналыМІЖШКОЛЬНЫ вучэбна-вытворчы камбінат быў адкрыты ў 1975 годзе. Спачатку ён размяшчаўся ў будынку сённяшняй гімназіі, а цяпер на базе СШ №2 г. Мя­дзел. Сёлета 282 вучні з 15 школ раёна наведваюць вучэбна-вытворчы камбінат.

— Мы рыхтуем вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў катэгорый «В» і «С» і трактарыстаў-машыністаў сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорыі «А», аператараў электронна-вылічальных машын, буфетчыкаў, — расказвае дырэктар навучальнай установы Н. М. Гірына. — Сёлета набралі групу з 25 чалавек па спецыяльнасці «візаж і манікюр». Займаемся перападрыхтоўкай ва­дзіцеляў механічных транспартных сродкаў з катэгорыі «В» на катэгорыю «С». Акрамя школьнікаў, камбінат наведваюць дарослыя, якія на платнай аснове праходзяць навучанне на вадзіцеля катэгорыі «В».

З далейшай размовы даведаўся, што ў лістападзе 2010 года ў гарадскім пасёлку Крывічы адкрылі філіял камбіната. Гэта дазволіла зняць многія праблемы. Калі раней жыхары пасёлка, каб набыць спецыяльнасць вадзіцеля катэгорыі «В», адпраўляліся ў Ві­лейку, то зараз, наадварот, з навакольных населеных пунктаў Вілейскага раёна людзі едуць у Крывічы.

— Сёння маем тры грузавыя аўтамабілі «ГАЗ-53», два трактары «МТЗ-80» (у Мядзеле і Крывічах), адзін «МТЗ-82» (у Мядзеле). Што датычыць легкавога аўтатранспарту, то яго хапае, каб паспяхова вырашаць пастаўленыя перад намі задачы. У 2009 годзе набылі новы «ВАЗ-21074» (2009 года выпуску) і «Сітраэн» (2006 года выпуску), — працягвае размову Наталля Міхайлаўна. — У Мядзеле і Кры­вічах маем уласныя аўтадромы, на якіх навучэнцы ўдасканальваюць практычныя навыкі ваджэння аўтамабіля.

У міжшкольным вучэбна-вытворчым камбінаце працуюць 17 выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання. Гэта сапраўдныя прафесіяналы, майстры сваёй справы. Кожны з іх добрасумленна выконвае службовыя абавязкі, а таму і вынікі някепскія. Прыкладна 93 працэнты выпускнікоў здаюць экзамен у ДАІ з першага разу. Гэта паказчык даволі высокі. Таму нельга не назваць проз­вішчы вопытных, высокакваліфікаваных педагогаў. Больш за 30 год працуе майстрам вытворчага навучання Пётр Сямёнавіч Коршун.

— Дысцыплінаваны, адказны, старанны педагог. Яго любяць дзеці, паважаюць калегі. Сёння цяжка сказаць, колькі чалавек ён навучыў кіраваць аўтамабілем. Ведаю, што многія вельмі ўдзячны Пятру Сямёнавічу за цярплівасць, тактоўнасць, уважлівасць, — зазначае Н. М. Гірына. — А вось Васіль Васільевіч Малевіч з Крывіцкага філіяла займаецца са школьнікамі, якія набываюць спецыяльнасць трактарыста-машыніста. Ён і тэорыю выкладае, і практычныя заняткі праводзіць. Педагогу таксама вопыту і навыкаў не пазычаць.

Шмат добрага расказала дырэктар і пра майстроў вытворчага навучання Мікалая Мікалаевіча Місуну, Пятра Іванавіча Герасімовіча. Імкнецца не адставаць ад прафесіяналаў і моладзь. Удзячных слоў заслугоўвае Яўген Генрыхавіч Тышко, які і тэарэтычны курс аўтамабіляў выкладае, і займае пасаду намесніка дырэктара. Майстар вытворчага навучання Юрый Баляслававіч Белы летам працаваў памочнікам камбайнера ў ААТ «Сват­кі». Разам з камбайнерам Уладзімірам Мікалаевічам Швайкоўскім яны першымі ў раёне дасягнулі 1000-га намалоту збожжа.

— Адзначце Дзмітрыя Мікалаевіча Паследа. У нашым калектыве ён трэці год, але стараннем і бездакорнымі адносінамі да выканання службовых абавязкаў заваяваў аўтарытэт і павагу калег, навучэнцаў, — дадае дырэктар. — Шчырыя словы падзякі хачу сказаць і ў адрас Івана Феліксавіча Гапановіча.

Сама Наталля Міхайлаўна не навічок у калектыве. Педагог першай кваліфікацыйнай катэгорыі, са стажам працы 17 год, пяты год працуе на пасадзе дырэктара. Да даручанай справы адносіцца з вялікай адказнасцю, перажывае за кожнага навучэнца, за кожнага педагога.

На здымку: майстар вытворчага навучан­ня Д. М. Паслед і навучэнец Віталь Кіш­чыц, які набывае спецыяльнасць вадзі­целя аўтамабіля катэгорый «В» і «С».

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

Фота Таццяны Несцярэнкі.