На добрую долю, ураджай, здароўе і плён — як шасцікласнікі калядавалі ў гімназіі-інтэрнаце Мядзела

91

Мы — шасцікласнікі гімназіі-інтэрната з класным кіраўніком — вырашылі аднавіць звычай калядавання ў сваёй навучальнай установе. У першы дзень пасля канікул пайшлі калядаваць… па гімназіі. У групе калядоўшчыкаў былі зорканоша, механоша, музыка, песеннік, каза, мядзведзь, цыганка і галоўная калядоўшчыца — наш класны кіраўнік Вікторыя Вячаславаўна Сяклюцкая. Падрыхтавалі сапраўдную калядную імпрэзу — з вершамі, жартамі, варажбой, зычаннямі, выступленнем казы і пацехай ад мядзведзя. Пасыпалі гледачоў жытам — на добрую долю, ураджай, здароўе і плён.

Адзінаццацікласнікам жадалі ўдалага паступлення. У адказ у наш мех складалі салодкія прысмакі. Пачалі калядаваць з восьмага класа. Калі толькі ўвайшлі, стала крыху вусцішна. Ці атрымаецца? Але сустрэлі нас вельмі прыязна. Задаволеныя і акрыленыя, мы абыйшлі ўсе класы. Самая бурная рэакцыя была ў пятага класа. Рабяты былі прыемна здзіўлены, уражаны, узрадаваны і далі нам больш за ўсіх пачастункаў.

Мы зайшлі і ў настаўніцкую, паваражылі кожнаму педагогу. Выступленне спадабалася ўсім. Мы таксама задаволеныя. Заробленыя пачастункі падзялілі паміж сабой. Думаю, народныя традыцыі трэба захоўваць: яны такія вясёлыя! Да сустрэчы ў наступным годзе!

На добрую долю, ураджай, здароўе і плён - як шасцікласнікі калядавалі ў гімназіі-інтэрнаце Мядзела

Кацярына ПЕТРУКОВІЧ, вучаніца 6 класа гімназіі-інтэрната г. Мядзела.

 

 

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 19.01