Працуюць з агеньчыкам дабрыні і спагады

240

1СТАЛА ўжо добрай традыцыяй штогод першую нядзелю кастрычніка прысвячаць настаўнікам, тым людзям, дзякуючы якім пачынаецца дарога ў самастойнае жыццё, у прафесію, да высокіх дасягненняў і здзяйснення мар. Настаўнік… У кагосьці за гэтым словам усплывуць успаміны пра няўрымслівага, творчага, апантанага, цярп­лівага і неабыякавага настаўні­ка пачатковых класаў, такога, як Г. А. Савасцян (Мядзельская СШ №1), М. І. Руткевіч (СШ №2 г. Мядзел), Д. В. Шапель (Свірская СШ), Н. І. Пяшко (Нарацкая СШ №2), М. Г. Шарай (Нарацкая СШ №1). А хтосьці ўзгадае сярэдні школьны ўзрост і патрабавальнага, высока­прафесійнага, строгага, але справядлівага і сучаснага настаўніка. Менавіта такімі з’яўляюцца А. В. Колтан (гімназія-інтэрнат г. Мядзел), А. К. Кумішча (Старлыгскі дзіцячы сад-сярэдняя школа), Я. В. Дземідовіч (Будслаўская СШ), С. М. Карабейнік (Старагабскі дзіцячы сад-сярэдняя школа), Г. К. Тачыцкая (Сваткаўская СШ), А. П. Місун (Княгінінская СШ), А. П. Крыўко (Слабодская СШ), А. С. Ермаковіч (Кры­віцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа).

Напэўна, знойдуцца і тыя, у каго за словам настаўнік узгадаецца цэлы педагагічны калектыў — дружны, зладжаны і мэтанакіраваны. Напрыклад, калектыў Камароўскай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам Т. В. Урбановіч, у якім побач з педагагічнай дынастыяй Драўніцкіх шчыруе шэраг настаўнікаў — ураджэнцаў і выпускнікоў гэтай жа ўстановы адукацыі. А можа гэта будзе Пузыроўскі вучэбна-педагагічны комплекс, дзе ва ўтульным сучасным будынку хапае месца і дашколь­нікам, і вучням, дзе з пакалення ў пакаленне перадаюцца асновы педагагічнага майстэрства. А тыя, каго лёс звязаў з Нарацкай СШ №2 (дырэктар Г. В. Крыштафовіч) па вучобе або працы, з гонарам ад­значаць, што школа на працягу многіх год з’яўляецца лідарам у сістэме адукацыі раёна. Вось і па выніках мінулага навучальнага года яна прызнана пераможцай у намінацыях «Лепшы ў арганізацыі вучэбнага працэсу», «Лепшы ў інфарматызацыі» ў спаборніцтве «За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі». Дарэчы, па выніках гэтага ж спаборніцтва пераможцамі ў намінацыях «Лепшы ў фінансава-гаспадарчай дзейнасці» прызнаны Сырмежскі дзіцячы сад-сярэдняя школа (дырэктар Л. М. Арэхава), «Лепшы ў арганізацыі метадычнай і кадравай работы» — гімназія-інтэрнат г. Мядзел (дырэктар
В. П. Клімовіч). Гэтыя ўстановы адукацыі ў адпаведных намінацыях і па сталічнай вобласці ўвайшлі ў дзясятку правафланговых. А вось сярод устаноў дашкольнай адукацыі такую ганаровую пазіцыю забяспечыў сабе цэнтр развіцця дзіцяці к.п. Нарач пад кіраўніцтвам Л. А. Бурай.

Зразумелая справа, на пустым месцы не можа быць важкага выніку. Падмуркам для сучаснага развіцця кожнай установы з’яўляецца непарыўная сувязь пакаленняў, захаванне традыцый і перадача прафесійнага і жыццёвага вопыту. І таму частымі гасцямі школьных мерапрыемстваў з’яўля­юцца ветэраны педагагічнай працы:
З. І. Лубешка, І. В. Шаблыка, Н. І. Дуксо, В. У. Бычкоўскі, К. М. Козырава, З. М. Карпей, Т. І. Дзедзюль, Т. І. Бельская, І. М. Мік­лушова і іншыя. Сярод іх настаўнікі і кіраўнікі, але кожны і сёння захаваў у сваёй душы агеньчык дабрыні, спагады і жадання падтрымаць тых, хто хоча вучыцца.

Сапраўды, кожны з 720 спецыялістаў педагагічных прафесій, якія працуюць у 34 установах адукацыі азёрнага краю, заслугоўвае добрых слоў і падзякі ў дзень прафесійнага свята. Кожны з іх робіць свой унёсак у агульную справу — забеспячэнне якасці адукацыі на ўсіх ступенях навучання і выхавання. Сучасны педагог — гэта прафесіянал, які знаходзіцца ў пастаянным пошуку, крочыць у нагу з часам, хутка рэагуе на змены ў грамадскім жыцці і навуковай сферы, што дазваляе вырашаць складаныя і маштабныя адукацыйныя задачы. І як вынік агульных намаганняў — рост рэйтынгу адукацыі Мядзельшчыны, выніковасць працы з адоранымі і таленавітымі дзецьмі.

Шчыра віншую педагогаў з прафесійным святам. Жадаю творчасці, здароўя, натхнення, узнёслага настрою, упэўненасці, няўрымслівасці, цярпення, шчырай улюбёнасці ў сваю прафесію, вучняў і выхаванцаў. Няхай Ваша добрасумленная праца прыносіць задавальненне і спрыяе ўмацаванню і развіццю, павышэнню прэстыжу нашай роднай Мядзельшчыны.

І. РАГОЎСКАЯ.

Начальнік аддзела адукацыі.