Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь

202

МЫ жывём у Беларусі. Верым у яе светлую будучыню і вывучаем гісторыю. Менавіта пра гэта ішла размова на ранішніку, які называўся «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь».

Распачаўся ён чытаннем вершаў, прысвечаных нашай краіне. Артыстычна з гэтым справі­ліся Ліза Марчанка, Алеся Дрозд, Ліза Ку­роўская, Вольга Лавец, Віялета Мядзельская. Але якое знаёмства з краем без цікавага экскурсу ў гісторыю. Яго зрабілі Алеся Дрозд, Аляксандр Свідовіч і Ігар Рабінок.

Потым размову прадоўжыў нястомны краязнаўца І. П. Драў­ніц­кі. Яго аповед называўся «Славутыя людзі, якія пабывалі ў нашай мясцовасці». Асобную размову распавёў краязнаўца пра графа Станіслава Хамінскага, які больш сарака год жыў у Альшэве, дзе меў маёнтак. Памёр ён у 1886 годзе і пахаваны ў цвінтары Канстанцінаўскага касцёла.

Двойчы наведваў нашы мясціны Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы, першы сакратар ЦК КПБ Пётр Міронавіч Машэраў. Гэты чалавек быў найбольш папулярны сярод кіраўнікоў савецкай Беларусі, карыстаўся ўсенароднай павагаю. За час яго кіравання наша краіна дасягнула вялікіх поспехаў у раз­віцці эканомікі, навукі і культуры. Вось як узгадвае першы прыезд Пятра Міронавіча пастух з фермы «Куцькі» Аркадзь Сінько:

— Мы пасвілі статак непадалёку ад гасцінца Полацк — Віль­нюс. Бачым, насупраць нас на дарозе прыпыніўся эскорт легкавушак. З адной выйшаў высокі чалавек і ў суправа­джэнні яшчэ траіх падышоў да нас. Мы падумалі, што яны хочуць спытаць у нас дарогу. Чалавек, які выйшаў першым, прывітаўся за руку з кожным з нас, распытаў пра надоі, працу, заробак, пра ўмовы жыцця. Толькі потым па фотаздымках мы здагадаліся, што гэта быў Пётр Міронавіч Машэраў.

Да другога візіту кіраўніка рэспублікі рыхтаваліся старанна: наводзілі парадак на фермах, ля дарог. Ведалі, што ён будзе цікавіцца ходам уборкі ўраджаю. З’явіўся Пётр Міронавіч у Альшэўскай брыгадзе з іншага боку палявой дарогі. Прайшоў за адным камбайнам, другім, трэцім. Раптам убачыў, што з аднаго прасыпаецца зерне. Ён спыніў яго, скінуў пінжак, закасаў рукавы і пачаў шукаць прычыну…

Двойчы наведваў на­шы мясціны ця­пераш­-
ні Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Першы раз ён сустракаўся з жыхарамі вёскі Камарова і іншых навакольных населеных пунктаў. А ў час другога візіту наведаў прыродны комплекс «Блакітныя азёры», пагутарыў з жыхарамі вёскі Грумбіненты.

Прыгожым, заключным акор­дам гэтага ранішніка была мелодыя песні на словы Якуба Коласа «Мой родны кут». На экране засвяціліся мілыя сэрцу краявіды. Застаецца дадаць, што падрыхтавалі гэта мерапрыемства са сваімі вучнямі настаўнікі Рэгіна Эдуардаўна Ціхая і Людміла Францаўна Грумбянін. Думаецца, што кожны з прысутных глыбока ўсвядоміў, што ён з’яўляецца грамадзянінам светлай, прыгожай і мірнай краіны, якая называецца Беларусь.

Аляксандр СВІДОВІЧ,

Вольга ЛАВЕЦ.

Вучні 7 класа

Камароўскай сярэдняй школы.