Шэсцьдзесят пяць год таму пранізлівым гукам стральбы нашы дзяды і прадзеды наўрад ці радаваліся (за выключэннем залпаў у гонар Вялікай Перамогі). Не натхнялі іх і кідкі гранат. Хіба толькі «Кацюшу» зладжаны атрад зацягваў гэтак жа шчыра і пранікнёна. А вось вучням школ раёна прыкласціся да вінтоўкі днямі было за радасць, ды і ў кіданні вучэбных снарадаў бачыўся запал… І дзякуй Богу, што ў юнакоў і дзяўчат быў такі настрой, дзякуй ветэранам за мірнае неба і шчаслівае сучаснае. За тое, што раённыя маладзёжныя ваенна-спартыўныя патрыятычныя гульні «Бастыёны мужнасці», «Арляня», «Зарніца» зараз з’яўляюцца святам, а не жудаснымі рэаліямі.
Вышэйназванае мерапрыемства адбылося на базе сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №2 райцэнтра. Удзел у ім прыняло 20 каманд. Арганізатарамі гульняў выступілі аддзелы па справах моладзі, адукацыі, фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, раённы ваенны камісарыят, аддзелы па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў, раённыя арганізацыі БРПА, БРСМ, ДТСААФ.
Як мае быць, распачалі з урачыстага пастраення і прывітальных слоў галоўнага суддзі спаборніцтваў ваеннага камісара раёна падпалкоўніка А. Л. Радкевіча.
— Дарагія дзеці! Вельмі прыемна, што з года ў год мы сустракаемся на ваенна-спартыўным свяце і працягваем традыцыю яго правядзення, — звярнуўся Алег Леанідавіч. — Сімвалічна, што дадзенае мерапрыемства праходзіць напярэдадні майскіх святаў і сёлета папярэднічае 65-ай гадавіне Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Упэўнены, што ў ходзе спаборніцтваў вы
пакажаце высокую падрыхтоўку і парадуеце добрымі вынікамі. Ну, а перамога — рэч такая: дастаецца мацнейшым!
Затым падпалкоўнік даў каманду камандзірам атрадаў далажыць пра гатоўнасць да правядзення ваенна-патрыятычнай гульні. «Атрад, смірна! Раўненне на сярэдзіну!..» — упэўнена, амаль па-даросламу раздавалі каманды юнакі і дзяўчаты, а пасля здавалі рапарты ваеннаму камісару.
Гэтак жа брава адчувалі сябе юныя патрыёты і ў конкурсе агляду строю і песні. Каманды «Налева! Направа! Кругом!» выконвалі зладжана, а вядомую «Аты-баты шли солдаты…» спявалі без адзінай памаркі. Праўда, пакуль адны каманды здзіўлялі музычнымі здольнасцямі і ваеннай вытрымкай, другія дэманстравалі веды ў «Старонках гісторыі Бацькаўшчыны», рашалі білеты па правілах дарожнага руху, стралялі ў ціры з пнеўматычнай вінтоўкі, змагаліся за званне лепшага спартсмена, удзельнічалі ў конкурсе па фігурным ваджэнні веласіпеда. А вось, бадай, самым эмацыянальным этапам спаборніцтваў стала камбінаваная эстафета (яна праходзіла на стадыёне).
І вось баталіі завершаны. Усе зноўку сабраліся ў зале. Прыгожыя, статныя і не па-ваеннаму расхваляваныя ўдзельнікі гульняў з нецярпеннем чакалі вынікаў. Адразу адзначу, што і ў асабістых, і ў агульнакамандных заліках узнагароджаны былі многія: але абмежа-
ванасць друкаванай старонкі не дае магчымасці пералічыць усіх пераможцаў. Таму без крыўды назаву па тры лепшыя каманды ў кожнай гульні і тых, хто перамог у асобных намінацыях. Так, тройка лідэраў у гульні «Арляня» размеркавалася наступным чынам: Будслаўская САШ, Нарацкая САШ №1 і другая школа райцэнтра (яны адпаведна занялі першае, другое і трэцяе месцы). У «Зарніцы» лепшымі сталі вучні Крывіцкага ВПК д/с-САШ, другое і трэцяе месцы дасталіся адпаведна юным жыхарам Старлыг і Занарачы. У гульні «Бастыёны мужнасці» на верхнюю прыступку п’едэстала ўзнялася каманда САШ №2 горада, на другую і трэцюю — школа курортнага пасёлка і вучні са Старых Габаў адпаведна. Што датычыцца асабістых перамог, лепшымі спартсменамі прызнаны вучань Будслаўскай САШ Аляксандр Хацяновіч і Крысціна Шыбко з курортнага пасёлка, самымі трапнымі стралкамі сталі Максім Вяруцін з гімназіі і Вікторыя Паўлоўская з Будслава. Лепшы камандзір атрада — Аляксей Папок (Нарацкая САШ №1). Лепшы веласіпедыст — Ілля Гушча (САШ №1 горад). З рашэннем білетаў па правілах дарожнага руху найлепш справіліся Іван Папкоў (Камароўская САШ) і Ігар Мычко (Старагабскі ВПК д-с САШ).
Не магу стрымаць захаплення ад фінальнай часткі мерапрыемства, да якой быў падрыхтаваны сюрпрыз: з паказальнымі выступленнямі на пляцоўку выйшлі ўдзельнікі
ваенна-спартыўнага клуба «Віцязь» (Будслаў), які працуе пад кіраўніцтвам В. С. Хацяновіча. Дарэчы, зусім нядаўна клубу споўнілася 10 год, з чым будслаўчан і павіншаваў А. Л. Радкевіч.
Юлія ДЗЕВЯЛТОЎСКАЯ.