Пакарэнне новай вяршыні ў Аксаны Колтан — наперадзе

218

resize-of-p6200172Ці думала калі-небудзь Аксана Валер’еўна Колтан, што менавіта яе прозвішча будзе названа ў ліку лепшых педагогаў Мінш­чыны? Ці спадзявалася, што лёс прынясе ёй такі нечаканы сюрпрыз? Сапраўды, у гісторыі нашага раёна гэта пакуль адзіны выпадак, каб прадстаўнік Мядзельшчыны заняў ганаровае другое месца на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства «Настаў­нік года».  А за правядзенне ад­крытага ўрока яна ўвогуле атрымала спецыяльны прыз — хрустальнага бусла, з гонарам праславіўшы далёка за межамі зямлі Нарачанскай імя педагогаў легендарнага краю.

Аксана заканчвала ў свой час Мядзельскую школу, у вучобе вызначалася стараннасцю. Ёй  аднолькава лёгка даваліся ўсе ўрокі. І калі б не былі адменены ў той перыяд сярэбраныя медалі, яна б закончыла дзесяцігодку менавіта з ім. З усіх прадметаў ёй найбольш падабалася гісторыя. А любоў да яе, як яна лі­чыць, прывілі любімыя настаў­нікі: гісторыі — Фаіна Аркадзьеўна Лук’яновіч і грамадазнаўства Канстанцін Арсеньевіч Каратай. Іх абоіх з пяшчотай і любоўю ўспамінае педагог і зараз.

Пасля заканчэння школы Аксана паступіла вучыцца ў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Аркадзя Куляшова. На працягу ўсёй вучобы старанна займалася, а таму пастаянна атрымлівала павышаную стыпендыю. Яе курсавыя работы заўсёды вызначаліся арыгінальнасцю і дакладнасцю, а іх аўтара кожны раз ставілі ў прыклад аднакурс­нікам. Яшчэ студэнткай удзельнічала Аксана ў раскопках на Лагойшчыне, як і ўсе астатнія праходзіла практыку ў школе…

На радзіму малады спецыяліст вярнулася з дыпломам. Уладкавалася на работу ў Мядзельскую САШ №2. Прапрацавала там 10 гадоў і канчаткова зразумела, што знайшла сябе на педагагічнай ніве, што не ўяўляе свайго жыцця без школы, сваіх вучняў. І калі ў 2004 годзе ў райцэнтры адкрывалася гімназія, Аксане Валер’еўне таксама прапанавалі туды пайсці. Жанчына ахвотна згадзілася, бо не баялася цяжкасцей, крочыла па жыцці ўпэўнена. Чатыры гады адпрацавала яна намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, затым яшчэ год — намеснікам дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце. А калі гэту пасаду скарацілі — стала проста настаўнікам гісторыі.

Работа ў гімназіі, па меркаванні Аксаны Валер’еўны, на парадак адрозніваецца ад звычайнай школы. Так і павінна быць, бо тут сабраны дзеці, якія маюць здольнасці і хочуць вучыцца. А таму і працуючыя з імі настаўнікі, каб праводзіць заняткі цікава, на высокім узроўні, павінны і самі быць эрудыраванымі людзьмі. У наш час цяжка абысціся без камп’ютара. Напрыклад, мая суразмоўца з ім на ты. Яна пастаянна выкарыстоўвае на ўроках уласныя прэзентацыі на культурныя і гістарычныя тэмы, паказ фрагментаў фільмаў, іншыя інтэрактыўныя метады, якія дапамагаюць прыцягнуць у працэс абмеркавання  той ці іншай тэмы гімназістаў. Калі з меншымі дзецьмі педагог найчасцей выкарыстоўвае гульнявыя моманты, то са старшакласнікамі — элементы аналізу, параўнанняў, сінтэзу. На ўро­ку адбываецца  своеасаблівы дыялог настаўніка з вучнямі. Яны разам разважаюць, вучацца думаць, выказваць меркаванні, адстойваць свой пункт погляду. І гэта дзятве падабаецца.

