Падарожжа за новымі ўражаннямі

169

Падарожжа за новымі ўражаннямі“У ПРИРОДЫ нет плохой погоды…” — суцяшалі сябе радкамі вядомай песні, збіраючыся ў паездку. З надзеяй паглядвалі на неба, адкуль, як з дзіравага рэшата, сыпаў дождж. Але ці ж гэта сапсуе настрой, калі наперадзе экскурсія ў Мінск з цікавай праграмай. Мы зайшлі ў чысты, цёплы аўтобус, дзе нас ветліва сустрэў вадзіцель Генадзь Баўтрамовіч. Ён цярпліва і ўважліва адносіўся да нас на працягу ўсяго падарожжа.

Першым пунктам нашай праграмы быў гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”. Якраз дождж перастаў, выглянула лагоднае асенняе сонейка. Наш настаўнік Міхаіл Іосіфавіч Качарго ўзяў на сябе ролю экскурсавода і пазнаёміў з экспанатамі выставы, расказаў пра гісторыю стварэння комплексу, што ён уяўляе сабой зараз. Мы разглядвалі тэхніку ваенных гадоў, танкі, доты. Нам цяжка ўявіць тыя часы, але, убачыўшы такую грозную сілу, шчыра парадаваліся, што над намі чыстае мірнае неба.Далей шлях пралягаў да Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, які размясціўся ў маляўнічым кутку аднайменнага парку Мінска на беразе ракі Свіслач. Шчыра кажучы, не думалі, што там можа быць цікава. Але мілагучная мова экскурсавода зачаравала. Яна ўмела павяла размову, задавала пытанні. Аказалася, што мы столькі ведаем пра Купалу! І ў той жа час пачулі шмат новых для нас момантаў з жыцця паэта. У адным з пакояў нам выдалі 3D акуляры, і ўсе апынуліся на свяце “Купалле”. У другім пакоі трапілі ў “тэатр”: там знаходзіўся макет сцэнічнага афармлення спектакля “Паўлінка” у пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. З цікавасцю разглядалі асабістыя рэчы паэта, яго фотаздымкі. Мы як бы акунуліся ў тагачасную атмасферу, уявілі асяроддзе, у якім жыў Купала. А далей, з дапамогай усё тых жа акуляраў, нам далі магчымасць адчуць сябе парашутыстамі: перад вачыма плылі аблокі, здавалася, што ляціш высока ў небе: “Мой мілы таварыш, мой лётчык, вазьмі ты з сабою мяне…”

З музея выйшлі пад вялікім уражаннем. Гуляючы па парку, абмяркоўвалі ўбачанае, пачутае. Пад нагамі шапацела лісце, сонца адлюстроўвалася ў водах Свіслачы. Весела пераскоквалі з дрэва на дрэва гарэзлівыя вавёркі. Столькі іх разам ніхто з нас не бачыў. Настрой быў цудоўны. Часу хапала, таму наведаліся ў царкву Крупецкага абраза Божай Маці прыхода Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Там, у цішы, кожны шаптаў нешта сваё патаемнае, звяртаючыся да нябёсаў.

Апошняй станцыяй падарожжа быў цырк. І не просты, а цырк на лёдзе. Перад пачаткам прадстаўлення даведаліся, што ў праграме аўстралійскага шоу перад намі выступяць шматразовыя чэмпіёны свету па фігурным катанні з Новай Зеландыі, Аўстраліі, Канады, артысты цырка Кітая, паветраная гімнастка з Канады, артысты з Італіі, Расіі, дрэсіраваныя папугаі, а таксама ўбачым паветраны палёт “Піраты” у выкананні беларусаў. Выступленне артыстаў цырка было яркім, цікавым, захапляльным. А на пытанні клоўна ўсе хлопалі, тапаталі і адказвалі так, каб ён пачуў менавіта нас.

Назад ехалі з прыўзнятым настроем, спявалі песні.

За цікавае і змястоўнае падарожжа хочацца сказаць шчырыя словы падзякі аддзелу адукацыі, спорту і турызму за выдзелены аўтобус, а таксама кіраўніцтву мясцовай гаспадаркі ў асобах Ю. Гердзея і У. Бабкевіча за аказанне матэрыяльнай дапамогі ў арганізацыі экскурсіі.

Анастасія ФЕДАРЭЦ,

Наталля ЛУК’ЯНЕЦ.

Вучаніцы 7-га класа Слабодскай СШ імя А. Гурыновіча.