Мядзельскі Дом дзіцячай творчасці запрашае да сябе таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак

278

resize-of-d0bcd0b0d0bbd18cЯкраз у гэтыя дні раённы Дом дзіцячай творчасці ажыццяўляе набор малодшых школьнікаў для заняткаў у разнастайных гуртках. Таму, калі ў вашага дзіцяці ёсць схільнасць да таго ці іншага віду мастацтва альбо яўнае жаданне авалодаць ім, калі ласка, прыходзьце па адрасе ў райцэнтры: вуліца Шаранговіча, дом 10. Вабіць не стану, але скажу: там нават лепш, чым у казцы! Па меншай меры, такія высновы можна было зрабіць пасля нядаўняга правядзення самапрэзентацыі ўстановы ў рамках тыдня пазашкольніка.

Чаму так вырашыла? Ды нават знакаміты Карл­сан пакінуў дацкую страху, каб наведаць блакітны дом у Мядзеле. На сцэне Дома культуры (там праходзіла мерапрыемства) мужчына ў самым росквіце сіл прызнаўся, што за мяжой яму стала не цікава, а падарожныя падказалі, быццам у ДДТ ёсць чым заняцца. А тут яшчэ на шляху патрапіўся Чырвоны Капялюшык, дзяўчынка таксама збегла з казкі ў пошуках цікавага жыцця і патрапіла ў Мядзел: зараз у яе кошыку не пахучыя піражкі для бабулі, а прыгожыя сурвэткі — у Доме дзіцячай творчасці яна навучылася вязаць шыдэлкам і запрасіла дзетак надалей скласці ёй кампанію. Пацвердзіла перавагі рэчаіснага жыцця і Папялушка: у казцы яна толькі аднойчы патрапіла на баль, а ў Доме дзіцячай творчасці танцаваць можна ледзь не кожны дзень — варта толькі запісацца ў танцавальны гурток. А вось Мальвіна выказалася наконт прыгожага жыцця: менавіта з прыходам у ДДТ яе будні сталі казачна зіхатлівымі — блакітнавалосая дзяўчынка навучылася бісерапляценню і стала першай модніцай. У адказ на натхнёны аповед сяброўкі наконт біжутэрыі Бураціна прадэманстраваў карціны, напісаныя ўласнымі рукамі, — зараз ён не проста гарэза, а амаль сапраўдны мастак.

Словам, жыццё ў ДДТ — ні ў казцы сказаць, ні друкаваным радком апісаць: цікавае, карыснае, вясёлае. Так-так, весяліцца там таксама здорава ўмеюць. Падчас правядзення забаўляльнай гульні, здавалася, глядзельная зала вось-вось «узарвецца» ад дзіцячага запалу. Хаця… не толькі дзіцячага (гэта я мяркую па сабе).

Дарэчы, арганізавалі мерапрыемства ўдзель­нікі тэатральнага гуртка. І за гэта ім асобнае дзякуй. Вельмі ўжо ўдалай была прэзентацыя. Як і дарэчы аказаліся словы метадыста Я. С. Чарняўскай, якая прывітала юных гледачоў і запрасіла іх у краіну творчасці і дзяцінства.

Юлія ДЗЕВЯЛТОЎСКАЯ.