Настаўнік з вялікай літары

224

Бываюць людзі, як зоркі, гараць ярка, далёка бачны і чутны, пра іх усе ведаюць. А бываюць, як агеньчыкі, свецяць няярка, але вельмі добра грэюць таго, хто побач. Такім агеньчыкам, сціп­лым і светлым, з’яўляецца ветэран педагагічнай працы Алена Адольфаўна Канчанін. Яе не бачылі на высокіх трыбунах, ёй не давалі высокіх узнагарод і не прысвойвалі высокіх званняў. Але ўвесь свой працоўны шлях яна з гонарам несла званне сапраўднага настаўніка, вялікага знаўцы свайго прадмета, справядлівага выхавальніка сваіх вучняў, шчырага чалавека, мудрага дарадцы, скрытага гумарыста.

Да аднаго з дзён нараджэння Алены Адольфаўны настаўніца рускай мовы і літаратуры Г. П. Рызгунская склала такія радкі:

Гэта пані з-за граніцы,

З-за альшэўскай камяніцы,

З-за блакітных тых азёр,

Родны дзе той Бялы Двор.

I з-за тых, з-за сініх гор

Ходзіць так да гэтых пор

На высокіх каблуках

З геаграфіяй у руках.

Але да геаграфіі ў нашай школе было яшчэ Альшэва, дзе пасля заканчэння Полацкага педвучы­лішча ў 1962 годзе Алена Адольфаўна працавала настаўніцай пачатковых класаў, хіміі, фізікі, гісторыі, геаграфіі, спеваў, была піянерважатай, з мандалінай у руках арганізоўвала і школьныя святы, і ў вёсцы. Гэта ўсё і прымусіла маладую настаўніцу шукаць сабе іншага занятку, больш сталага і нейкага аднаго.

І вось з родных мясцін, са свайго Бялага Двара, дзе прайшло дзяцінства, які, як у вяночку, раскінуўся на ўскрайку лесу, што цягнецца аж да Кабыльніка, дарога прывяла яе ў нашу вёску. А тут сустрэча з Ірынай Эдуардаўнай Янкоўскай, якая падгаварыла паехаць паступаць у БДУ: удваіх смялей. Так і вучыліся разам: адна — на настаўніцу біялогіі, другая — геаграфіі. Напярэдадні заканчэння вучобы ў 1966 годзе загадчык аддзела адукацыі прапанаваў пайсці дырэктарам школы (у якую — Старлыгі ці Засвір — Алена Адольфаўна цяпер не памятае, ды і тады не надта запамінала, бо ісці на такую важную пасаду не збіралася).

У 1967 годзе, скончыўшы БДУ, прыехала ў Нарацкую школу. Дырэктар М. I. Субач накіраваў яе на выпрабавальны тэрмін у інтэрнат на паўстаўкі і выкладаць геаграфію. З той пары і пачалася  праца  па спецыяльнасці.

Шчыравала, рыхтавалася да ўрокаў, шукала свае, цікавыя формы і метады работы з вучнямі. Геаграфію любілі, педагога паважалі за справядлівасць.

Шмат разоў давялося маладой тады яшчэ настаўніцы лавіць у дзвярах школы пасляўрочнікаў, каб іх чамусьці навучыць. Усё давала вынікі. Геаграфію ведалі добра, многія юнакі і дзяўчаты выбралі пасля гэты прадмет сваёй прафесіяй на ўсё жыццё. Сярод іх Толя Цяляк, Зоя Цяляк (Шчарбіцкая), Лена Цімаховіч, Лена Ціхановіч, Вася Захарчук, Вольга Кабяк, Лена Рудзік, Лёша Шкуратаў, Таня Навіцкая. Здзіўляешся, як памятае Алена Адольфаўна ўсіх сваіх вучняў. Яны для яе назаўсёды яе дзеці, а сваіх забыць цяжка.

А колькі турысцкіх сцежак пройдзена са школьнікамі ў час паходаў, часцей за ўсё ў свой бок, у родныя мясціны: Лынтупы, Свянцяны, Блакіт­ныя азёры, Браслаўскія азёры. Праца на калгасным полі, паездкі, экскурсіі з лагерам працы і адпачынку — усё гэта было.

I ў сваёй прафесіі Алена Адольфаўна была лепшай. Шмат гадоў кіравала яна раённай секцыяй настаўнікаў геаграфіі, карысталася павагай калег па працы з Мядзельшчыны, у школе стварыла добры кабінет геаграфіі, вяла назіранні за надвор’ем, цікавілася навуковымі адкрыццямі на Нарачанскай біястанцыі, знаёміла з імі вучняў.

Па просьбе бацькоў у школе быў адкрыты факультатыў па вывучэнні польскай мовы, вучыла чытаць і гаварыць па-польску каля 50 дзетак. Цікава, што ў самой настаўніцы ў атэстаце насупраць прадмета замежная мова пазначана «не вывучала». Іншымі не валодае, а вось польская, як родная, блізкая — за ўсімі перакладамі з польскай ідзём да Алены Адольфаўны.

Многа цёплых слоў можна сказаць пра гэтага чалавека, настаў­ніка з вялікай літары, падзякаваць за дапамогу, разуменне, цярпенне. А ў гэтыя восеньскія дні пажадаць здароўя, аптымізму на доўгія гады, захаваць свой шчыры, цёплы гумар, заставацца сябрам для нас.

Т.  Кальчынская.

Старшыня прафкама

Нарацкай СШ №1.