«29 добрых спраў» — так называецца дабрачынная акцыя, якую ініцыявала галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінаблвыканкама. Усе 29 дзён лютага ўстановы адукацыі, у тым ліку і на Мядзельшчыне, будуць наведваць выпускнікі, якія дабіліся пэўных поспехаў у жыцці, шэфы, спонсары з мэтай выказаць удзячнасць і аказаць матэрыяльную дапамогу школам.
Самыя першыя прынялі ўдзел у акцыі і аказалі знакі ўвагі сваім установам адукацыі выпускнікі, якія ў суботу прыйшлі на вечары сустрэч. Як паведаміла начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Ефімава, усяго школы наведалі 1113 выпускнікоў. Падарункаў уручана больш чым на 9 тысяч рублёў.
Напрыклад, Мядзельская СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі прыняла ад удзячных былых вучняў грашовы сертыфікат, магнітна-маркерную дошку і тэлевізар. Сваткаўская ўстанова адукацыі атрымала спартыўны інвентар, а Старагабская — грашовы сертыфікат і бесправадны тэлефон. У Крывіцкім вучэбна-педагагічным комплексе на памяць аб выпускніках застанецца камп’ютарны манітор і два радыёмікрафоны, у Будслаўскай школе — інвентар для ўборкі, а ў Слабадской — насценны гадзіннік, набор посуду і электрачайнік. У Нарацкай СШ №2 выпускнікі ўручылі экспанаты для музея гісторыі школы, што нядаўна адкрыўся.
Далучайцеся! Добрыя справы рабіць ніколі не позна!