Як у свой час сама, так зараз пад уплывам Аксаны Валер’еўны многія вучні звязваюць жыццё з гісторыяй. Займаецца навуковай дзейнасцю яе былая вучаніца з САШ №2 г. Мядзел Ірына Кавяка. Вучацца на гістарычных факультэтах розных вышэйшых навучальных устаноў Аляксей Клямята, Таццяна Цяляк… Адна сёлетняя  выпускніца гімназіі  таксама збіраецца стаць гісторыкам, чаму педагог ад душы рада.

Аксана Валер’еўна захапляецца дызайнам. Нават курсы закончыла, каб больш ведаць пра сваё хобі. Яна шмат чытае. Прычым не толькі гістарычныя кнігі, але і творы мастацкай  літаратуры. Любімыя пісьменнікі — Уладзімір  Караткевіч, Барыс Пастэрнак… А яшчэ вельмі падабаецца Аксане Валер’еўне падарожнічаць. Не так даўно ездзіла ў Польшчу, дзе наведвала Тур, Гданьск, пабывала ў замку крыжаносцаў. Дарэчы, свае ўражанні ад знаёмства з новымі цікавымі гістарычнымі месцамі, а таксама ўласныя фотаздымкі педагог выкарыстоўвае на ўроках гісторыі. Захапляецца таксама
А. В. Колтан спортам, любіць хадзіць у паходы. Гэта, па яе меркаванні, дазваляе трымаць сябе пастаянна ў форме, быць энергіч­най, бадзёрай.

Пацікавілася ў Аксаны Ва­лер’еў­-
ны, што найбольш ёй запомнілася з абласнога конкурсу «Настаў­нік года-2011»? І тут жа пачула, што шмат прыемных хвілін пакінула ў душы сама цырымонія ўзнагароджання, калі адчувала гонар і за сябе, і за сваю родную Мядзельшчыну, якую там дастойна прадставіла. А ўвогуле педагог адзначыла, што, каб удзельнічаць у такога роду мерапрыемствах, патрэбна быць вынослівым, ва­лявым чалавекам, умеючым валодаць сваімі пачуццямі, эмо­цыямі і паводзіць сябе дастойна ў любой сітуацыі.

— Конкурс — гэта выпрабаванне, і ў ім перамагае мацнейшы, — адзначыла мая суразмоўца. — Я асабіста атрымала ад яго задавальненне. Пастаралася паказаць суддзям усё, што магу, умею. Радуе, што журы мае памк­ненні зразумела і ацаніла належным чынам. Што датычыць канкурсантаў, то ўсе, як адзін, — людзі кампетэнтныя, граматныя, адданыя педагогіцы і дзецям, а  таму між намі было поў­нае ўзаемаразуменне.

Вельмі высокую ацэнку атрымаў урок, які правяла педагог з сямікласнікамі Бараўлянскай школы. Па яе словах, гэта была звычайная школа са звычайнымі вучнямі. Аднак, хоць і працавалі яны з незнаёмым настаўнікам, але паводзілі сябе надзвычай актыўна: выходзілі да дошкі, выказвалі свае ідэі, адстойвалі іх, аналізавалі матэрыял, рабілі высновы. Зацікавіць вучняў дапамаглі праведзеныя на ўроку дзве дзелавыя гульні, прэзентацыя, паказ філь­ма, а таксама ўвязванне матэрыялу далёкай мінуўшчыны з сучасным жыццём праз выбар прафесіі. Яскравае сведчанне таго, што прайшоў ён цікава і адметна — спецыяльны прыз конкурсу.

Цяпер мядзяльчанка рыхтуецца самым сур’ёзным чынам да ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе «Настаўнік года-2011», які адбудзецца ў верасні бягучага года, дзе яна будзе адстойваць гонар Міншчыны. Аксана Валер’еўна настроена па-дзелавому і пастараецца праявіць сябе, наколькі ёй гэта ўдасца. Мы ж, у сваю чаргу, шчыра зычым зямлячцы поспехаў і ўдачы. Яны ёй сапраўды вельмі-вельмі патрэбны.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: Аксана Валер’еўна Колтан.

Фота Таццяны Несцярэнка.